Рэліґійныя і сацыяльныя погляды Вінцэнта (Канстанціна) Каліноўскага

Звыкла пішуць, што Вінцэнт Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі, начальнік Літоўскага Правінцыяльнага Камітэту (1) прытрамліваўся скрайне “чырвоных”, гзн. сацыялістычных поглядаў. Наадварот праўдзівы аналіз гэтых поглядаў дазваляе надаць нашаму правадыру характарыстыку “радыкальны кансэрватар”. Бо тое, што павінна было б быць адноўлена згодна яго канцэпцыі ўжо колісь істнавала ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Ці верыў Каліноўскі ў Бога?

Звыкла сучасныя дасьледчыкі проста мінаюць рэліґійны аспэкт у творах Каліноўскага, кажучы напрыклад як сп.Генадзь Кісялёў у прадмове да кнігі “Кастусь Каліноўскі” цытуючы сп. Я.Запрудніка (2):

“Слушнай у сваёй аснове здаецца думка, што рэліґійнае пытаньне на старонках “Мужыцкай праўды” “трактавалася перш-наперш як пытаньне рэвалюцыйнае тактыкі паўстаньня, а не асабістых перакананьняў рэдактара, ці рэдактароў ґазэты…Улічвалася галоўна рэліґійныя перакананьні й пачуцьці тых, для каго гэта ґазэта пісалася – сялянаў. Каліноўскі быў ня рэліґійным прапаведнікам, а прапаведнікам народнае рэвалюцыі”.

Дадзеная тэза дарэчы заўсёды фігуравала і ў падручніках камуністычнай эпохі. Зьвернемся аднак да таго, што на гэты конт кажа сам Каліноўскі. Найперш трэба адзначыць, што разважаньні Каліноўскага ня носяць абстарктнага характара, а ён сам выказваецца ад свайго імя, або ад імя супольнасьці, якую прадстаўляе, напрыклад:

“Толькі, дзецюкі, сьмела, бо з намі Бог і праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваці трудна, бо боска моц вяліка, а народу многа.” (3)

“А што граху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалёві, таго ніколі Бог не даруе.” (4)

“Таго, хто нам добра думае, мы выганяем, таму, хто нам ліха робіць, мы памагаем, – і чы ж не грэшна перад Богам, а не стыдна перад цэлым сьветам – самі скажэце?” (5)

“Такая вялікая справа, якая ёсьць справай ня толькі Польшчы, Літвы і Русі, а ўсяго сьвету, праўды і сьвятла, ня можа загінуць; дарэмна будуць высільвацца каты: у сваіх уласных грудзях пасеюць яны зерне, якое раней або пазьней узыдзе; мы апосталы і прарокі, і ёсьць у нас сіла Боская і маскоўскае пекла яе не адужае.” (6)

З вышэйпрыведзеных цытытаў можна зрабіць выснову, што стасунак Каліноўскага да Бога быў глыбока асабісты, які станавіў маральны імпэратыў: не рабі, слухай і г.д. Да таго ж ґрунтуючыся на цытаце сп.Кісялёва трэба адмовіць Каліноўскаму праўдамоўнасьці. Бо калі ён аб Пану Богу казаў выключна да слухачоў, не маючы ў душы падобных перакананьняў, то трэба падазраваць не малую ступень аблуднасьці, якая ў той час мабыць яшчэ не была б успрынята людам, не ў параўнаньні да сёньняшняга часу. Другі ўскосны факт, які падважае сёньняшнія спробы паказаць тагачасны вызвыленчы рух як рэліґійна абыякавы, гэта сьведчаньне таго ж сп.Кісялёва разам із сп.Запруднікам, калі яны кажуць, што “…Улічвалася галоўна рэліґійныя перакананьні й пачуцьці тых, для каго гэта ґазэта пісалася – сялянаў”. Дык па перша, як жа Каліноўскі, які быў найшчырэйшым рэпрэзэнтантам гэтага пласту, мог быць сам нагэтулькі рэліґійна індыфэрэнтны, тым болей, што паходзіў ён не зь сялянаў, але з дробнай шляхты? А па другое, гэта значыць, што люд наш у тамтым часе быў шчыра веруючы, не ў прыклад сёньняшняму.

