Цывілізацыйны адказ на ідэю “Рускага сьвету”

Пры асьвятленьні пытаньня палітычнага адказу на ідэю “Рускага сьвету”, а таксама палітычнай практыкі, я дазволю сабе зрабіць пэўныя дапушчэньні, якія зьяўляюцца актуальнымі для палітычных працэсаў.

Неабходна адзначыць, што ў палітычным працэсе апэруюць не фактамі, з гістарычна пацьверджанай дакладнасьцю, а палітычнымі канцэпцыямі-сымбалямі. Гэтыя палітычныя канцэпцыі-сымбалі ёсьць простыя, а часта нават прымітыўныя парадыгмы, якія дазваляюць звычайнаму чалавеку знайсьці сябе ў сыстэме палітычных каардынат і атрымаць простае і дастаткова лягічнае тлумачэньне мясцовай і сусьветнай палітычнай сытуацыі. Трэба адзначыць, што падобная прымітывізацыя зьяўляецца простым вынікам шэрагу рэвалюцый і забурэньняў у Эўропе і Расіі пачынаючы ад францускай і заканчваючы бальшавіцкай. Сёньня можна сказаць, што нагрувашчваньне палітычнага дыскурсу важнымі гістарычна, але дробнымі з пункту гледжаньня абыватэля элемэнтамі прыводзіць да немінучай паразы гэтай палітычнай сілы, што мы часта бачылі на прыкладах з найноўшай беларускай гісторыі.

Таму даючы трактоўку тым ці іншым гістарычным падзеям і паняцьцям, я буду ўлічваць гэтыя асаблівасьці палітычнага працэса.

Пачаць неабходна з перадгісторыі ўзьнікненьня “заходнерусізму” як палітычнай канцэпцыі. “Заходнерусізм” займеў сэнс свайго існаваньня з прычыны далучэньня земляў былога Вялікага Княства Літоўскага да Расейскай Імпэрыі, яго пакліканьнем было даць палітычнае абгрунтаваньне дзеля далучэньня гэтых земляў і падтрымаць працэс інтэграцыі. На самым пачатку як палітычная канцэпцыя “Заходнерусізм” сутыкнуўся з канкурэнтнай яму канцэпцыяй “Гістарычнай Літвы”, альбо выкарыстоўваючы тэрміналёгію канца ХІХ – пачатку ХХ стст., “Вялікай Літвы”. Гэтая канцэпцыя грунтавалася на памяці пра дзяржаўнасьць ВКЛ, памяці пра Літоўскі Статут, як аснову мясцовага пісанага права, памяці пра самакіраваньне гарадоў, пра адрознасьць хрысьціянства ўсходняга абраду, злучанага на гэтых землях з Рымам, шляхам Уніі, пра самастойнасьць і незалежнасьць шматлікага дробнага шляхэцкага стану, які пры Літве меў поўню палітычных праў, згубіўшы іх пры Расеі. Гэтая канцэпцыя мела сваіх таленавітых песьняроў, найважнейшым зь якіх безумоўна ёсьць Адам Міцкевіч, які ў творы “Пан Тадэуш” фактычна апісвае палітычную канцэпцыю гістарычнай Літвы.

Уласна кажучы само існаваньне дадзенай канцэпцыі стала прычынай фармаваньня “Заходнерусізму” як спэцыфічнай палітычнай канцэпцыі, якая павінна была абвергнуць канкурэнтую ёй. Пры гэтым важную ролю адыграў тэрмін “Белоруссія”, аб чым будзе сказана пазьней.

Дзеля разбурэньня літоўскай канцэпцыі заходнерусізм сканцэнтраваўся на некалькіх кірунках, ідучы ў кірунку антаганізацыі (супрацьпастаўленьня) і спрашчэньня палітычнага дыскурсу гістарычнай Літвы, які ў межах ВКЛ набыў адпаведнае багацьце і рознабаковасьць. У якасьці падставы гэтых разважаньняў узятыя некаторыя вытрымкі зь некаторых працаў аднаго з ідэолягаў заходнерусізму Міхал Каяловіч. Далей неабходна пералічыць гэтыя кірункі змаганьня з ідэяй Вялікай Літвы:

  1. Паступовае выцісканьне назваў “Літва”, “літоўскі” на “Белоруссія”, “белорусскій”. У гістарычных апісаньнях пачынаюць ужывацца тэрміны “Белоруссія”, “белорусскій”, “белорусы”, “белорусскіе города” і г.д.

