Досвед увядзення закона аб рэстытуцыі ў краінах Цэнтральнай Еўропы

Пасля 1989 года ва ўсіх постсавецкіх краінах Цэнтральнай Еўропы пачаўся працэс увядзення рэстытуцыі нерухомай уласнасці, якая была нацыяналізавана камуністычнай уладай, з выняткам Польшчы. Адрозненне крытэрыяў пры рэалізацыі рэстытуцыі нерухомай маёмасці ў розных краінах можна ахарактарызаваць некалькімі аспектамі:

1) Дзеянне права ўласнасці. Натуральныя трывалыя прававыя нормы могуць быць адноўлены, але і мноства недахопаў постсавецкаага права зробяць немагчымым аднаўленне некаторых правоў.
2) Ступень несправядлівасці падчас экспрапрыяцыі нерухомай уласнасці. Дзяржавы прымаюць закон пра рэстытуцыю ў выпадку, калі вялікая група грамадзян панесла шкоду, ці адны грамадзяне незаконна скарысталіся маёмасцю іншых грамадзянаў, альбо ў абодвух выпадках. Сюдыэ ж адносіцца і экспрапрыяцыя зямлі.
3) Грамадска-маральная адказнасць. Любая нацыянальная супольнасць жадае будаваць сваю будучыню на трывалых фундаментах, спадзеючыся, што яе не напаткае ў будучыні лёс папярэдняга пакалення. Адпаведна, узнікае жаданне напраўлення памылак мінулага.
4) Абмежаванні дзяржаўнага бюджэту. Урад павінен улічваць памер і ступень абцяжарання дзяржаўнага бюджэту, кампенсуючы страты прэтэндэнтам.
5) Вонкавыя абмежаванні. Міжнародныя фінансавыя арганізацыі такія, як Сусветны Банк часта выдаюць крэдыты краінам сістэмнай трансфармацыі на вызначаных умовах.

Пры ўвядзенні права пра рэстытуцыю неабходна ўлічваць спецыфіку і магчымасці асобных краін і рэгіёнаў. Аднак, ва ўсіх краінах заканадаўцы пільнаваліся адзінай думкі пра тое, што працэс нацыяналізацыі, што праводзіўся камуністамі пры сваім кіраванні, быў незаконным і зараз яго вынікі не адпавядаюць ідэалу прававой дзяржавы. Такім чынам, наступствы дзеянняў камуністычных урадаў павінны быць пакрыты пацярпелым грамадзянам у выглядзе вяртання ім маёмасці альбо ў выглядзе грашовай кампенсацыі. Далей звернемся да прыкладаў.

Закон пра рэстытуцыю ў Чэхаславакіі быў уведзены яшчэ да падзелу дзяржавы на дзве краіны. Працэсы рэстытуцыі нерухомай уласнасці ў былой Чэхаславацкай Федэрацыйнай Рэспубліцы засноўваліся на трох Федэрацыйных Актах []1:
1) Малы Федэрацыйны Закон пра Рэстытуцыю ад 2 кастрычніка 1990 года;
2) Вялікі Федэрацыйны Закон пра Рэстытуцыю ад 22 лютага 1991 года
3) Федэрацыйны Закон пра Зямлю ад 21 траўня 1991 года.

У 1990 годзе быў прыняты закон «Пра судовую рэабілітацыю», з прычыны якога былі ануляваны ўсе судовыя рашэнні падчас камуністычнага кіравання пра канфіскацыю нерухомасці. У тым жа самым годзе быў прыняты закон пра ўрэгуляванне маёмасных адносін рэлігійных абшчын. У выніку гэтага закона былі паварочаны толькі строга вызначаная і апісаная нерухомасць. 21 лютага 1991году, набыў моц закон «Пра рэстытуцыю прыватнай уласнасці», ці, так званы «Вялікі закон пра рэпрыватызацыю», які ахапляў перыяд з 1948 па 1989 гады, г.зн. ад моманту захопу ўлады камуністамі да «Аксамітнай рэвалюцыі». Гэты закон суправаджаўся так званым «Зямельным законам» адносна рэстытуцыі нерухомасці і лясоў, які вызначаў прадметную існасць рэпрыватызацыі не толькі як рэстытуцыі нацыяналізаванай маёмасці, але таксама і як маральнай кампенсацыі. Прыняты прынцып вяртання маёмасці там, дзе гэта магчымае, у натуральным выглядзе, калі асоба, што мела права на вяртанне: былы ўладальнік, ці яго спадчыннік, звярталіся ў суд у вызначаны перыяд. У астатніх выпадках выплачвалася кампенсацыя грашовымі сродкамі ці ў выглядзе прыняцця ўдзелу ў дзяржаўных фондах. У спрэчных выпадках, калі вызначыць суму кампенсацыі было праблематычна, належыць звярнуцца ў суд, рашэнне якога было канчатковым.

