Прысутнасць «Заходнерусізму» у Беларусі

Заходнерусізм з’явіўся ў сярэдзіне ХІХ ст. як адзін з кірункаў у расійскай гістарычнай навуцы таго часу. Яго прадстаўнікамі была сфармуляваная ідэя гэтак званай “Заходняй Расіі” – так яны называлі тагачасны “Паўночна-Заходні край” Расійскай імпэрыі, г. зн. землі былога Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, інкарпараваныя Расіяй у канцы XVIII ст. З пункту гледжання апалагетаў заходнерусізму гэтыя тэрыторыі кваліфікаваліся як “спрадвечнарускія”, сапсаваныя “польскім уплывам” за часы знаходжання па-за межамі “Рускай дзяржавы” (то бок ад часоў распаду Кіеўскай Русі). Побач з гістарыяграфічнай задачай вывучэння мінулага гэтых земляў, яшчэ больш важнай мэтай заходнерусы вызначалі для сябе іншую, ідэалагічна-палітычную – “дэзынфекцыю” ад польскага і каталіцкага “налёту” мясцовага насельніцтва, якое адносна нядаўны стала падданымі Расейскай імперыі. Заходнерусы параўноўвалі мясцовыя традыцыі з традыцыямі ўнутраных губерняў Расіі. Элементы, якія не адпавядалі рускаму эквіваленту, абвяшчаліся нанесенымі, польскімі – іх трэба было выкараніць і знішчыць. Між іншым, такія мэты патрабавалі глыбокага вывучэння этнаграфіі, гісторыі, археалогіі, антрапалогіі, лінгвістыкі краю. Таму ў ХІХ ст. заходнеруская школа выканала аб’ектыўна вялікую і важную працу па палявым зборы інфармацыі, якая пазней лягла ў падмурак беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі (М. Каяловіч, І. Грыгаровіч, І. Насовіч, П. Шпілеўскі, П. Шэйн, У. Стукаліч, М. Нікіфароўскі, А. Сапуноў, Я. Карскі ды інш.)

Аднак, з надыходам ХХ ст., фармаваннем уласна беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай школы і паўстаннем беларускай дзяржаўнасці, спачатку ў форме БНР, а потым БССР, і навуковым, і ідэалагічным трэндам стала асэнсаванне мясцовай гісторыі і культуры не як “паталогіі” на фоне іншых, “паўнавартасных”, культур, а як самастойнага і самадастатковага феномену. Да сярэдзіны 1920-х г.г. заходнерусізм, фактычна, спыніў сваё існаванне і як навуковая, і як грамадска-палітычная плынь.

Але ў пачатку 1990-х, пасля распаду СССР і атрымання Беларуссю незалежнасці, відавочна як рэакцыя на гэтыя падзеі з боку часткі інтэлектуалаў, для якіх яны абазначалі “трагедыю страты Вялікай радзімы”, пачалі з’яўляцца “даследчыцкія”, “асветніцкія” ды іншыя падобныя гурткі, сябры якіх ставілі сабе за мэту “адраджэнне заходнерусізму”. На той момант яны ўяўлялі сабою вельмі маргінальную плынь сярод даволі вялікай колькасці “уз’яднальніцкіх” арганізацыяў, што выступалі пад лозунгамі “постсавецкай інтэграцыі”, а калі казаць наўпрост – аднаўлення ў тым ці іншым выглядзе Савецкага Саюза. Дарэчы, як вядома, менавіта пад гэтымі лозунгамі прыйшоў да ўлады першы і пакуль апошні прэзідэнт Беларусі.

І ў першыя гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі падавалася, што ўсе асноўныя мэты заходнерусізму блізкія да рэалізацыі. З 26 студзеня 2000 году беларусы пачалі жыць з Расіяй у “Саюзнай дзяржаве”, а выказванні найвышэйшых дзяржаўных асобаў пра тое, што “беларусы – гэта тыя ж рускія”, не толькі гучалі з самых высокіх трыбунаў, але і рабіліся “кіраўніцтвам да дзеяння” для чынавенства па ўсёй краіне. Да таго ж да пачатку ХХІ стагоддзя ўлады Расіі, фактычна, не бачылі сэнсу ў падтрымцы русафільскіх ініцыятываў унутры Беларусі, калі яны не сыходзілі наўпрост ад адміністрацыі Лукашэнкі. У гэтых умовах носьбіты ідэяў заходнерусізму, бадай, не бачылі сэнсу праяўляць нейкую адмысловую актыўнасць, бо мелі ўсе магчымасці іх рэалізацыі на дзяржаўным узроўні.

Сытуацыя змянілася бліжэй да сярэдзіны 2000-х. Адмова Беларусі ад прыняцця “саюзнай канстытуцыі”, пераходу на расійскі рубель у якасці адзінай валюты “саюзнай дзяржавы” і ўрэшце ад уваходжання ў склад Расіі “шасцю абласцямі” акрэсліла межы інтэграцыйнага праекту, якія ніяк не маглі задаволіць адэптаў заходнерусізму. Да таго ж у Расіі акурат у гэты перыяд на дзяржаўным узроўні выкрышталізоўваецца ідэя глабальнай рэвізіі вынікаў “халоднай вайны”, а ў якасці аднаго з інструментаў гэтай рэвізіі бачыцца выкарыстанне канцэпцыі “рускага свету”. Упершыню тэрмін “рускі свет” у публічнай прамове прэзідэнта Расіі У. Пуціна прагучаў у 2001 годзе перад Сусветным кангрэсам суайчыннікаў, што жывуць за мяжой:

“Рускі свет далёка выходзіць за геаграфічныя межы Расіі і нават далёка за межы рускага этнасу”[1]

У сваёй прамове ў снежні 2006 г. у Санкт-Пецярбургу Пуцін удакладніў:

“Рускі свет можа і павінен аб’яднаць усіх, каму дарагое рускае слова і руская культура, дзе б яны не жылі, у Расіі ці за яе межамі”[2].