«Белоруссию с центром России связывает крепкая и живая связь. Туда её неодолимо тянет русская вера огромного большинства населения, и русский язык, и русская торговля, более важная для страны, чем торговля с западными соседями. Историческое народное стремление Западной России к Восточной проявлялось во многих случаях даже и тогда, когда эта Западная Россия находилась под чужой властью» (М.Коялович «Чтения по истории Западной России» СПб., 1884 С.4)

«Таким путём лучше всего могут быть разработаны и общия, коренныя русския начала, которыя во веки вечные будут соединять западную и восточную Россию, и те западно-русския особенности, которыя могут и должны себе жить свободно, сколько и как судит им история. На этот путь видимо становятся уже не только белорусские, но и малороссийские люди, на него вступают и вообще люди русские.» (М.Коялович «Чтения по истории Западной России» СПб., 1884 С.20-24)

Каяловіч разумее пад Заходняй Расеяй разам Беларусію і Маларосію, адкуль зразумела, што апошнія зьяўляюцца правінцыйнымі рэгіёнамі Расеі. Пры гэтым зьвяртае на сябе ўвагу прымітывізацыя дыскурсу, аб якой узгадвалася на пачатку артыкула, і якую можна праілюстраваць на прыкладзе тлумачэньня паходжаньня назвы «Беларусы»:

«Белоруссы – название от белой сермяги и белых барашковых шапок» (М.Коялович «Чтения по истории Западной России» СПб., 1884 С.60)

  1. Апрыёрнае антаганізаваньне славянскага і балцкага этнічнага элемэнтаў, надаючы ім адназначнае назоўніцтва: літоўскі – гэта толькі этнічна-балцкі, беларускі – толькі этнічна-славянскі. Падкрэсьліваўся характар ВКЛ, як дзяржавы пераважна славянскай і ў гэтым сэнсе “беларускай”. З іншага боку актуалізавалася спадчына Полацкага Княства, як “ісьцінно белорусского”. Не ўзгадваўся абсалютна палітычны сэнс назвы “Літва”.

Каяловіч разумее пад Літвой толькі этнічнае племя – таксама частку Заходняй Расеі, нароўні з Беларусьсю і Маларосіяй. Такое разуменьне ідэальна пасуе дзеля разбурэньня ідэі гістарычнай Літвы, Літвы палітычнай, Літвы Вялікай. Зьвядзеньне палітычнага паняцьця да этнаграфічных розьніц, узьвядзеньне этнічнага бар’еру паміж балцкім і славянскім насельніцтвам гістарычнай Літвы – вось сапраўдная мэта заходнерусістаў. Каяловіч шкадуе, што Жмудзіны – старадаўнія абаронцы славяншчыны ад Ордэна і каталіцкай Польшчы, у апошнім паўстаньні (1863 г.) з-за акаталічваньня сталі на бок Польшчы. Саму палітычную ідэю гістарычнай Літвы лічыць шкоднай:

Было в западной России некоторое время, что тамошние образованные люди, усвоившие польскую цивилизацию, пробовали самостоятельно взглянуть на свою страну…Они задумали возстановить (в науке) самостоятельность западной России. Основали они ее на следующих началах. Они взяли старую идею политической независимости Литвы и полагали, что западная Россия может выработать эту самостоятельность при той же польской цивилизации, но свободно естественно без всякаго насильственнаго подавления местных народных особенностей. Так эта теория высказывается довольно заметно в трудах Даниловича, в истории Литвы Нарбутта и в сочинении Ярошевича “Картина Литвы”. Теория эта слишком шатка. Политическая самостоятельность западной России невозможна и еще более невозможна, если можно так выразиться, при польской цивилизации. Тогда эта самостоятельность кончилась бы тем же, чем кончалась прежде, например в половине XVI столетия, когда Литва сливалась с Польшей. Следовательно, эта теория может иметь значение только как теория злонамеренная. Недаром ее высказывают и теперь некоторые поляки западной России». (М.Коялович «Чтения по истории Западной России» СПб., 1884 С.17)

  1. Антаганізаваньне па рэлігійнай падставе: праваслаўны – “ісьцінно русскій”, каталік – “не” – паляк альбо літовец.