Якую Царкву бараніў?

Пяройдзем да другога аспэкту рэліґійнай дактрыны Каліноўскага, а менавіта да асьвятленьня міжканфэсыйных стасункаў. Неабходна адзначыць цэласнасьць поглядаў Каліноўскага, якія ўсебакова вызначаюць патрэбу збаўленьня ў праўдзівай Царкве-Касьцёле, што была ўсталявана Богам. Перад усім відаць клопат аб душы чалавека: дзе яна апынецца пасьля сьмерці – у раі, чы ў пекле.

“Калі Бог, стварыўшы чалавека, даў яму душу, то не на тое, каб ён жыў, як сабака, на гэтым, а на тамтам сьвеце прападаў на век вякоў у мэнках пякельных, – а для таго, дзецюкі, каб знаў закон Божы, знаў свайго Бога, знаў сваю веру і заслужыў на шчасьце нябеснае. Калі Сын Боскі, прыйшоўшы на гэты сьвет, устанавіў праўдзівую веру і за гэту веру цярпеў крыжовыя мэнкі, то не для таго, каб якіясь там цары маскоўскія, байстручага роду, перамянялі закон Божы, а мы, на прыказ гэтых цароў, выракаліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў і не хвалілі Бога, а радню царскую, но для таго, дзецюкі, Бог найвышшы цярпеў за нас, каб закон яго быў ужэ вечны, каб ніхто ня сьмеў перамяняці, а мы з цэлай моцы трымаліся яго.” (7)

“Но чы гэтак дзецюкі, робіцца ў нас, як сам Бог прыказвае, чы дзержымся мы закону боскага? Самі скажэце. Ні адзін ужэ, можа, забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры і ніколі ўжэ не спомніць на тое, што перавярнулі яго на сызму, на праваслаўе, што ён сягодня, як той сабака, жыве без веры і, як сабака, здохне чартам да пекла!!! О, дзецюкі, ліха такому чалавекові! А калі мы будзем гэтак рабіці з Богам, так што ж Бог найвышшы з намі зробіць? Аддасьць у пекла на вечныя мэнкі, будуць чэрты душу нашу на кускі рваці, а смала ў вантробах кіпеці будзе. Пазнаеш тады сваё ліха – но ў пекле паняўчасе ўжэ будзе, не перапросіш тагды ўжэ справядлівага Бога і мэнкам тваім ніколі канца не будзе.” (8)

“З сыстэмай Мураўёва неўзабаве пасыплюцца на нашы ўраджайныя нівы калёніі Масквы, чыноўнікі-маскалі, татарскія школы і схізматыцкія цэрквы, разарвуць землі і распрададуць іх грабежнікам. Літва станецца пусткай, турмой і вернай маскоўскай правінцыяй…” (9)

“Зь дзядоў і прадзедаў была ў нас уніяцкая вера, гэта значыць, што мы будучы грэцкай веры, прызнавалі за намесьнікаў Боскіх сьвятых айцоў, што ў Рыме. Царом маскоўскім і гэта стала завідна, для таго, скасаваўшы ў Маскве грэцкую веру, а зрабіўшы царскую, што то называецца праваслаўе, і нас адарвалі ад праўдзівага Бога і ўпісалі ў сызму пагану. Такім спосабам, абабраўшы з гроша, з рук спасобных, запраглі нас у паншчызну, і каб сьлёзы мужыцкія ня трапілі перад трон праўдзівага Бога, забралі нам і духоўну нашу пацеху – нашу веру ўніяцкую.” (10)