Практычная неабходнасць гэтага аб’яднання стала канчаткова зразумелая пасля яго ж праграмнай прамовы ў Мюнхене ў лютым 2007 г., якая распачала эпоху новага супрацьстаяння паміж Расіяй і Захадам.

Не прымусілі сябе чакаць і практычныя захады па стварэнні інстытуцыяў, для якіх пашырэнне “рускага свету” стала асноўнай задачай дзейнасці. 21 чэрвеня 2007 г. указам прэзідэнта РФ № 796 быў створаны адмысловы Фонд “Рускі свет”, толькі на першыя два гады дзейнасці якога і толькі з дзяржаўнага бюджэта РФ было вылучана каля 1 млрд. рублёў [3]. Таксама ўказам прэзідэнта РФ № 1315 ад 6.09.2008 замест сціплага Расійскага цэнтру міжнароднага навуковага і культурнага супрацоўніцтва пры МЗС быў створаны адмысловы федэральны орган выканаўчай улады –  Федэральнае агенства па справах Садружнасці незалежных дзяржаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжою, і міжнароднаму гуманітарнаму супрацоўніцтву (“Россотрудничество”). Пра памеры фінансавання гэтай структуры можна меркаваць па факту выдзялення ёй толькі ў 2013 г. амаль 10 млрд. рублёў толькі на “паляпшэнне іміджу Расіі за мяжой” [4].

Нядзіўна, што пры такой спрыяльнай кан’юнктуры ў Беларусі рэзка ўзрастае актыўнасць рознага кшталту прарасійскіх арганізацый і суполак, сярод якіх не апошняе месца займаюць і заходнерусы. Іх першай сур’ёзнай публічнай трыбунай робіцца “інфармацыйна-аналітычны партал “Імперыя””, створаны ў 2007 г. былым супрацоўнікам Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Юрыем Баранчыкам. Зараз, пасля канфлікту Баранчыка з беларускімі ўладамі і яго пераезда на працу ў Маскву, заходнерусы не вельмі ахвочыя ўзгадваць пра гэта, але на працягу як мінімум 5 гадоў гэтая інфармацыйная “сметніца” ўсіх апалагетаў  “рускага свету” ласкава давала магчымасці для публікацыі сваіх тэкстаў усім тым асноўным дзеячам сучаснага заходнерусізму, гаворка пра якіх пойдзе ніжэй.

Але ўжо ў наступным 2008 годзе заходнерусы атрымліваюць у сваё распараджэнне і нашмат больш паважныя пляцоўкі камунікацыі з беларускім грамадствам. Менавіта ў гэты час доктар філасофскіх навук Леў Крыштаповіч прызначаецца намеснікам дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта, кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін становіцца галоўным рэдактарам галоўнага друкаванага органа гэтай Адміністрацыі – часопіса “Беларуская думка”, а кандыдат палітычных навук Мікалай Малішэўскі ўзначальвае ключавую кафедру ідэалогіі і палітычных навук Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. А 19 кастрычніка гэтага ж году ў мінскім Палацы мастацтваў адбылася знешне непрыкметная падзея: у межах праграмы выставы “Пакроўскі кірмаш” адбылася прэзэнтацыя праекта “Белая Русь – сястры Сербіі”.

Насамрэч, гэтая прэзэнтацыя сталася фактычным пачаткам іншага, нашмат больш амбітнага, праекта – “Западная Русь”, які распачаўся ў чэрвені 2010 г. На сёньняшні дзень менавіта гэты “навукова-асветніцкі праект” (як называюць яго самі ўдзельнікі) з’яўляецца галоўным цэнтрам гуртавання прыхільнікаў заходнерусізму, а яго сайт http://zapadrus.su/ – іх асноўным медыярэсурсам. Існуюць і іншыя базаваныя ў Беларусі рэсурсы адпаведнай накіраванасьці, – напрыклад “Вместе с Россіей” (http://ross-bel.ru/) ці “Русь молодая” (http://rumol.org/), – але менавіта першы рэсурс стварае “трэнд” заходнерускага дыскурсу ў мэдыяпрасторы Беларусі.

Дарэчы, ужо на прэзентацыі ў Палацы мастацтваў можна было пабачыць і пачуць некалькі асноўных постацяў будучай “Западной Русі”, а на той момант – чальцоў аргкамітэта праекта “Белая Русь – сястры Сербіі”. Згодна з рэпартажам пра гэтую імпрэзу, асноўнымі выступоўцамі там былі: “старшыня аргкамітэта праекта, прафесар філалогіі І. А. Чарота, чалец аргкамітэта праекта, галоўны рэдактар часопіса “Беларуская Думка” В. Ф. Гігін, адказны сакратар аргкамітэта праекта І. Ф. Зелянкоўскі”[5]. А вось як ужо сам лідар “Западной Русі” Ігар Зелянкоўскі распавядае пра значэнне “сербскага” пачатку праекта (дарэчы, у матэрыяле пад вельмі выразным загалоўкам “Заходняя Русь – антызаходні праект”):

“Ядром праекта сталі беларускія гісторыкі і грамадскія дзеячы, якія працавалі разам яшчэ з 2008 года ў дабрачынным праекце “Белая Русь – сястры Сербіі”… Гісторыкаў, філосафаў і святароў аб’ядноўвала думка пра славянскае адзінства і пра першасную неабходнасць для сучаснага грамадства адраджаць і развіваць багацейшую спадчыну дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі, філасофіі і культуры, асновай якіх было Праваслаўе”[6].