Для Каяловіча і Гаворскага неправаслаўны ня можа быць “заходнерусам” . Вера ў дадзеным выпадку азначала нацыянальнасьць. “Вестнік Западной Россіі” амаль на кожнай старонцы ўзгадвае езуіцкія мэтады каталіцкага духавенства, адмаўляе яму ў праве лічыцца хрысьціянскім. На парадку дня крытыка ўсяго каталіцкага, пачынаючы ад рашэньняў Папежа, заканчваючы крытыкай мясцовага каталіцкага духавенства ў Заходняй Расеі. Каяловіч прызнаваў, што агульнасьць побыту прысутнічае ў звычаях каталікоў і праваслаўных у Заходняй Расеі, але каталік быў паводле яго “заражаны” заходнім лібэралізмам і схільнасьцю да бунту, безпрынцыпнасьцю і амаральнасьцю, што стварала агромністую небясьпеку для кожнага ісьцінна-рускага.

  1. Антаганізаваньне па сацыяльнай прыкмеце – пан можа быць толькі польскі, беларус – толькі селянін. Пану таксама надаваліся выключна нэгатыўныя характарыстыкі.

Каяловіч лічыў спольшчаны шляхэцкі стан крыніцаў усяго зла, якое ўзьнікла гістарычна ў заходняй Расеі, гэта значыць Вялікім Княстве Літоўскім:

Причиной такого печального и бедственного для всех положения западной России под властью Польши было польское шляхетство. Историческая и даже современная польская жизнь есть исключительно жизнь верхнего слоя поляков – верняго не в том смысле, в каком жизнь всякаго народа есть прежде всего жизнь всего даровитаго, образованнаго, а в смысле самой дурной исключительности, в смысле шляхетства. Всё, что было под этим шляхетством – народ, не имело жизни, было мертво, не участвовало в польской истории”. (М.Коялович «Чтения по истории Западной России» СПб., 1884 С.10)

Заходнерусы заклікалі да ўтварэньня “заходнерускай” партыі. Партыя гэтая павінна была б насіць мужычы, дэмократычны характар і ў гэтым сэнсе проціставіцца панскай ці напоўпанскай партыі, якая не хацела рваць з Польшчай, з памешчыцкім станам і навогул з усім тым, з чым народ вёў сваю гістарычную сацыяльную і нацыянальную барацьбу. Складацца гэтая “народная партыя” павінна была б з мясцовых людзей, але з тых, якія арентаваліся б на усход, вязалі сваю будучыню з расійскай культурай, з вызваленьнем сялянства, са зьнішчэньнем улады польскага двара, г.зн. з праваслаўнага папоўства, вясковых настаўнікаў, сэмінарыстаў і дробнага службовага люду.

Каяловіч папярэджваў сваіх супраціўнікаў, зьвяртаючыся да эліты Краю: што калі яны – “па прыродзе сваёй рускія” – ня пойдуць з народам проці Польшчы, дык яны разьвяжуць гэтаму народу пакуль што стрыманыя інстынкты для расправы зь імі тымі спосабамі, якія народу толькі даступныя.

Гэты гвалт як вядома адбыўся зусім скора ў гістарычным маштабе, бо ўжо ў бальшавіцкую рэвалюцыю.

Важна адзначыць з палітычнага пункту гледжаньня, што пытаньне ня толькі ў статусе назвы “Беларусія” як правінцыйнага рэгіёна Заходняй Расеі і Расеі ўвогуле. У палітычным дыскурсе надзвычай важнае напаўненьне тых ці іншых паняцьцяў. І тут трэба адзначыць, што элемэнты палітычнай канцэпцыі заходнерусізму надалей дамінуюць у канцэпцыі рэальнай беларускасьці – беларускасьці большасьці (значнай часткі) беларусаў у сёньняшнім часе. Менавіта, адпрэчваньне Захаду ва ўсіх інкарнацыях: рэлігійнай, культурнай, сацыяльнай (“буржуі”, “паны”, “багачы”) характэрнае для значнай часткі грамадзян Беларусі і сёньня. Адсюль бярэцца падтрымка Расеі ў яе дзеяньнях ва Ўкраіне, адсюль акцэптацыя “Рускага сьвету”, адсюль неўспрыняцьцё заходніх прававых паняцьцяў і мэханізмаў ажыцьцяўленьня ўлады і прыняцьця рашэньняў.