З сацыяльнага боку ўведзены некаторы ліміт вольнага доступу да вернутай нерухомасці. Да прыкладу, абавязковая вымога арэнды плошчы ў рэпрыватызуемых будынках уладальнікаў з камуністычнай эпохі не менш за 10 год. Зварот ці выплата кампенсацыі датычыць таксама і рухомай маёмасці. Сфера дзеяння дадзенага закона была таксама досыць шырокая,бо ўлучала зацікаўленасці фізічных і юрыдычных асоб. Сумнівы выклікалі абмежаванні патэнцыйных прэтэндэнтаў з прычыны адсутнасці ў іх грамадзянства Чэхаславакіі і сталага месцажыхарства ў ёй. Дадзенае абмежаванне выклікала вострыя пратэсты з боку нерэзідэнтаў і было абскарджана праз Канстытуцыйны Трыбунал Чэхіі і Славакіі і Еўрапейскі Трыбунал Праў Чалавека ў Страсбургу. У выніку судовых разбіральніцтваў, што доўжыліся некалькі гадоў, ва ўжо асобнай Чэшскай Рэспубліцы абмежаванні былі скасаваны, тым часам як у Славакіі дадзеныя абмежаванні захаваліся.

У Славакіі, паводле закона «Пра пакрыццё шкоды, прычыненай касцёлам і рэлігійным ордэнам» з 1993 года, была рэалізавана маштабная рэпрыватызацыя маёмасці рэлігійнымі дэнамінацыямі. У выпадку з рэлігійнымі дэнамінацыямі статус-кво вызначаўся на дату сканчэння Другой Сусветнай вайны – 8 траўня 1945 года, а для жыдоўскіх абшчын на дату заняцця Чэхаславакіі Германіяй – 2 лістапада 1938 году.

Варта ўзгадаць і такі факт –”Закон пра рэстытуцыю” ў Чэхаславакіі суправаджаўся пазбаўленнем маёмасці камуністычнай партыі і вытворных ад яе моладзевых арганізацый, а таксама законам «Пра люстрацыю», які забараняў часовае выкананне дзяржаўных абавязкаў былым супрацоўнікам структур камуністычнай партыі і дзяржаўных структур у перыяд сацыялізму. Вышэйпералічаныя законы, прынятыя напачатку 90-х г. ХХ стагоддзі, паслужылі праўнай і маральнай асновамі для правядзення сістэмнай трансфармацыі.

Венгрыя, у параўнанні з Чэхіяй і Славакіяй, выключыла магчымасць вяртання былой нерухомай уласнасці ў натуральным выглядзе, але прызнала кампенсацыю за згубленую маёмасць у выглядзе каштоўных папер на прад’яўніка. У перыяд ад 1991 – па 1992 гады былі прыняты тры закона пра рэпрыватызацыю, што тычыцца нацыяналізаванай ці канфіскаванай маёмасці з 1939 па 1971 гады і прычыненай грамадзянам шкоды ў звязку з дзейнасцю нелегітымнай дзяржавы.

Такое права на патрабаванне пакрыцця маюць былыя ўладальнікі ці іх спадчыннікі і мужы, а таксама рэлігійныя абшчыны. Выняткам сталі фірмы і прадпрыемствы. Умовай пры патрабаванні кампенсацыі стала наяўнасць вугорскага грамадзянства ў фізічнай асобы на момант выдання закона ці падчас нацыяналізацыі. У выпадку адмовы можна звярнуцца ў суд.
Асноўны закон «Пра кампенсацыю» з 1991 года стаў актам, што мае характар не столькі рэпрыватызацыйны, колькі кампенсавальны. Ён мае на ўвазе частковую кампенсацыю за згубленую ўласнасць пасля 8 чэрвеня 1948 года. Яе кошт вызначаецца дыгрэсійным метадам г.зн. адсотак пакрыцця змяншаецца разам з узростам каштоўнасці забранай маёмасці, пры чым максімальная сума кампенсацыі лімітавана да 5 мільёнаў форынтаў, прыблізна 50 тысяч даляраў. Дадзены метад выгадны толькі тым, хто пазбавіўся нерухомай маёмасці параўнальна невысокага кошту.