Далей Зелянкоўскі пералічвае тых асобаў, якія побач з ім, Чаротам і Гігіным стаялі ля вытокаў “адраджэння заходнерусізму”: “прафесар Мінскай духоўнай акадэміі Валянціна Анатольеўна Цяплова, доктар гістарычных навук Аляксандр Юр’евіч Бендзін, кандыдат гістарычных навук і каардынатар праекта Аляксандр Дзмітрыевіч Гронскі, святары пратаіерэй Аляксандр Раманчук і іерэй Алексій Хацееў, літаратурны рэдактар сайта выдатны паэт Анатоль Юр’евіч Аўруцін, каардынатар праекта ў Расіі Юрый Глебавіч Авяр’янаў, каардынатар праекта ва Ўкраіне Уладзіслаў Аляксандравіч Гулевіч, доктар гістарычных навук Кірыл Уладзіміравіч Шаўчэнка” [7]. Звяртае на сябе ўвагу, што ў спісе ініцыятараў праекта па версіі Зелянкоўскага яўна бракуе двух ключавых прозвішчаў – узгаданых вышэй доктара філасофскіх навук Льва Еўстаф’евіча Крыштаповіча і кандыдата філасофскіх навук Юрыя Ўладзіміравіча Баранчыка. Гэта дазваляе зрабіць дапушчэнне аб тым, што менавіта яны ад пачатку былі куратарамі ініцыятывы з боку Адміністрацыі Лукашэнкі і з боку расійскіх фундатараў – адпаведна. Зараз абодва яны знаходзяцца ў апале ў беларускіх уладаў, таму, відаць, і рэкламаваць іх датычнасць да “Западной Русі” здаецца непажаданым.

У кожным разе, агульным ідэйным падмуркам, на якім стаялі і стаяць усе былыя і сучасныя ўдзельнікі праекта з’яўляецца цверджанне аб тым, што

“цяперашнія Расія, Белоруссія (Беларусь) і Ўкраіна не проста роднасныя дзяржавы, а неад’емныя складнікі вялікай усходнеславянскай цывілізацыі – Святой Русі” [8].

Мэту сваёй дзейнасці яны абазначаюць такім чынам:

“Гістарычна склалася так, што народ Белай (Заходняй) Русі стагоддзямі адстойваў сваю рускасць і сваё права быць самім сабою… Аднак шмат што з гэтай барацьбы аддано забыццю і невядома нашаму сучасніку. Навуковы і асветніцкі праект “Западная Русь” ставіць сабе за мэту ўнесці пасільную лепту ў выпраўленне гэтай гістарычнай несправядлівасці”[9].

Ну і, нарэшце, тэрыторыя, якая падлягае выпраўленню, апісваецца такім чынам: “Заходняя Русь – гістарычная вобласць, якая ўключае цяперашнюю Белоруссію, Цэнтральную і Заходнюю Ўкраіну, а таксама некаторыя прылеглыя да яе тэрыторыі, то бок землі Старажытнай (Кіеўскай) Русі, падпарадкаваныя пасля татара-мангольскага нашэсця літоўцамі, а потым палякамі. Побыт на працягу многіх стагоддзяў пад польска-літоўскім і каталіцкім прыгнётам наклаў адбітак на культуру і мову беларусаў і ўкраінцаў”[10]. Звяртае на сябе ўвагу, што тут дэфініцыя Заходняй Русі нашмат шырэйшая, чым у папярэдняй цытаце з таго самага сайту, бо ўключае ў сябе таксама і Ўкраіну, а таксама тое, што аўтары сайту, сярод якіх ладную частку складаюць разнастайныя дактары і кандыдаты гістарычных навук ці то не ведаюць, ці то свядома ігнаруюць агульнавядомы факт: на тэрыторыі сучаснай Беларусі татара-мангольскае нашэсце не фіксуецца ні ў воднай вядомай гістарычнай крыніцы…

Калі спыняцца на персаналіях, якія займаюцца рэалізацыяй гэтай амбітнай праграмы па “вяртанні” Беларусі і Ўкраіны ў стан “Заходняй Русі” і на тых ідэях, якія прапагандуюцца імі ў нашай медыя-прасторы, то варта ў першую чаргу прыгледзецца да асноўных постацяў гэтый плыні.

Як не дзіўна, найменш інфармацыі ў адкрытых крыніцах можна знайсці пра самаго кіраўніка праекта – Ігара Зелянкоўскага. Звычайна, усе дадзеныя пра яго абмяжоўваюцца двума-трыма радкамі: “чалец Саюза пісьменнікаў Расіі, кіраўнік праекта “Западная Русь”, галоўны рэдактар інтэрнет-выдання “Западная Русь”. Пры гэтым нават ніводнай узгадкі ні пра адзін твор гэтага пісьменніка, пра самі творы я ўжо і не кажу, асабіста мне адшукаць не атрымалася. Затое знайшліся паведамленні аб тым, што акурат напярэдадні стварэння праекта “Белая Русь – сястры Сербіі” Зелянкоўскі вярнуўся ў Беларусь пасля працяглага побыту за мяжою, дзе ён нават стаў “грамадзянінам адной з блізкаўсходніх дзяржаў”[11] (у іншай крыніцы ўдакладняецца, што гэтай дзяржавай з’яўляецца Ізраіль[12]). Яшчэ адной малавядомай старонкай яго біяграфіі ёсьць супрацоўніцтва з Асацыяцыяй праваслаўных экспертаў і Карпарацыяй праваслаўнага дзеяння, прадстаўніком якіх у Беларусі Зелянкоўскі стаў у 2011 годзе[13]. Гэтыя расійскія каляцаркоўныя арганізацыі, як і іх кіраўнік Кірыл Фралоў, маюць вельмі супярэчлівую рэпутацыю ў сябе на радзіме па прычыне свайго “праваслаўнага радыкалізма”. На думку вядомага царкоўнага дзеяча Андрэя Кураева

