Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі – даданая вартасьць ці размовы “ні аб чым”?

У гэтыя дні ў Варшаве адбываецца VII Міжнародны Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі, які сабраў больш за 600 навукоўцаў з нашай краіны і яе суседзяў. Кангрэс ад пачатку свайго скліканьня пазыцыянуе сябе, як пляцоўка для альтэрнатыўных ці незалежных ад беларускай дзяржавы дасьледчыкаў. Звычайна ён адбываўся ў Коўні, але гэты першы раз сабраўся ў сталіцы Польшчы.

Зыходзячы з колькасьці дасьледчыкаў, прысутных на Кангрэсе можна зрабіць выснову аб яго прадстаўнічасьці, і гэта сапраўды так. Іншая справа, калі зьвернемся да навуковай складовай часткі Кангрэсу. Адразу варта заўважыць, што зьмешчаная ніжэй крытыка навуковых падыходаў дадзенага Кангрэсу не рэабілітуе навуковай ніякасьці, шэрасьці і закасьнеласьці ў камуністычных стэрэатыпах афіцыйнай навукі ў Рэспубліцы Беларусь, пры тым, што ў Кангрэсе бяруць удзел і супрацоўнікі беларускіх дзяржаўных навучальных і навукова-дасьледчых установаў у выпадку, калі маюць дастаткова моцную пазыцыю ў іх, і якім ня будзе пагражаць звальненьне за ўдзел у Канргэсе. Іх належала б выключыць зь ліку “афіцыёзных” дасьледчыкаў, якія навуку разумеюць як інструмэнт палітычнай ідэалёгіі.

У пераліку сэкцыяў Кангрэсу ёсьць вартыя ўвагі і насамрэч карысныя ў кантэксьце глябальных зьменаў, як напрыклад: 1.4. Прапаганда, дэзінфармацыя і расійская “мяккая сіла” у Еўропе  альбо 3.4. Беларуская ідэнтычнасць: мінулае і будучыня   Зрэшты эканамічныя сэкцыі, прадстаўленыя на Кангрэсе, датычаць рэальных праблемаў і рашэньняў, у галіне кіраваньня патокамі ва Ўсходняй Эўропе ці дэмаграфічным працэсам у рэгіёне.

Але відаць, што жаданьне выкарыстоўваць навуку на службе ідэалёгіі існуе ня толькі ў Крамлі ці афіцыйным Менску. Існуе яно таксама і сярод нібы “свабодных” і “вызваленых ад стэрэатыпаў” навукоўцаў Захаду, якія зьяўляюцца неаспрэчнымі аўтарытэтамі для нашых “вызваленых ад стэрэатыпаў”.

Цікава аб чым будзе весьціся гутарка ў панэлі  2.4.2. “Роўныя правы ў Беларусі: заканадаўства і яго выкананьне ў штодзённым жыцьці”, дзе чытаецца даклад “Расавая дыскрымінацыя ў Беларусі: новая агэнда (парадак дня) роўнасьці”? Хіба ўдзельнікі Кангрэсу ўжо ведаюць, што Аляксандар Лукашэнка вырашыў пайсьці на саступкі Эўрапэйскаму Зьвязу і “верноподданнически” забавязаўся прыняць некалькі дзесяткаў тысяч “уцекачоў” з Блізкага Ўсходу.

Ідзем далей па праграме і натыкаемся на сэкцыю 5. Жаночы эмансіпацыйны праект: утопія ці рэальнасць?  Знак пытальніка стаіць на канцы ў арыгінале. Напэўна удзельнікі і ўдзельніцы сэкцыі самі не ўпэўнены, ці здольныя ажыцьцявіць свае пастуляты, а гэта сьведчыць аб тым, што рэшткі розуму ў іх галовах яшчэ захаваліся.

Альбо яшчэ адна тэма панэлі: 9.3. Фемінізмы і вакол іх: жаночая і фемінісцкая плынь у беларускай літаратуры Сапраўды няма больш актуальных тэмаў у літаратуразнаўстве, чым згаданая? Хто вызначаў навуковую актуальнасьць дадзенай тэмы? Хутчэй за ўсё арганізацыйнае ядро Кангрэсу знаходзіцца пад моцным уплывам “культурнага марксізму” – левай ідэалягічна плыні ў заходняй філязофска-палітычнай думцы ХХ ст., заснавальнікамі якой зьяўляюцца: прадстаўнікі “заходняга марксізму” з Антоніё Грамшы на чале і так званай “Франкфурцкай школы” з Тэадорам Адорна і Гэрбэртам Маркузэ і іншымі. Навука тут як кажуць і блізка не стаяла…

 

nationalinterestby.net