Новы курс альбо новыя хаўрусьнікі?

Натальля Федаровіч: На травеньскім Сойме Партыя БНФ прыняла рашэньне далучыцца да міжнароднай структуры, што аб’ядноўвае партыі правага і эўрарэалістычнага кірунку – Альянсу Кансэрватараў і Рэфармістаў Эўропы. Што зьмянілася? Чаму ранейшая міжнародная далучанасьць да Эўрапэйскай Народнай Партыі не апраўдала сябе?

Аляксандр Стральцоў-Карвацкі: Нягледзячы на тое, што Партыя БНФ яшчэ ў пачатку 90-х гг. ХХ ст. далучылася да міжнародных структур палітычных рухаў хрысьціянска-дэмакратычнага кірунку, неабходна зазначыць, што такі выбар не быў зроблены «навечна». Час усё расстаўляе на свае месцы. Супраца з партыямі-сябрамі ЭНП вялася ў пэўныя моманты вельмі інтэнсіўна і прыносіла свае вынікі, але пры гэтым існавалі і доўгія пэрыяды апатыі і бязьдзейнасьці.

Н.Ф.: Што за гэтым стаяла? Вядома, што група ЭНП валодае вялікім палітычным і матэрыяльным патэнцыялам, чаму сьведчаньнем наяўнасьць кіруючых партыяў у шэрагу краінаў Эўропы, а таксама найвялікшая фракцыя групы сярод іншых палітычных сілаў у Эўрапарлямэнце?

А.С-К.: Так, сапраўды ЭНП валодае немалымі мажлівасьцямі, але хіба неабходна інакш паставіць пытаньне. Ці для такой магутнай групы як ЭНП, лёс нейкай палітычнай сілы ў аддаленай гэаграфічна невялікай краіне па-за межамі Эўразьвязу зьяўляецца істотным аспэктам яе палітычнай стратэгіі і тактыкі? Мы часта пакутуем на свайго роду снабізм, думаючы, што пытаньне ўнутранага ўладкаваньня Беларусі і канстытуцыйнага ладу ў ёй павінны быць першым пунктам парадку дня найважнейшых эўрапэйскіх палітычных сілаў. Гэта вялікае непаразуменьне. Беларусь адыгрывае некаторую ролю ў эўрапэйскай палітыцы, але як гэапалітычны чыньнік, пры ўмове, што дадзены рэгіён знаходзіцца ў цэнтры інтарэсаў магутных гэтага сьвету, што таксама ня ёсьць праўдай, бо больш важнымі зьяўляюцца тыя тэрыторыі, дзе знаходзяцца вялікія прыродныя багацьці. Апошнім часам роля Беларусі ўзрасла толькі «дзякуючы» агрэсіўным дзеяньням Расеі і вайне на Данбасе, у выніку каторай каштоўнасьць нашага «пляцдарму» узрасла. Адпаведна ўзважваючы названыя фактары дзейнічаюць і асноўныя палітычныя групы Эўропы. ЭНП у сваёй усходняй палітыцы схільная да кантактаў з «рэальнымі цэнтрамі сілы» будзе гэта Расея ці Беларусь. Беларуская апазіцыя не знаходзіцца ў стане, каб забясьпечыць чаканыя эўраэлітай палітычныя вынікі, а значыць і супраца паміж «цяжкавагавікамі» з Эўропы і пазбаўленай значнага палітычнага ўплыву апазіцыяй у Менску не выглядае пэрспэктыўна.

Н.Ф.: Якія тады матывы далучэньня да Альянсу Кансэрватараў і Рэфармістаў Эўропы?

А.С-К.: Альянс Кансэрватараў і Рэфармістаў Эўропы (АКРЭ) зьяўляецца адносна новай сілай на палітычным небасхіле Эўропы, хаця сярод яго сябраў ёсьць і партыі з традыцыямі, як да прыкладу брытанскія Кансэрватары. Альянс узьнік як рэакцыя на сумніўную палітыку эўраэлітаў, скіраваную на эканамічны і цывілізацыйны заняпад краін Эўразьвязу. Агульнапрынятым у нас зьяўляецца сьцьверджаньне, што ў інтарэсах Беларусі наяўнасьць «моцнай Эўропы». Пытаньне толькі што мы разумеем пад «моцнай Эўропай»? Большасьць беларускіх палітычных дзеячоў бескрытычна памнажаюць лібэральна-сацыялістычную нарацыю, згодна зь якой «моцная Эўропа» будзе толькі пры глыбейшай ступені інтэграцыі, большых эўраінвэстыцыях, большай уніфікацыі грашовай палітыкі, не прымаючы да ведама, што глыбейшая інтэграцыя мажлівая толькі пры адпаведнай дапасаванасьці эканамічных суб’ектаў, што на яе пагаджаюцца, што яна зьвязана ня толькі з дабротамі і профітамі, але таксама з пэўным самаадмаўленьнем і адказнасьцю. Поўнай жа катастрофай кіруючых эўраэлітаў стала сучасная міграцыйная палітыка, тупіковасьці якой ня бачаць хіба толькі сьляпыя, ці тыя хто сьвядома закрывае вочы. Як раз партыі АКРЭ і выступаюць за палітыку, якая павінна стаць аздараўленьнем Эўропы, узмацненьнем яе суб’ектаў – нацыянальных дзяржаваў, бо толькі моцныя краіны-суб’екты могуць адрадзіць моцную Эўропу. Думаю, што мысьленьне беларускіх палітычных сілаў павінна зьмяніцца і не ісьці толькі згодна з шаблёнам, што палітыкі іншых краін могуць зрабіць для Беларусі, але ісьці ў кірунку, што мы можам зрабіць для Эўропы і Сьвету. Структуры Альянсу дазваляюць гэта зрабіць у поўнай меры. АКРЭ зьяўляецца палітычнай сілай, якая разьвіваецца найбольш дынамічна з існуючых. Толькі за час ад свайго паўстаньня ў 2009 г. Альянс згуртаваў у сваіх шэрагах 24 палітычныя партыі з 20 краінаў, сярод каторых Рэспубліканская Партыя ЗША, Канадзкая Кансэрватыўная Партыя, Партыя Лікуд з Ізраэля і іншыя. Фракцыя Эўрапэйскіх Кансэрватараў і Рэфармістаў у Эўрапарлямэнце налічвае 74 дэпутаты і зьяўляецца трэцяй па сіле пасьля фракцыяў ЭНП і сацыял-дэмакратаў. Таму лічу, што Сойм Партыі БНФ прыняў правільнае рашэньне.