“гэта скрайне маргінальная група, якая агучвае свае асабістыя сімпатыі і антыпатыі; гэта не ёсць голас царквы і не голас экспертаў; гэта вузкая група партыйных таварышаў, у якіх свае партыйныя ўяўленні аб тым, што адбываецца ў свеце і як гэта трэба ацэньваць, мінімум аргументаў – максімум агрэсіі”[14],

а некаторыя аналітыкі наўпрост называюць Асацыяцыю “псеўдахрысціянскім экстрэмістскім рухам”[15]. З іншага боку структура Фралова ўваходзіць у грамадскі савет пры Аддзеле ўзаемадзеяння царквы і грамадства РПЦ, а сам Фралоў мае непасрэдныя кантакты з патрыярхам РПЦ Кірылам і з’яўляецца супрацоўнікам Інстытута краін СНД. У кожным разе, сувязі Зелянкоўскага і “Западной Русі” з гэткай структурай, здаецца, заслугоўвалі б на асобнае вывучэнне. Хіба можна толькі яшчэ дадаць, што Асацыяцыя праваслаўных экспертаў забароненая ва Ўкраіне, а Кірыл Фралоў з’яўляецца непажаданай асобай у нашай паўднёвай суседцы з 2006 г.

Між тым, менавіта Зелянкоўскі з’яўляецца найважнейшай асобай і для паўстання і для развіцця праекта. Пра гэта, дарэчы, недвухсэнсоўна сведчыць адзін з яго бліжэйшых паплечнікаў Аляксандр Бендзін: “Аднаўленне пераемнасці, пераадоленне амаль стогадовага разрыву ў гісторыі заходнерускай думкі стала адбывацца, дзякуючы ініцыятыве невялікай групы людзей, якія склалі касцец першапачатковага аўтарскага калектыву. Але… патрэбны быў чалавек, здольны ўзяць на сябе галоўнае пачынанне і асноўную адказнасць у нялёгкай справе аб’яднання аднадумцаў, раскіданых па гарадах і вёсках новага постсаветскага свету. Неабходны быў лідар, для якога ўсведамленне нашай агульнай заходнерускай нематы, адсутнасць магчымасці звярнуцца да шырокага чытача, стала ўжо невыносным. Такім лідарам стаў Ігар Фёдаравіч Зелянкоўскі. І вось тады справа пайшла!”[16]. У гэтым кантэксце даволі цікава выглядае погляд самога “лідара заходнерусаў” на беларускую нацыю, беларускую мову і беларускую дзяржаўнасць, бо з улікам значнасці яго аўтарытэта, гэты погляд можна лічыць “эталонным” для ўсёй супольнасці. А выглядае ён наступным чынам:

“Беларусы ёсць самабытнай часткаю рускага суперэтнаса… Неабходна беражліва ставіцца да беларускай гаворкі (у арыгінале – “наречія” – аўт.) як да складовай часткі агульнарускай мовы, якая моцна пацярпела ў выніку навязвання штучнай беларускай літаратурнай мовы. Рэшткі гэтай гаворкі, на якой яшчэ размаўляюць шмат беларусаў, нацыяналістычная інтэлегенцыя гідліва называе “трасянкай”.

Заходнерусізм у роўнай ступені адстойвае як правы рускай літаратурнай мовы, так і беларускай гаворкі…  Белоруссію неабходна будаваць як рускую дзяржаву, якая з захаваннем сваёй суверэннасці будзе натуральным чынам інтэгравацца з двума іншымі рускімі дзяржавамі – Украінай і Расійскай Федэрацыяй” [17].

Не бачу сэнсу настолькі ж доўга спыняцца на іншай постаці, важнай для пачатковага этапу станаўлення сучаснага заходнерусізму, якая зараз ужо не мае дачынення да праекту “Западная Русь” (дый самі заходнерусы актыўна ад яе адмяжоўваюцца). Маю на ўвазе былога супрацоўніка  міністэрстваў адукацыі, замежных спраў і Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, а таксама актуальнага кіраўніка інфармацыйна-аналітычнага парталу “Імперыя” Юрыя Баранчыка. Але ўсё ж лічу неабходным працытаваць і яго погляд на “беларускае пытанне” – хаця бы для таго, каб праілюстраваць, як выглядае заходнеруская ідэя “Святой Русі”, даведзеная да лагічнага канчатку:

“Час ужо сканчаць з гэтым прыдуманым трыадзінствам рускай нацыі, якая складаецца з рускіх, беларусаў і ўкраінцаў, і толькі ўносіць сумяціцу і супярэчанні ў зыходную канцэпцыю Рускага свету. Тое, што гістарычна склаліся тэрыторыі ўскраіны і Белай Русі – яшчэ не азначае, што ёсць народы, якія адпавядаюць гэтым тэрыторыям. І тое, што жыхары Крыму і Паўднёвага Ўсходу адчуваюць сябе рускімі, а зусім ніякімі не ўкраінцамі – гэта лепш за ўсё даказвае, што так яно і ёсць. І на гэтым фоне нехта сумняваецца, што ў Беларусі справы абстаяць інакш? Зусім не. Пераважная частка беларусаў дакладна таксама адчуваюць сябе рускімі… Сапраўдны беларускі шлях – гэта шлях канчатковага ўз’яднання рускага народу, калі ўнутраны раскол адзінай нацыі, што цягнуўся стагоддзямі, будзе цалкам пераадолены” [18].