У Літоўскай Рэспубліцы закон пра рэстытуцыю «Пра працэдуру і ўмовы рэстытуцыі права ўласнасці на нерухомую маёмасць» прыняты 18 чэрвеня 1991 года. Аднак пазней у дадзены закон неаднаразова ўносіліся змены. У аснове ў ім прадугледжвалася вяртанне нацыяналізаванай уласнасці ў натуральным выглядзе альбо зямельны надзел у іншым месцы па кошце згубленай нерухомай маёмасці альбо выплату кампенсацыі. Праз некаторы час быў прыняты закон «Пра зямельную рэформу». Абодва гэтыя закона ўсталявалі адміністрацыйныя і палітычныя рамкі, што рэгламентуюць карыстанне зямельнай маёмасцю, аднак, яны не давалі пэўных вызначэнняў панятку «прыватная ўласнасць» і праву карыстання зямельнай дзялянкай. Такім чынам, уласнікі зямлі, атрыманай падчас рэстытуцыі, былі не да канца свядомыя сваіх правоў на вернутую нерухомасць. Спачатку, заставалася адкрытым пытанне ажыццяўлення такіх трансакцый, як продаж, арэнда ці рэалізацыя іпатэчнага закладу на зямельную ўласнасць.

Некаторыя ключавыя моманты закона «Пра рэстытуцыю» і закона «Пра зямельную рэформу» ініцыявалі палеміку пра правы на прыватную ўласнасць. Патрэба адаптацыі дадзеных законаў да Літоўскай Канстытуцыі спрыяла ўнясенню карэктываў у заканадаўства Літоўскай Рэспублікі, вызначыўшы тэрміны валодання, права на распараджэнне, а таксама ўсталяванне парадку працэдуры адміністрацыйнага працэсу для атрымання зямлі ў валоданне праз рэстытуцыю. Таксама надалей востра стаіць пытанне вяртання зямельных надзелаў на Віленшчыне, дзе вернута толькі каля 10% маёмасці, у той час, як на астатняй тэрыторыі Літвы ён амаль завершаны. Праблемным пытаннем тут ёсць мясцовы этнічны польска-літоўскі канфлікт, які не дазваляе вырашыць пытанне рэстытуцыі.

Асобы, што валодаюць правам на аднаўленне праў уласнасці на нерухомую маёмасць, як былыя ўладальнікі, так і іх спадчыннікі, абавязаны мець літоўскае грамадзянства і ўвесь час жыць на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі. Літоўскія ўлады вырашылі не шырыць Закон пра рэстытуцыю на тых, хто пакінуў радзіму, тым самым яны абмежавалі прыток патэнцыйнага капіталу і замежныя інвестыцыі, якія маглі спрыяць эканамічнаму развіццю краіны. У 1995 годзе прынята права пра пакрыццё коштаў згубленай камунальнай маёмасці, што належала жыдоўскім абшчынам.

У іншых дзвюх краінах Прыбалтыкі, у Латвіі і Эстоніі, напачатку 90-х ХХ стагоддзя быў прыняты закон пра рэпрыватызацыю па прынцыпе падобнаму ў Літве, аднак без магчымасці замены маёмасці на раўназначную ў іншай частцы дзяржавы. Заканадаўства дапушчае магчымасць вяртання нацыяналізаванай нерухомай уласнасці ў натуральным выглядзе, у выпадках, дзе гэта немагчыма, выплачваецца кампенсацыя.

Прааналізаваўшы досвед прыняцця законаў пра рэстытуцыю Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Літвы, Латвіі і Эстоніі, можна зрабіць выснову, што ў кожнай з гэтых дзяржаў увядзенне законаў пра рэстытуцыю адпавядала эканамічным магчымасцям краіны і зацікаўленасці ўрада. Усе вышэйпералічаныя краіны зрэалізавалі кардынальную сістэмную трансфармацыю і давялі жаданне змяніць кірунак развіцця ад камуністычнага рэжыму да прававой дзяржавы, дзе пануюць справядлівасць і шануецца воля асобы і права ўласнасці.

 

 

Дар’я Варановіч,
студэнтка Міжнародных і паліталагічных студыяў Лодзкага Універсітэта