Моцная сям’я – наш нацыянальны інтарэс

Нацыянальным інтарэсам зьяўляецца трываласьць традыцыйнай сям’і і дэмаграфічны базіс эканомікі. Традыцыйная, шматдзетная сям’я стварае эканамічны падмурак дзяржавы, а гэндэрная роўнасьць разбівае традыцыйны ўклад, не спрыяе падвышэньню нараджальнасьці і такім чынам наносіць ня толькі маральную, але і вымяральную эканамічную шкоду беларускай дзяржаве.

Неабходна задумацца над наступнымі лічбамі. Беларусь выйшла на другое мейсца ў сьвеце па колькасьці разводаў, на 1000 шлюбаў прыходзіцца 875 разводаў. Колькасьць абортаў 27 тыс., але яшчэ ў пачатку 90-х гэтая лічба складала 200 тыс. штогод. Гэта значыць за апошнія 20 год, 2 мільёны беларусаў не нарадзіліся. Мы сягнулі дна крызісу сям’і і сямейных каштоўнасьцяў.

Напрыклад, менавіта таму плятформа Партыі БНФ не носіць назву гэндэрнай, а плятформы па сытуацыі сям’і і дэмаграфіі. З такой кропкі зору жанчына і мужчына не разумеюцца як індывідуальныя і атамізаваныя элемэнты, паміж якімі наступае жорсткая канкурэнцыя, а як тыя, хто павінен стварыць адзінства – базавую ячэйку грамадзтва.

Гэты пункт погляду мае на ўвазе і аспэкт выхаваньня. Толькі ў сям’і чалавек можа засвоіць нацыянальныя каштоўнасьці. Патрыятызм, традыцыйны, кансэрватыўны погляд на жыцьцё фармуюцца звычайна ў здаровай сям’і.

Ролі жанчыны і мужчыны

Мужчына і жанчына зьяўляюцца раўнапраўнымі з пункту гледжаньня права, але з фізычнага і мэнтальнага пункту гледжаньня ёсьць рознымі і ўзаемадапаўняльнымі. Падставовым фактам, які вызначае гэтую ўзаемадапаўняльнасьць зьяўляецца натуральная здольнасьць жанчыны да нараджэньня дзяцей. Грамадзтва, якое сыходзіць з нацыянальных інтарэсаў павінна спрыяць як мага вышэйшай нараджальнасьці. Менавіта колькасны фактар стварае падставы для нацыянальнай экспансыі. Ніякія адміністрацыйна-дзяржаўныя межы ня могуць тут стаць бар’ерам, што добра бачна на прыкладзе суседняй Расеі, якая імкліва губляе рэшткі сваёй славянскай сутнасьці, становячыся па сутнасьці азыяцкай дзяржавай.

Зыходзячы з гэтага ў інтарэсах грамадзтва знаходзіцца забесьпячэньне такога прававога і звычаёвага парадку, пры якім выкананьне жанчынай уласных прафэсійных абавязкаў, як мінімум не перашкаджае ў выкананьні абавязкаў сямейных. Галоўная місыя і самарэалізацыя жанчыны – гэта самарэалізацыя ў сям’і. Не кар’ерны рост і посьпехі ў бізнэсе павінны быць мернікам шчасьця, але добра знаёмая нашым бабулям радасьць ад нараджэньня новага чалавека.

Захаваньне традыцыйных каштоўнасьцяў

Пасьля стагодзьдзя разбурэньня сямейных каштоўнасьцяў у нашым краі, неверагодна цяжка сёньня пераканаць грамадзтва ў вартасьці захаваньня традыцыйных роляў мужчыны і жанчыны. У сувязі з гэтым, дзяржава тым болей павінна паклапаціцца для стварэньня як найлепшых умоваў для шматдзетных сем’яў, незалежна ад іх прывязкі да прадпрыемстваў, у якіх прадстаўнікі гэтых сем’яў працуюць.

Пералік мерапремстваў дапамогі сем’ям і прызнаньня ролі жанчыны.

У галіне эканамічнага заканадаўства:

– увядзеньне прапарцыйнага паніжаючага падаткавага каэфіцыэнту, у залежнасьці ад колькасьці дзяцей для сукупнага даходу бацькоў падаткаплатнікаў;

– вызваленьне шматдзетных бацькоў (пры 3-х і большай колькасьці непаўналетніх дзяцей), якія вядуць гаспадарчую дзейнасьць ад усіх падаткаў, апроч выплат у сацыяльныя фонды на пэрыяд да 12 год;

– стварэньне фонду “Мацярынскі капітал”, які прадугледжвае бязвыплатную безнаяўную дапамогу на кожнае дзіця, пачынаючы з другога, у памеры ня менш, як 10 000 даляраў ЗША.

У галіне працоўнага заканадўства:

– забесьпячэньне усім жанчынам, якія выхоўваюць у сям’і непаўналетніх дзяцей гнуткага графіку працы;

– забесьпячэньне кожнай жанчыне, якая выхоўвае ў сям’і 2-х і болей непаўналетніх дзяцей аднаго аплочанага выходнага дня ў тыдзень;

Падвышэньне статуса шматдзетных маці-жанчын

З мэтай падвышэньня грамадзкага статуса маці-жанчын, прызнаючы іх гэраічную ролю ў выхаваньні будучых пакаленьняў неабходна было б прадаставіць квоты для прадстаўніцтва жанчынам – шмтадзетным маці ў заканадаўчых органах усіх узроўняў: ад сельсаветаў да нацыянальнага парлямэнту. Тыя, хто стварае будучыню краіны, павінны мець больш магчымасьцяў для ўплыву на яе справы.

Наталля Федаровіч