Пра пераадоленне названага расколу марыць і іншы паважаны ў асяродку заходнерусаў чалавек, які шмат зрабіў і для ідэалагічнага, і для арганізацыйнага афармлення заходнерускага праекту. “Працамі жыцця” доктара філасофскіх навук, прафесара Льва Крыштаповіча сталіся дзве салідныя кніжкі – “Беларусь як руская святыня” і “Беларусь і Расія: гістарыясофскае і цывілізацыйнае адзінства”. З 2008 па 2014 год ён знаходзіўся на пасадзе намесніка дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі і, відаць, някепска зарэкамендаваў сябе ў ролі куратара розных прарасійскіх праектаў у нашай краіне, уключна з заходнерускім. У 2013 годзе за свае высілкі па прасоўванні “рускага свету” атрымаў ад Уладзіміра Пуціна дзяржаўную ўзнагароду РФ “Орден Дружбы”. Праўда, з пачаткам “рускай вясны” ва Ўкраіне беларускія ўлады ўсё ж вырашылі пазбавіцца ад прысутнасці такога адыёзнага кадра ў ідэалагічным “сэрцы” Адміністрацыі, але 65-гадовы на той час прафесар без працы не застаўся. Ён працягвае сваю барацьбу за “ўз’яднанне рускага народу” ўжо ў адукацыйнай установе – у якасці загадчыка навукова-даследчага аддзелу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў. Як важны штрых да пытання, з якіх увогуле каранёў у незалежнай Беларусі вырасла “заходнерускае дрэва”, можна яшчэ падаць тэмы дысэртацыяў гэтага патрыярха сучаснага заходнерусізму: “Камуністычны ідэал і рэальны сацыялізм” (кандыдацкая) і “Сацыялістычная ідэя: метадалогія даследвання, гістарычная практыка, перспектыва развіцця” (доктарская).

Хіба найбольш паспяхова з усіх асноўных дзеячаў праекту “Западная Русь” складаецца пакуль дзяржаўная кар’ера маладога паплечніка Крыштаповіча кандыдата гістарычных навук Вадзіма Гігіна. Пасля сканчэння гістфака БДУ і аспірантуры РІВШ пры БДУ, абараніўшы кандыдацкую дысэртацыю на тэму “Фармаванне аднапартыйнай сістэмы ў Беларусі (1917 – 1925)”, малады гісторык (1977 г.н.) быў абраны сакратаром Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ, а ў 2006 г. і ўзначаліў гэтую арганізацыю. На гэтай пасадзе больш за ўсё запомніўся сваім інтэрв’ю газэце “Знамя Юності”, дзе сказаў літаральна наступнае “Мне заўсёды імпанаваў віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў, які больш вядомы тым, што падавіў паўстанне 1863 году. Але я добра вывучыў яго біяграфію. Гэта цудоўны чалавек, адміністратар, кіраўнік, які можа служыць прыкладам для любога дзяржаўнага дзеяча”[19]. Верагодна, гэтае выказванне не прайшло незаўважаным, бо ўжо ў 2008 г. Гігін прызначаецца на пасаду галоўнага рэдактара часопіса Адміністрацыі прэзідэнта “Беларуская Думка”, а ў кастрычніку таго ж году фігуруе як чалец аргкамітэту праекта “Белая Русь – сястры Сербіі”. Апрача гэтага, ён здымае фільмы і вядзе шоў-праграмы на дзяржаўным беларускім тэлебачанні. Ва ўсіх гэтых іпастасях спадар Гігін вядзе ўпартае змаганне з беларушчынай ва любых яе праявах – ці гэта памяць пра паўстанне Каліноўскага[20], ці гэта гісторыя БНР[21], ці то ўжыванне беларускай лацінкі[22]. Уласна кажучы, і цяжка было б чакаць нечага іншага ад чалавека, які падпісанне дамовы пра стварэнне Еўразійскага саюза (у тым ліку і з Казахстанам!) тлумачыць

“метафізікай, асаблівым сэнсам існавання рускага народу, які складаецца з вялікарусаў, беларусаў і маларосаў” [23].

Дзеля справядлівасці адзначу, што ў пытаннях дзяржаўнага ўз’яднання “падзеленага народу” Гігін займае адну з самых асцярожных пазыцыяў з усіх заходнерусаў. Але, як справядліва адзначыў нехта з прыхільнікаў заходнерусізму ў сваім камэнтары пад апошнім з цытаваных гігінскіх тэкстаў,

“Гэты артыкул карысны тым, што з’явіўся на беларускім дзяржаўным інфармацыйным агенстве БЕЛТА. І там упершыню прагучала, што рускія, беларусы і ўкраінцы – адзін народ…”

У факце з’яўлення ў афіцыёзным СМІ такога матэрыялу ёсць частковая заслуга і чальцоў праекту “Западная Русь”, многія з якіх друкаваліся на старонках часопіса Адміністрацыі прэзідэнта “Беларуская Думка”, рэдактарам якога з’яўляецца Вадзім Гігін”[24]. Гэтым Гігін для праекту і каштоўны.

