Карта суайчыньніка

У беларускім нацыянальным асяродзьдзі час ад часу ўспыхваюць дыскусіі адносна таго, ці справядліва польская дзяржава ўвяла інструмант «Карта Паляка». Многія бачаць у гэтым інструманце мэханізм «апалячваньня», бо ўладальнік павінен сьцьвердзіць, што ён прыналежыць да польскага народу, вывучыць у нейкім аб’ёме польскую мову і засвоіць веды па гісторыі і культуры Польшчы. Але ці ёсьць сэнс у падобных закідах?

Трэба адзначыць, што ў эпоху глябалізацыі змаганьне вядзецца ня столькі за падпарадкаваньне той ці іншай тэрыторыі, але за «людзкі капітал». Асіміляцыя перастала быць сродкам экспансіі, яе функцыі выконвае цяпер эканамічны ціск. Адпаведна з гэтым галоўнай прычынай атрыманьня Карты Паляка беларускімі грамадзянамі з’яўляецца жаданьне палепшыць эканамічныя ўмовы свайго пражываньня ў Беларусі, альбо зьехаўшы пры дапамозе Карты Паляка ў Польшчу. На дадзены момант выдана каля 70 тыс. Карт Паляка на тэрыторыі Беларусі. Гэтая лічба не дазваляе судзіць, ці шмат беларусаў яе атрымала, бо колькасьць этнічных палякаў у Беларусі, па афіцыйных зьвестках складае каля 300 тыс. чалавек. Толькі, калі б яна перавысіла дадзеную лічбу можна было б адказна сьцьвярджаць, што адбываецца працэс «апалячваньня».

Але падаецца, што ўвогуле наступіў час адмовіцца ад састарэлых парадыгмаў, якія ня спраўджваюцца ў дні сёньняшнім і не забясьпечваюць нацыянальны інтарэс. Пытаньне месцажыхарства ці «прапіскі» перасталі быць актуальнымі ў сьвеце. Беларуса можна сустрэць у Маскве, Піцеры ці Нью-Ёрку і найважнейшым пытаньнем дзяржавы да яго павінна быць ня тое, дзе ён жыве, а тое, што ён робіць для свайго Краю і ці падтрымлівае сувязь зь ім.

Беларусі неабходна выкарыстаць досьвед Польшчы і Вэнгрыі, якія ўвялі адпаведна карты паляка і вэнгра, надаўшы ўладальнікам гэтых дакумэнтаў пэўныя прэфэрэнцыі. Напэўна і нам трэба падумаць аб «Карце суайчыньніка», якая давала б мажлівасьць бесперашкодна наведваць гістарычную Радзіму, весьці тут бізнэс, вучыцца і працаваць, нават, калі асоба ўжо згубіла беларускае грамадзянства.

Партыя БНФ выступае да ўладаў з прапановай распрацоўкі законапраекту, які дазволіў бы ўвесьці нашу «Карту суайчыньніка». Дзякуючы гэтаму мільёны нашых суродзічаў, раскіданых па ўсім сьвеце здолеюць аднавіць свае сувязі з Айчынай і прынесьці для яе карысьць.

Віктар Філіповіч