“Паказываюць людзі, што сьвенты Ойцец аж з Рыму прыслаў да нас сваё блаґаславеньне (но маскаль яго спыняе) – гавораць, што прышле і ксяндзоў, што будуць прымаці на ўніяцкую веру. Тагды, дзецюкі, хто адно верыць у Бога, яго Сына і Духа Сьвятога, няхай зараз пакідае сызму і пераходзіць на праўдзівую веру дзядоў і прадзедаў. Бо хто не пяройдзе на ўнію, той сызматыкам застанецца, той, як сабака, здохне, той на тамтам сьвеце пякельныя мэнкі цярпеці будзе!” (11)

З прыведзеных цытатаў відаць, што Каліноўскі выдатна разумее глыбокую Боскую праўду аб тым, што толькі адна царква можа быць збаўленчай і ня можа быць іх некалькі. З практычным выкананьнем данай праўды зьвязаны яго клопат аб збаўленьні цэлага нашага народу.

Апісаньне жахлівых мукаў у пекле, параўнаньне із псамі сьведчаць аб павазе да пытаньня, што мае лёсавызначальны характар для душы чалавека. Каліноўскі выказвае глыбокую надзею на тое, што толькі згодны з абачнасьцю Божай плян можа прынесьці шчасьце для кожнага чалавека на зямлі. Не відаць тут рэліґійнай абыякавасьці, але глыбокую і праўдзівую веру:

“Но, Божа вшэхмоцны, міласерны ты наш Пане, ты аб нас не забывай, зьлітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выжані маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасьць і веру нашых дзядоў і прадзедаў, а касьцёлы, што маскаль, нячыста яго сіла, параскідаў альбо перарабіў на стайні і цэркві, зноў заясьнеюць тваёю хвалою і народ у ніх хваліці цябе будзе, як хвалілі нашыя прэдкі. Засьпяваем тагды ў адзін голас нашу песьнь сьвятую: “Сьвенты Божэ, сьвенты моцны, сьвенты несьмертэльны – зьмілуй се над намі!” – і Бог найвышшы зьмілуецца над намі, дапаможа нам у нашай працы, а на тамтам сьвеце дасьць крулества нябеснае – і не будуць ужэ дзеткі нашыя сваю матку праклінаці, што на сьвет радзіла!…каб Бог вшэхмоцны дапамог людзям, што дабро нам думаюць, што хочуць, каб мы былі вольныя, як шляхта, мелі сваю зямлю, як шляхта, хвалілі Бога па праўдзе і заслужылі на Неба на тамтам сьвеце. Гэтага для вас ад душы хоча ваш брат, такі самы зь дзядоў-прадзедаў мужык, як і вы, но яшчэ ўніяцкай веры.” (12)

Які кшталт грамадзтва быў яму найбліжэй?

Пяройдзем цяпер да абмеркаваньня ідэалягічна-сацыяльнай канцэпцыі Каліноўскага. Агульна ўважаецца, што ён быў безумоўным рэпрэзэнтантам як найбяднейшых пластоў насельніцтва – сялянаў, і ў сувязі з гэтым Каліноўскага адносяць да радыкальных сацыялістаў водле яго поглядаў. Непасрэдныя сьведчаньні самога Каліноўскага на гэты тэмат нам не вядомыя, ёсьць адно выказваньні іншых асобаў пра яго, што дайшлі да нас.

Аб стаўленьні Каліноўскага да Бога мы падрабязна гаварылі ў першай частцы артыкулу, і яно на нашу думку выключна яснае – Каліноўскі ані ня быў атэістам, ані аґностыкам. Паводле дадзенага аспэкту ён аніяк ня можа быць залічаны да “левакоў”, але толькі да консэрватараў. Зараз жа засяродзімся на іншых аспэктах яго сьветапогляду.