Характэрным штрыхом у партрэце сучаснага заходнерусізму ў Беларусі можна лічыць наяўнасць сярод яго асноўных “стаўпоў” грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які акурат у 2010 годзе перабраўся на працу ў Беларусь (якое супадзенне!), доктара гістарычных навук Кірыла Шаўчэнкі. Гэты народжаны ў Навачаркаску спецыяліст па гісторыі лужыцкіх сербаў і карпацкіх русінаў зараз узначальвае фактычна асноўную інстытуцыю ўсёй заходнерускай плыні – Цэнтр еўразійскіх даследванняў пры Філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў Мінску, а таксама выкладае ў гэтым ВНУ і на гістарычным факультэце БДУ. Дарэчы, мінскі філіял РДСУ – гэта адзіная ў свеце навучальная ўстанова, якая належыць фантомнай “Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі” і фінансуецца з “саюзнага бюджэту”[25]. Пры гэтым сам РДСУ – установа вельмі цікавага паходжання, бо з’яўляецца пераемніцай Маскоўскай вышэйшай партыйнай школы і Расійскага сацыяльна-палітычнага інстытута ЦК Кампартыі РСФСР[26]. Сабраўшы на грошы “саюзнай дзяржавы” пад дахам гэткай экзатычнай навучальнай установы ўвесь “колер” мясцовага заходнерусізму (са спісам супрацоўнікаў Цэнтру еўразійскіх даследванняў можна азнаёміцца на сайце РДСУ: http://www.rgsu.by/index.php?cat=centr/main ), грамадзянін Расіі Шаўчэнка дакладна ведае, якая ідэалогія павінна панаваць у незалежнай Рэспубліцы Беларусь:

“Найбольш адэкватнай і гістарычна апраўданай падставай Рэспублікі Беларусь і абгрунтаваннем яе месца ў цывілізацыйнай сыстэме каардынат павінен зрабіцца не штучны культ ВКЛ і Рэчы Паспалітай, які насаджаецца зверху, а ідэалогія напаўзабытага заходнерусізму, што арганічна спалучае ў сабе як прызнанне этнакультурнай самабытнасці беларускага народу, так і яго прыналежнасць да агульнарускай цывілізацыйнай прасторы. Менавіта ў сэнсавых і каштоўнасных межах заходнерусізму, а зусім не ў межах ВКЛ і тым больш не Рэчы Паспалітай, магчымы паспяховы і арганічны пошук гістарычнай суб’ектнасці беларусаў”[27].

У спісе супрацоўнікаў Цэнтру еўразійскіх даследванняў пры мінскім філіяле РДСУ можна адшукаць і іншага ключавога ідэолага сучаснага заходнерусізму – доктара (па іншай версіі – кандыдата) гістарычных навук Аляксандра Бендзіна. Гэты ўраджэнец г. Ізмаіла Адэскай вобласці ўжо ў разгар перабудовы, у 1989 годзе, абараніў ў БДУ кандыдацкую дысэртацыю на выключна высоканавуковую тэму “Дзейнасць Кампартыі Беларусі па ідэйна-палітычнаму выхаванню студэнтскай моладзі (1928 – 1937 гг.)”. Такая практычная скіраванасць яго навуковай думкі дазволіла Бендзіну атрымаць працу ў міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, а з 1997 г. стаць дацэнтам факультэта тэалогіі (!) Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Пасля выгнання ЕГУ з Беларусі ў 2004 г. Бендзін застаўся працаваць у Мінску, у створаным на базе вышэйназванага факультэту Інстытуце тэалогіі БДУ. Як спецыяліст па камуністычнай ідэйна-выхаваўчай працы, ён знайшоў добрае прымяненне сваім ведам і навыкам у лоне Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы – з’яўляецца чальцом Калегіі Выдавецкай рады БЭ РПЦ, а таксама адказным рэдактарам і кіраўніком рэдакцыйнай рады “Міжнародных Кірыла-Мяфодзеўскіх чытанняў”, якія выдаюцца экзархатам. Што да ўласна навуковай працы Аляксандра Бендзіна, то яго адзіная сур’ёзная манаграфія “Праблемы верацярпімасці ў Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі (1863 – 1914)” пабачыла свет у 2010 годзе. Згодна з афіцыйнай біяграфіяй аўтара, за гэтую кнігу ў 2013 г. ён стаў лаўрэатам Макар’еўскай прэміі, якая прысуджаецца фондам, заснаваным Рускай праваслаўнай царквой, Урадам Масквы і Расійскай акадэміяй навук, а таксама “па гэтай жа тэме абараніў у кастрычніку 2013 году доктарскую дысэртацыю”[28]. Але, як не дзіўна, на старонцы кафедры багаслоўя Інстытута тэалогіі БДУ, дзе Аляксандр Юр’евіч мае асноўнае месца працы, ён дасюль лічыцца кандыдатам гістарычных навук[29] (відаць, абароненая ў Расіі доктарская ў Беларусі не настрыфікаваная). Але навуковая дзейнасць, пэўна, ужо даўно не з’яўляецца асноўнай сферай інтарэсаў лаўрэата Макр’еўскай прэміі. Затое Бендзін зараз – адзін з найбольш пладавітых аўтараў інтэрнет-сайту “Западная Русь”. Там ён самааддана бароніць ідэалы заходнерусізму перад абліччам “новага нацыяналістычнага дыскурсу, які мае быць неадкладна створаны для ідэйна-гістарычнай легітымацыі існай “незалежнасці” і таго палітычнага рэжыму, які яе ўвасабляе” (што праўда, у іншым месцы гэтага ж тэксту характарызуе “нацыяналістычны дыскурс” як ужо створаны і ўяўляе сабою “палітыка-культурную ідэалогію, якая абгрунтоўвае перавагу дзяржаўнага існавання беларускай нацыі над такой формай сумеснага пражывання народаў, як Расійская імперыя”[30]), а таксама сыпле абразамі на адрас беларускіх “нацыяналістычных” даследчыкаў – ад А. Цвікевіча да І. Мельнікава. І гэта ўсё для таго, каб давесці да ведама чытачоў дастаткова банальныя для заходнерусаў рэчы:

