Чуткі аб расколе ў Партыі БНФ моцна перабольшаныя…

На старонках рэсурсу http://www.belaruspartisan.org/politic/395098/ зьявілася інфармацыя аб тым, што Партыі БНФ, у якой на 30 верасьня бягучага году заплянаваны зьезд, пагражае раскол. На чале “фракцыі” раскольнікаў стаіць пан Мікалай Юшчук, старшыня арганізацыі Партыі БНФ Маскоўскага раёну г.Мінска.

  пан Мікалай Юшчук

Слова “фракцыя” тут сьвядома ўзята ў двукосьсе, бо ў рэальнасьці на баку пана Юшчука знаходзіцца ня больш за некалькі асобаў, таму аб расколе няма гутаркі. Вядома Партыю БНФ могуць пакінуць пан Юшчук і асобы зь ім зьвязаныя.

Цікавым аспэктам ёсьць тое, што пан Юшчук спрабуе акрэсьліць сваю нязгоду з кіраўніцтвам партыі, прыналежнасьцю да плыні Літвінаў і дэкляруе стварэньне партыі пад рабочай назвай “Вялікалітвінскі народны фронт і Рэспубліканскі саюз дэмакратычных сіл”.

Прысутнасьць тых, хто акрэсьлівае сябе як Літвіны у межах Партыі БНФ не навіна, але сумніўна каб пан Юшчук мог адыгрываць для большасьці гэтых людзей ролю лідара. Камічная пастаноўка пытаньня з утварэньнем партыі, бо вядома, што ў Беларусі не ўяўляецца мажлівай рэгістрацыя якой-небудзь партыі, хутчэй дыскрэдытуе літвінскі рух, чым яму дапамагае.

Невыпадковым зьяўляецца пры гэтым маўчаньне аднаго з агульнапрызнаных лідараў літвінскага руху, намесьніка старшыні Партыі БНФ пана Аляксандра Стральцова-Карвацкага. Стары “палітычны ліс” разумее кволасьць такой пастаноўкі пытаньня і сьмешнасьць “эпапеяў з новымі палітычнымі партыямі”.

 пан Аляксандар Стральцоў-Карвацкі

Падсумоўваючы, чуткі аб расколе ў Партыі БНФ зьяўляюцца моцна перабольшанымі, а літвінскаму руху трэба прытрымлівацца канструктыўных пазыцыяў, не скіраваных на канфрантацыю. Толькі тады ён зможа пазытыўна паўплываць на сытуацыю ў Партыі БНФ і Рэспубліцы Беларусь.

nationalinterestby.net