Інцыдэнты на АЭС – наступствы постсавецкай культуры працы

Інцыдэнты, зьвязаныя з будаўніцтвам Астравецкай АЭС нагадваюць нам тое, што адбылося ў Чарнобылі чвэрць века таму. Унутраны аналіз падзеяў на Чарнобыльскай АЭС, праведзены супрацоўнікамі КДБ СССР, сьведчыў, што прычынай катастрофы стала «поўная тэхнічная некампэтэнтнасьць кіраўніцтва атамнай станцыі і адсутнасьць тэхнічнай культуры пры эксплюатацыі аб’екту эксплюатацыі».

Што ж адбылося з новымі карпусамі рэактара будучай (а можа не…) Астравецкай АЭС? Першы звышнегабарытны ладунак (так на канцылярыце называецца корпус рэактара) упаў з вышыні 2-4 м. Другі, выраблены ўзамен, за транспарціроўкай, сваім «кажухом» закрануў сілавыя лініі на станцыі Слаўнае. Кажучы проста – закрануў бокам бэтонны слуп. Негабарытныя месцы знаходзіліся таксама на стст. Ворша, Барысаў і Смалявічы.

Для звычайнага чалавека здаецца «нязначны інцыдэнт». Але не тады, калі мы кажам пра рэактар. Насуперак стэрэатыпам рэактар гэта не адліўны маналіт. Гэта складаная зварная канструкцыя, вельмі далікатная ў месцах швоў. Мікрарасколіны, якія маглі ўзьнікнуць на корпусе з цягам год у працэсе эксплюатацыі могуць прывесьці да радыяцыйных выкідаў. Шмат, яшчэ вельмі шмат у нас «савецкасьці», а іншымі словамі «русскага міру», які дазваляе гэтак нядбайна ставіцца да выкананьня вельмі сур’ёзных задачаў. Таму мы кажам «НЕ» расейскай АЭС на нашай зямлі!

 

Рэдакцыя