“Заходнерусізм адстойвае ідэі агульнарускага адзінства, зацвярджае права беларусаў думаць і гаварыць на рускай мове, бачыць у нацыянальнай культуры гістарычны рускі пачатак і змест. Заходнерусізм – гэта гістарычная і ментальная легітымнасць арганічнай датычнасці беларусаў да Рускага свету”[31].

У названым Філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў Мінску у якасці намесніка загадчыка Цэнтру еўразійскіх даследванняў падвізваецца і яшчэ адзін з першапачынальнікаў праекту “Западная Русь” кандыдат гістарычных навук Аляксандр Гронскі – аўтар вызначэнняў “беларусамарфізм” для беларускай нацыянальнай ідэі, “квазісамаідэнтыфікацыя” для беларускай нацыянальнай традыцыі і “крыптарэвізіянізм” для беларускай гістарычнай памяці[32], яры барацьбіт за гістарычную рэабілітацыю падаўляльнікаў паўстання 1863-1864 гг. у Беларусі[33] і за аднаўленне помніка цару Аляксандру ІІ у Мінску[34]. Тэксты Гронскага вылучаюцца, бадай, найбольшай “навукападобнасцю” сярод опусаў адэптаў заходнерусізму, але вось адказ на пытанне пра паходжанне і сутнасць беларусаў гэты інтэлектуал дае гранічна просты:

“Тады (у пачатку ХХ ст. – аўт.) спецслужбамі Германіі і Аўстра-Венгрыі пачаў рыхтавацца праект расколу адзінага рускага этнасу на 3 народы: на рускіх, украінцаў і беларусаў. Гэтыя ідэі былі падхопленыя як нешматлікімі яшчэ этнасепаратыстамі у Маларосіі і ў Беларусіі, так і інтэрнацыяналістамі-бальшавікамі, галоўным ворагам і ахвярай якіх заўсёды быў рускі народ, гэта “велізарная, кансэрватыўная сялянская маса, што тармазіла перамогу сусветнай рэвалюцыі”. Аднак, усе домыслы пра тое, што беларусы – нібыта асобны, нярускі народ, разбіваюцца аб трывалую сцяну гістарычных крыніц, велізарны масіў якіх цалкам абгрунтоўвае тую навуковую тэорыю і народную ідэю, якія лічаць беларусаў рускім народам з рускай культурай і рускай этнічнай самасвядомасцю”[35].

Характэрна, што чалавек, які такім чынам бачыць беларускую гісторыю і беларусаў, яшчэ з’яўляецца і актыўным універсітэцкім выкладчыкам, сумяшчаючы пасады дацэнта кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і дацэнта Інстытута бізнэса і мэнеджмента тэхналогій БДУ. Можна толькі ўяўляць сабе, якія веды нясе і якія ідэі прывівае ён там студэнтам, але вось пра тое, якім чынам адбываецца працэс навучання ў Гронскага, ёсць дакументальныя сведчанні саміх студэнтаў:

“Быў на палове першай лекцыі, на ёй ён распавядаў гістарычныя анекдоты ў стлі савецкага палітінфарматара пра Чэрчыля, Сталіна, Мадлен Албрайт і яшчэ кагосьці… Чамусьці на языку круціцца вызначэнне “маніпулятар свядомасцю””, або “Залік па паліталогіі ўяўляў сабою залік па сітуацыі ва Ўкраіне (смайл). Здалі ўсе”[36].

Між іншым, нават беглае вывучэнне пытання пра ступень інфільтрацыі заходнерусамі вышэйшых навучальных установаў Беларусі дае вельмі цікавыя вынікі. Вышэй ужо згадваліся Леў Крыштаповіч у БДУКіМ, Кірыл Шаўчэнка ў Філіяле РДСУ ў Мінску, Аляксандр Бендзін у БДУ і Аляксандр Гронскі ў БДУІР і тым жа БДУ. Апрача іх у Белдзяржуніверсітэце вучаць студэнтаў і іншыя актыўныя ўдзельнікі праекту “Западная Русь”: кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры міжнародных адносінаў Вадзім Ялфімаў, кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры паліталогіі Усевалад Шымаў, доктар сацыялагічных навук, прафесар кафедры сацыялогіі Дзмітрый Бязнюк, доктар гістарычных навук, прафесар Эдуард Загарульскі. Не бракуе іх і ў іншых мінскіх ВНУ: у Мінскай духоўнай акадэміі – кандыдат багаслоўя, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Гардзей Шчаглоў, кандыдат гістарычных навук, прафесар кафедры царкоўнай гісторыі Валянціна Цяплова і прафесар Віталь Антонік; у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь – кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры сацыяльных навук Аляксандр Кісялёў; у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце – кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры паліталогіі, сацыялогіі і сацыяльнага кіравання Аляксей Бяляеў; у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў – кандыдатка мастацтвазнаўства, дацэнт Ларыса Густава; у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце – доктар гістарычных навук, прафесар Сяргей Рассадзін; у Беларускім дзяржаўным універсітэце радыёэлектронікі і інфарматыкі – калега А. Гронскага па кафедры, кандыдат гістарычных навук Юрый Паўлавец. Іх аднадумцы даносяць гуманітарныя веды да маладога пакалення беларусаў у многіх вядучых рэгіянальных універсітэтах краіны: у Гродзенскім дзяржуніверсітэце кафедрай гісторыі славянскіх дзяржаў ужо шмат гадоў загадвае кандыдат гістарычных навук Валеры Чарапіца і на той жа кафедры працуе яго вучань кандыдат гістарычных навук, дацэнт Віктар Лінкевіч; у Брэсцкім дзяржуніверсітэце выкладае доктар гістарычных навук, прафесар кафедры філасофіі Барыс Ляпёшка; у Віцебскім дзяржуніверсітэце – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры літаратуры Алена Крыклівец.

