Што значыць 17 верасьня?

У Беларусі пры набліжэньні 17 верасьня штогод узьнікаюць дыскусіі адносна таго, што азначаў “вызваленчы паход Рабоча-сялянскай чырвонай арміі”. Афіцыйны пункт гледжаньня такі, што адбылося ўзьяднаньне Беларусі і паход быў “вызваленчым”, наступствам чаму назвы вуліц “17 верасьня” у кожным мястэчку Заходняй Беларусі. Тым ня меней улады не адважваюцца ладзіць гучныя сьвяткаваньні ўзьяднаньня, гэтак як напрыклад сьвяткуюць 3 ліпеня, хаця даты і належаць да таго ж самага пэрыду часу і той жа самай падзеі – ІІ Сусьветнай вайны.

Не адважваюцца, бо разумеюць, што вызваленьне адбылося на паперы і ў дакумэнтах, але для людзей гэтага краю азначала ў тысячы разоў гвалтоўнейшы прыгон і рэпрэсыі, чым тыя што былі ў міжваеннай Польшчы. Гэты факт змушае і нас да рэфлексіі, як неабходна ацэньваць падзеі таго часу сёньня. Гучаць аргумэнты, што найважнейшым вынікам паходу сталася тое, што ён аб’яднаў усе беларускія землі і вызначыў межы сёньняшняй Рэспублікі Беларусь. Калі быць гістарычна дакладным, то не да канца, паколькі па-за межамі ў любым выпадку заставалася Смаленшчына, а Вільня і Беласток з Ломжай трапілі на кароткі прамежак часу.

За разважаньнямі аб узьяднаньні губляецца лёс звычайнага чалавека і нашай культуры. А гэта хіба найважнейшае. Бо інакш, кожная рэінкарнацыя Беларусі мусіць нас задавальняць, але вядома, што гэта ня так. Не можа нас задавальняць краіна, нават і пад назвай Беларусь, калі ў ёй не шануюцца правы грамадзяніна на абарону прыватнага жыцьця, прыватную ўласнасьць, свабоду рэлігіі, справядлівы суд і выбары, на разьвіцьцё нацыянальнай культуры. Тагачасная Польшча не была ідэальнай краінай, у ёй адбывалася парушэньне ў тым ліку грамадзянскіх і нацыянальных правоў, але трэба прызнаць, што гэты былі выдаткі росту. Да таго ж фактам ёсьць, што беларускі рух таго часу нажаль быў моцна інфільтраваны камуністычнай агэнтурай. Тым ня меней нават у такой Польшчы, нават насуперак пэўным памкненьням польскай дзяржавы, наш нацыянальны дух і нацыянальны рух меўся ў той дзяржаве на некалькі парадкаў лепш, чым у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы.

Існуе і глябальны аспэкт паходу, які неабходна мець на ўвазе. “Вызваленчы паход” азначаў пасоўваньне прасторы Савецкай Барбарыі на 400 км на Захад. Паход азначаў цывілізацыйны рэгрэс для Горадні, Берасьця, Ліды і тысячаў іншых мястэчак і вёсак нашай краіны, нарэшце ён азначаў забойства дзесяткаў а мажліва сотняў тысячаў найлепшых прадстаўнікоў нашага народу. Дамова і супольныя дзеяньні СССР разам зь Нямеччынай зводзяць на нішто права на маральную ацэнку сваіх дзеяньняў, як самога СССР, гэтак і усіх яго кааліцыянтаў.

Такі шлях разважаньняў неабходна праектаваць і ў будучыню, каб пазбавіцца ад фэтышызму назвы. Не любая і ня кожная Беларусь нам патрэбна, як і ня кожная Літва ці Крывія. Нам патрэбна хрысьціянскія дзяржава і грамадзтва, якія належаць да заходняга культурнага кола, дзяржава якая шануе свабоду і прыватную ўласнасьць і правы нашай культуры.

nationalinterestby.net