Манэўры Захад-2017 і статус Беларусі: чаго чакаць пасьля?

Заканчэньне вучэньняў Захад-2017 ставіць натуральнае пытаньне: і што далей? Пытаньне гэта гучыць сёньня больш абгрунтавана, чым 4 гады таму, калі адбываліся падобныя па сцэнары манэўры, што да колькасьці – цяжка сьцьвярджаць, бо Расея не зацікаўлена ў агучваньні сапраўднай лічбы ўдзельнікаў. Больш абгрунтавана, бо іншая сытуацыя ў сьвеце і іншы кантэкст.

З рацыянальнага пункту гледжаньня эскаляцыя канфлікту з Захадам Расеі непатрэбная. Але мы ведаем, што Расея можа дзейнічаць ірацыянальна. Тым ня меней і пры гэтым, яна адчувае межы, за якія прасунуцца ня можа.

Сёньня такой мяжой зьяўляецца Беларусь. Дакладней яе тэрыторыя. Тэрыторыя Беларусі патрэбная Расеі для ўзмацьненьня націску на “ўсходні флянг” НАТА і Ўкраіну, каб паставіць іх у стратэгічна кепскае становішча: практычна адрэзаўшы краіны Балтыі ад патэнцыйнай дапамогі, наблізіўшыся на 700 км у кірунку Варшавы і пагражаючы Ўкраіне атакай з Поўначы, у небясьпечнай бліскасьці ад Кіева.

Але з палітычнага пункту гледжаньня лепш гэта зрабіць нябачна. Бо афіцыйны ўваход расейскіх войскаў на стала ў Беларусь, будзе гэта зроблена сілавым шляхам са зрынаньнем існуючага рэжыму, ці дыплёматычным – са згоды існуючага рэжыму, нясе занадта вялікі палітычны кошт, а таксама губляецца эфэкт нечаканасьці.

Зыходзячы з вышэйшага, аптымальным варыянтам для Расеі будзе афіцыйная вайсковая непрысутнасьць у Беларусі, з неафіцыйнай, альбо схаванай прысутнасьцю. Пры гэтым мажлівыя пераходныя варыянты, як напрыклад: пакідаем падрыхтаваную інфраструктуру і невялікі прыймаючы пэрсанал, каб цягам сутак пры патрэбе “выдвинуться на исходные позиции”, альбо як сьцьвярджае Зянон Пазьняк – выхад з паўторным “ціхім” стварэньнем дзьвюх ударных груповак – на поўдні і паўночным захадзе.

Варыянт сталай прысутнасьці дзьвюх груповак усё ж падаецца нерэалістычным зза верагоднай небясьпекі іх хуткага выяўленьня. А вось “софт” варыянт з гатовай інфраструктурай і абмежаваным пэрсаналам дазваляе захаваць ілюзію “непрысутнасьці”, з магчымасьцю ў любы момант задзейнічаць тэрыторыю Беларусі, а таксама даючы кіраўніку Беларусі магчымасьць надалей казаць аб “неўтральным статусе” краіны.

 

nationalinterestby.net