На падставе гэтага далёка не поўнага спісу цяжка нават палічыць, якая колькасць беларускіх студэнтаў штодня знаходзіцца пад непасрэдным уплывам удзельнікаў “Западной Русі”. А яны, як можна было ўжо пераканацца, маюць даволі своеасаблівае бачанне Беларусі і беларусаў, што можна падмацаваць яшчэ адной цытатай з сайту праекту:

“Заходнерусізм звернуты да натуральнага працэса аб’яднання Рускага свету, Рускай зямлі, Рускай цывілізацыі… Заходнерусы лічаць сябе рускімі людзьмі у тым сэнсе, што яны належаць да трыадзінай рускай нацыі (вялікаросаў, маларосаў і беларусаў), жывуць на тэрыторыі Заходняй Русі, Белай Русі. Таму “заходнерускі” і “беларускі” – для іх паняцці не этнічныя, але тэрытарыяльна-геаграфічныя… Сучасныя заходнерусы сыходзяць з фундамэнтальнага прынцыпу геапалітыкі, згодна з якім лімітрофы ад пачатку нежыццяздольныя, па вызначэнні не могуць прадэманстраваць высокую культуру, эканамічную і палітычную самадастатковасць, не ў стане забяспечыць сваю бяспеку”[37].

А таму пажаданая для заходнерусаў будучыня нашай краіны выглядае зусім адназначна:

“Заходнерусізм лічыць найвялікшай каштоўнасцю адзіную рускую дзяржаўнасць, … лічыць разбурэнне Расійскай Імперыі і Савецкага Саюза найвялікшымі гістарычнымі трагедыямі. І ніяк не можа разглядаць дзяржаўную незалежнасць Белоруссіі як безумоўную і вечную самакаштоўнасць”[38].

Усё вельмі проста і ясна! Не менш цікавы і палітычны ідэал заходнерусаў, які яны мяркуюць праводзіць у жыццё у выпадку пажаданых для іх геапалітычных зменаў у нашым рэгіёне:

“Ідэалогія заходнерусізму зліваецца з кансэрватыўнай агульнарускай ідэалогіяй “Праваслаўя – Самадзяржаўя – Народнасці”. Зараз, на жаль, пакуль яшчэ няма выразнай грамадскай сілы, якая б трымала на сваіх сцягах заходнерускую ідэалогію. Але да рэвалюцыі 1917 году такой быў зганены на працягу цэлага стагоддзя аднолькава ліберальнай, нацыяналістычнай і рэвалюцыйна-сацыялістычнай прапагандай рух чорнасотніцтва… Асаблівая ўвага надавалася чорнасотніцтвам вярхоўнай дзяржаўнай уладзе: адпрэчваючы партыйны парламентарызм з дэцэнтралізацыяй улады і сталай партыйнай і індывідуальнай барацьбой за яе і карысныя інтарэсы ў ёй усімі сродкамі і прыёмамі…, яны ўсяляк баранілі паўнавартасную, надсаслоўную, пазапартыйную, аўтарытэтную, адказную, устойлівую і бестэрміновую ўладу першай асобы ў дзяржаве як падставы справядлівасці і міру ў Айчыне”[39].

Нельга адмаўляць, што ў чымсці ідэал дзяржаўна-палітычнага ладу чорнасотнікаў-заходнерусаў у Беларусі ўжо дасягнуты, але хочацца спадзявацца, што фармальнае яго замацаванне нам пакуль не пагражае.

Калі коратка падводзіць вынікі гэтага агляду ідэяў сучаснага заходнерусізму, выказаных у беларускай медыя-прасторы, то напрошваюцца тры простыя высновы:

– Ідэалогія заходнерусізму наўпрост варожая беларускай нацыянальнай ідэі ўвогуле, ды ідэі самакаштоўнасці беларускай дзяржаўнасці ў прыватнасці.

– Шырокі распаўсюд гэтай ідэалогіі (да ўзроўню, калі “ідэя авалодвае масамі”), асабліва ў колах студэнцкай моладзі, ды ў іншых колах з яшчэ не сфармаваным да канца светапоглядам, можа спрыяць фармаванню і ўзмацненню ўнутры Беларусі антыбеларускіх, антынезалежніцкіх прарасійскіх асяродкаў.

– Маючы на ўвазе неабходнасць інфармацыйна-прапагандысцкага і інтэлектуальнага супрацьстаяння распаўсюду ідэалогіі заходнерусізму, варта таксама не выключаць магчымасць ацэнкі выказванняў яе адэптаў у беларускіх СМІ з пункту гледжання іх адпаведнасці прававым нормам, у прыватнасці артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу (заклікі да дзеянняў, скіраваным на шкоду знешняй бяспецы Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абароназдольнасці).

 

 

Ігар Лялькоў,

намесьнік страшыні Партыі БНФ