Трохмор’е ці Міжмор’е?

2017 год стаўся новым гучным пачаткам альбо рэанімацыяй канцэпцыі Міжмор’я альбо Трохмор’я, якую таксама называюць Ягэлёнскай канцэпцыяй з увагі на гістарычную спадчыну краінаў і земляў, якія знаходзіліся ў свой час пад панаваньнем дынастыі Ягэлёнаў.

У аткуальнае Трохмор’е ўваходзяць 12 краін: Эстонія, Латвія, Літва, Польшча, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Аўстрыя, Харватыя, Славенія, Румынія, Баўгарыя. Канцэпцыя Трохмор’я разумеецца заснавальнікамі, як выключна эканамічны, скіраваны на паляпшэньне транспартна-камунікацыйнай інфраструктуры на лініі Поўнач-Поўдзень.

Таксама моцным акцэнтам супрацы ў Трохмор’е зьяўляецца даступнасьць новых крыніцаў энэргарэсурсаў, перад усім газу. Манапольныя пастаўкі газу з Расеі здаўна ёсьць найслабейшым мейсцам у бясьпецы ня толькі актуальнага Трохмор’я, але і шырэйшага Міжмор’я.

 

 

Утварэньне тэрміналаў звадкаванага газу ў Сьвінаўйсьці і Трыесьце, а таксама ў краінах Балтыі і Румыніі, стварае разнастайныя магчымасьці па забесьпячэньні краін цэнтральнай Эўропы газам. Вядома гэты газ ня будзе, па першым часе, больш танным у параўнаньні з расейскім, але пытаньне палягае ў пераарыентацыі з доўгатэрміновых кантрактаў з Расеяй на іншых пастаўшчыкоў, зь якімі таксама можна ня толькі ўваходзіць у доўгатэрміновую супрацу, але і абіраць сабе найбольш жаданых партнэраў.

Пры гэтым ня ўсё краіны Трохмор’я аднолькава зацікаўлены ў альтэрнатыўных расейскім закупках газу. Напрыклад Аўстрыя, Венгрыя і Баўгарыя здаюцца быць цалкам задаволенымі адзіным пастаўшчыком з Усходу. Але ня трэба забываць, што з Трохмор’ем мяжуе велізарны рынак Украіны, які паступова адмаўляючыся ад расейскага газу можа паглынуць да 35 млрд. куб. м у год, што больш за патрэбы ў блакітным паліве ўсіх краінаў Трохмор’я разам узятых.

Злучаныя Штаты Амэрыкі прадэкляравалі гатоўнасьць паставак звадкаванага газу ў Польшчу. Злучаныя Штаты штогод павялічваюць аб’ёмы здабытага газу і ў 2018 г. маюць намер дасягнуць паказчыка больш за 90 млрд. куб. м у год. Асноўным “хабам” (раздатачным пунктам) у Эўропе павінен стаць польскі газапорт у Сьвінаўйсьці.

Менавіта патэнцыйнае здабыцьцё Польшчай пазыцыі “раздатчыка” газу найболей непакоіць суседнія Нямеччыну і Расею, якія прыкладаюць надзвычайныя намаганьні, умешваючыся ва ўнутрыпольскія справы, спрабуючы прывесьці да зьмены актуальнага правага ўраду, на альтэрнатыўны, які паводле іх меркаваньня адмовіцца ад яскравай праамэрыканскай арыентацыі.

Вышэйапісаны аспэкт не дае мажлівасьці акрэсьліць ініцыятыву Трохмор’я, як чыста эканамічную, бо гандаль стратэгічнай сыравінай выходзіць за межы эканомікі, але зьяўляецца інструмэнтам гэапалітыкі.

Супраца ў Трохмор’і таксама вельмі актыўна ў транспартным кірунку. Гістарычна так сталася, што краіны гэтага рэгіёну слаба зьвязаныя паміж сабой уздоўж лініі Поўнач-Поўдзень. Інвэстыцыя-флягман тут Віа Карпатыя, якая ў выніку павінна будзе зьвязаць Хэльсінкі з Трыестам і Стамбулам з адгалінаваньнямі да ўсіх краін Трохмор’я.

Агульна Трохмор’е сёньня гэта 66 праектаў, зьвязаных з энэргэтыкай на 14,3 мільярды эўра, 79 праектаў у галіне транспарту на 35,4 млрд. эўра, 33 праекты, зьвязаныя з дыгіталізацыяй на 1,5 млрд. эўра, і яшчэ 150 разнастайных праектаў на больш чым 45 млрд. эўра.

Ці варта Беларусі імкнуцца да Трохмор’я? Вядома варта. Яшчэ ў пачатку 90-х Беларускі Народны Фронт выступіў з ініцыятывай стварэньня Балтыйска-Чарнаморскага Зьвязу. Нажаль у той час гэтую ідэю не ўдалося рэалізаваць, а Трохмор’е сёньня гэта фактычна пашыраны БЧС, да якога пакуль не далучаны Беларусь і Ўкраіна.

Арыентацыя Беларусі на Трохмор’е – гэта выхад з расейскай залежнасьці і адначасова гарантыя абароны нашых правоў у агульнай Эўропе. Гэта вяртаньне ў нашае гістарычнае і натуральнае эўрапэйскае апірышча.

 

nationalinterestby.net