Бар’ер зь якім мы маем тут дачыненьне зьяўляецца бар’ерам цывілізацыйным, які толькі злёкку абазначаны этнічна. Чаму злёкку? Таму што па руску ў нас гавораць публічна, з большага, ня лічачы Партыі БНФ, усе астатнія апазыцыйныя да ўлады сілы. Беларуская мова таму стала палітычным маркерам, бо яна аказалася па-за канцэпцыяй заходнерусізму, як зьява, якая выразна аддзяляе жыхара Заходняй Расеі ад Расеі Усходняй (гаворачы тэрміналёгіяй Каяловіча). У той жа час назва “Беларусь – Белоруссия”, як палітычная рэальнасьць (не гэаграфічнае акрэсьленьне) нарадзілася ў межах канцэпцыі заходнерусізму і зараз ідэальна пасуе да канцэпцыі “Рускага Сьвету”, яна аказалася акрэсьленьнем гэтай усходняй парадыгмы. Трэба сказаць, што з часам, на працягу апошніх 150 год гэтая канцэпцыя адшліфавалася, спрымітызавалася і сталася цудоўным палітычным інструмэнтам мабілізацыі рускамоўных масаў. Яна лягічна тлумачыць сьвет і стварае ўражаньне яго дасканалай візыі – мае пэўны ідэал – “праваслаўны рускі сьвет”. “Беларусь” як палітычная канцэпцыя спароджаная заходнерусізмам зьяўляецца патэнцыйна лёгкай здабычай для адэптаў “Рускага сьвету”.

Што можа быць супрацьпастаўлена гэтай ідэі? Супрацьпастаўлена можа быць яе адмаўленьне (у філязофскім сэнсе). Такім адмаўленьнем зьяўляецца ідэя Вялікай Літвы. Якія элемэнты гэтай канцэпцыі неабходна адзначыць?

Гэапалітычна – аднаўленьне абшару гістарычнай Літвы ў выглядзе Балта-Чарнаморскага Саюза. Гэта ідэя, якую Партыя БНФ агучыла яшчэ ў пачатку 90-х гг. ХХ ст., але ў сувязі з супрацьдзеяньнем Расеі з аднаго боку і моцнага прыцягненьня заходняга вэктару эўрапэйскай інтэграцыі яна, веру, што часова, засталася на ўбоччы.

У прававым сэнсе ідэя Вялікай Літвы гэта самакіраваньне. Менавіта самакіраваньне было істотнай асаблівасьцю, якая адрозьнівала гарады Вялікага Княства Літоўскага ад паселішчаў Вялікага Княства Маскоўскага.

У культурным сэнсе ідэя Вялікай Літвы – гэта ідэя незалежнай эліты. Гэта не народны характар беларускага племені ў лапцях, з каўтуном у галаве, гэта свабодны чалавек – шляхціч, які валодае поўняй палітычных правоў і палітычнай сьвядомасьцю. Падаецца, што асабліва сярод моладзі і вельмі павольна, сярод прысутнага ўсё ж у стадыі нараджэньня і пашырэньня сярэдняга бізнэсу, такая канцэпцыя знаходзіць большае ўспрыняцьцё, чым фальклёрна-этнічная канцэпцыя беларускасьці.

Важным момантам у дадзенай канцэпцыі зьяўляецца стасунак да Польшчы і польскай культуры. Менавіта фактар Польшчы, у нэгатыўным сьвятле, звычайна прысутнічае на парадку дня ў палітычным дыскурсе, пашыраным апалягэтамі “Рускага сьвету”. Нярэдка падобныя погляды сустракаюцца і ў нацыянальна сьвядомым беларускім асяродзьдзі. Некаторыя аспэкты гэтых поглядаў зьяўляюцца справядлівымі гістарычна, але зараз ня час на іх спыняцца. На кон пастаўлена існаваньне падстаў нашай цывілізацыі – цывілізацыі права і свабоды.

Аляксандар Стральцоў-Карвацкі