Стаўленьне Каліноўскага да Айчыны непарыўнае ад асабістай сувязі з Панам Богам. Справа змаганьня за Айчыну для яго Боская справа. Цэнячы нагэтулькі высока гэты дар Божы, а менавіта магчымасьць мець сваю Айчыну ён зьяўляецца безумоўным і пасьлядоўным патрыётам, чаго не скажаш аб дзеячах-сацыялістах, тутака ізноў працытуем выдатны момант з ґазэты “Głos z Litwy”:

“Такая вялікая справа, якая ёсьць справай ня толькі Польшчы, Літвы і Русі, а ўсяго сьвету, праўды і сьвятла, ня можа загінуць; дарэмна будуць высільвацца каты: у сваіх уласных грудзях пасеюць яны зерне, якое раней або пазьней узыдзе; мы апосталы і прарокі, і ёсьць у нас сіла Боская і маскоўскае пекла яе не адужае.” (13)

“І вось закіпела зацятая барацьба з новым парадкам рэчаў, і самы нешчасьлівы народ, народ, насільлем і здрадай пазбаўлены ўсіх натуральных правоў, нарэшце народ, які сярод эўрапэйскіх мае самую сьвятую і чыстую мінуўшчыну, якім зьяўляецца польскі народ зь Літвой і Русьсю, натуральным парадкам рэчаў стаў прадстаўніком, рыцарам аднаго лаґэра.” (14)

“Дык разам да працы браты, а калі надыдзе час, паднімем сьцяг свабоды, і праклятая сіла захопнікаў згіне, як імгла перад сонцам. Тады маці-радзіма зазьзяе больш магутнай, адродзіцца больш шчасьлівай, чым была калі-небудзь. Бо зазьзяе бляскам справядлівасьці, адродзіцца сілай згоды і роўнасьці сваіх сыноў.” (15)

І найбольш горача, амаль як запавет, кажа Каліноўскі пра Айчыну ў “Пісьмах з-пад шыбеніцы”:

“Но як дзень з ноччу ня ходзяць разам, так ня йдзе разам наука параўдзіва зь няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, ня будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, – адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу. Для таго, Народзе, як толька пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду і свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду, но ўхапіўшы за што зможаш, за касу, за сакеру, цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную”.

Наступныя аспэкты поглядаў Каліноўскага, якія нас цікавіць – гэта стаўленьне да формы дзяржаўнага ладу, а таксама эліты – шляхты. Непасрэдна аб форме Каліноўскі не выказваецца. Стасунак Каліноўскага да Расейскай Імпэрыі ёсьць адназначна нэґатыўны, што зразумела, паколькі яна зьяўляецца захопнікам нашага краю. Але належыць заўважыць у поглядах Каліноўскага пачуцьцё адвечнай справядлівасьці. З гэтага пачуцьця вынікае аб’ектыўны падыход да пытаньняў паншчызны і манархічнай улады. Вось жа Каліноўскі ня ганіць шляхту як стан увогуле, тым болей, што сам ён належаў да гэтага стану. Ён заўважае неадпаведнасьць паміж узаемадачыненьнямі станаў на працягу гісторыі. Кожны стан мае ўласныя правы і абавязкі, і толькі пры іх выкананьні узьнікае справядлівая сыстэма ўзаемадачыненьняў. Калі ж адзін са станаў пачынае іх парушаць, натуральна што і іншы ня лічыць зьвязаным сябе якімі-кольвек абавязкамі. Калі раней шляхта сапраўды бараніла сваю Айчыну, дык і паншчызна – праца сялян на палетках шляхціча выглядала як справядлівая кампэнсацыя за праліцьцё крыві. Тады ж як шляхта перастала клапаціцца пра быт сваёй Айчыны, а захацела выключна панаваць над падданымі, нават дзякуючы зьнешняй збройнай сіле – царскім войскам, дык і люд просты ня быў ужо абавязаны ёй жаднай паншчызны, цытата:

“Быў то калісьці народ наш вольны і багаты. Ня помняць гэтага нашыя бацькі і дзяды, но я вычытаў у старых ксёнжках, што так калісьці бывала. Паншчызны тагды ніякай ня было. І няма чаго таму дзівавацца, бо было лесу шмат, поля колька хочаш, а людзей то мала, так нашто служыць паншчызну за зямлю, калі кожны мог лесу выцерабіць, хату сабе паставіць і меці сваё поле.

