Сумніўны “саюзьнік”

Перакідваньне супярэчлівымі заявамі паміж міністэрствамі абароны Расеі і Беларусі праясняе характар стасункаў паміж “партнэрамі” па вучэннях Захад-2017.

Паведамленне з РФ гучала ясна: танкі 1-й танкавай арміі рушаць маршам на тэрыторыю Беларусі. Адпаведны рэліз быў распаўсюджаны медыямі, і яшчэ цяпер гэтае паведамленьне вісіць на сайце расейскага мінабароны без аніякіх зьняпраўджваньняў. У беларускага ж абароннага ведамства толькі пад вечар зьявіўся каментар што, маўляў, гэта частка легенды вучэньняў, якая не прадугледжвае рэальнай перагрупоўкі дадатковых частак на тэрыторыю Беларусі.

З гэтага дыялогу прэс-службаў двух штабоў можна зрабіць наступныя высновы:

Па-першае, расейскі бок у межах вучэньняў мае (і рэалізуе) свой сцэнар і вырашае свае задачы, нават не ставячы ў вядомасьць сваіх беларускіх партнэраў. У тым ліку ў гэтай сепаратнай, ценявай частцы вучэньняў Масква адпрацоўвае пераброску войскаў у Беларусь бяз згоды і без запрашэньня беларускага боку. Такім чынам, сцэнар інтэрвенцыі і захопу нашай краіны Крамлём адпрацоўваецца – і ўсё гэта ў межах быццам бы “сяброўскіх” вучэньняў! І беларускаму боку тут наканаваная роля не суб’екта, а аб’екта вучэньняў.

Па-другае, з улікам важнасьці інфармацыйнага складніку ў тых аперацыях гібрыднай вайны, якія апошнія гады здзяйсьняла Расея супраць сваіх суседзяў, “няўзгодненасьць” інфармацыі з штабоў Менску і Масквы не выглядае выпадковасьцю. Гэта разумны і пралічаны тэст – з мэтай атрыманьня зьвестак пра тое, як беларускі дзяржаўны і вайсковы апарат будзе рэагаваць на паведамленьні пра набліжэньне да беларускай мяжы расейскіх танкаў. Сучасныя вучэньні адбываюцца цяпер ня толькі на ўзроўні “жалеза”, але і на ўзроўні інфармацыйных атакаў. Беларускае вайсковае ведамства, якое адмаўляецца адказваць на пытаньні журналістаў, дэманструе сваю негатоўнасьць супрацьстаяць апэрацыям на інфармацыйным тэатры вайсковых дзеянняў.

Вучэньні “Захад-2017” – гэта сапраўды адпрацоўка Крамлём сцэнара анэксіі Беларусі мэтадамі гібрыднай вайны, з адпаведным інфармацыйным забесьпячэньнем. Падазраю, што ў бліжэйшыя дні (і па-за межамі пэрыяду афіцыйных вучэньняў) нас чакаюць новыя інфармацыйныя правакацыі.

Аляксей Янукевіч