“Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек!”

Інтэрнэт разрываецца ад “рэвалюцыйных” паведамленьняў: “Лукашэнка паабяцаў беспрэцэдэнтную свабоду бізнэсу!” альбо “Указам Лукашэнкі пашыраны віды дзейнасьці без рэгістрацыі!” Толькі аднаго не хапае ва ўсіх гэтых рашэньнях – не хапае даверу.

Дзяржава можа рабіць добрую міну і расплывацца ў камплімэнтах, але праблема палягае ў тым, што ў Беларусі ўжо на працягу 100 год ніхто гэтай дзяржаве веры не дае. Мінула 5 пакаленьняў, нашы сучасьнікі ня памятаюць часу, калі можна было давяраць дзяржаве. Вядома гутарка ідзе пра эканамічныя правы і перад усім права ўласнасьці.

Ня надта верыцца ва ўсе гэтыя завярэньні і цяпер. Зьмена курсу, гэта не надзвычайнае здарэньне, а сталая практыка беларускіх уладаў. Сёньня прылашчым, заўтра пэндуля дамо. Тут нават 37 месца ў ранкінгу Doing Business не дапаможа. Справа не ў ранкінгах. Справа ў элемэнтарным выпраўленьні крыўдаў.

Могуць запярэчыць, што Рэспублікі Беларусь не было гэтых 100 год. І так і ня гэтак. Рэспубліка Беларусь зьяўляецца спадкаемцам БССР, а БССР, як вядома ўзьнікла ў 1919 г., і ад яе імя, хаця і не паводле сувэрэннай волі тварыліся бальшавіцкія беззаконьні.

Сёньня вельмі цяжка направіць усе акты рабаўніцтва, якіх дапускалася камуністычная дзяржава, але можна зрабіць хаця б сымбалічны акт гістарычнай справядлівасьці дазволіўшы рэстытуцыю (вяртаньне) маёмасьці нашчадкам былых уладальнікаў.

 

nationalinterestby.net