Но ў суседзтве з намі жыў Немец і Маскаль. Аднаму і другому багацтва нашае калола ў очы – каб іх так колька схапіла, да і хацелі нас сагнаць з нашай бацькаўшчыны. Трэба было бараніціся, так Кароль кажа – “хадзем бараніці”, а тут ня ўсе ідуць, да і мала нашых пайшло. Выгналі то Маскаля і Немца – но каб жэнкі да і дзеці гэтых, што хадзілі на вайну, мелі за чым пражыці, так Кароль наш і напісаў такое права: “Гэтыя, што ня хочуць ісьці бараніці сваёй зямлі, няхай абрабляюць поле гэтым, што б’юцца за вольнасьць і шчасьце ўсіх”. І гэтак было доўга: адне баранілі краю, усё хадзілі па войнах, а другія то гаралі, то сеялі, то касілі, то жалі. Згэтуль то і ўзялася гэта паншчызна. Судзеце ж цяпер самі, чы можна было зрабіці справядлівей, як зрабіў калісьці наш Кароль Польскі да і Літоўскі? Но калі Маскаль зь Немцам хітрасьцею нас падбіў і пайшоў ронд маскоўскі, так і ўсё зрабілася па-чартоўску. Стаў зараз маскаль свой ронд уводзіць у нашым краю і кажа: “Мужык, давай рэкрута, мужык, давай падаткі, да і паншчызну яшчэ служы альбо плаці аброк у казну!” Так якая ж тут ужэ справядлівасьць, калі ўсенька, што цяжка, зваляюць на мужыка, калі зь яго дзяруць астатню шкуру, б’юць і плакаць не даюць! Ачунялі то мужыкі, угледзелі, што кепска, дай давай бунтавацца пад Касьцюшкаю, а Касьцюшка то кажа: “Калі мужыкі хочуць ужэ самі бараніці сваю зямлю, так няхай жа ня служаць паншчызны да і ня плацяць у казну аброку за зямлю”. От гэта так справядлівасьць!” (16)

“…каб мы былі вольныя, як шляхта, мелі сваю зямлю, як шляхта, хвалілі Бога па праўдзе і заслужылі на Неба на тамтам сьвеце.” (17)

Абагульняючы, трэба сказаць, што немагчыма аднесьці погляды Каліноўскага да выразна сацыялістычных. Перашкаджае гэтаму ў першую чаргу глыбокая вера ў Бога, вера ў залежнасьць лёсаў на зямлі ад звышнатуральных рэчаў. Яго стасунак да Айчыны таксама адбягае ад прынцыпаў сацыялістычных і камуністычных, а сёньня і лібэральных інтэрнацыяналаў. Стасунак да формы дзяржаўнага ўладкаваньня і маёмаснага пласту вызначаецца імкненьнем аднавіць справядлівы характар узаемадачыненьняў паміж станамі, што як раз не супярэчыць кансэрватыўнай ідэі, бо прадугледжвае аднаўленьне больш глыбокай традыцыі, той што была яшчэ ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.

 

Аляксандар Стральцоў-Карвацкі

Спасылкі:

1.Літоўскі Правінцыяльны Камітэт – тымчасовы ўрад паўстаньня 1863 г. на літвінска-беларускіх землях і Жмудзі.
2.Запруднік Я. “Мужыцкая праўда” – набат паўстаньня 1863 году”
3.“Мужыцкая праўда” N 3
4.“Мужыцкая праўда” N 5
5. там жа
6.“Głos z Litwy”, Вільня, 30.01
7.“Мужыцкая праўда” N 6
8. там жа
9.“Głos z Litwy”, Вільня, 3.03
10.“Пісьмы з-пад шыбеніцы”
11.“Мужыцкая праўда” N 6
12. там жа
13.“Głos z Litwy”, Вільня, 30.01
14.“Głos z Litwy”, Вільня, 14.02
15.“Chorągiew swobody”, перадавы артыкул да N 1
16.“Мужыцкая праўда” N 2
17.“Мужыцкая праўда” N 6