Баналізацыя ядзернай зброі? Карэйскім камуністам ня важна – чаго не зробіш дзеля “сацыяльнага прагрэсу”!

Злучаныя Штаты імкнуцца змусіць Паўночную Карэю адыйсці ад далейшага ўдасканалення сваёй ядзернай зброі, маючы на ўвазе неадэкватныя паводзіны кіраўніцтва КНДР. Ачмураныя камуністычнай ідэяй лідэры Паўночнай Карэі рашучыя ў сваім жаданні падпаліць агонь сусветнага канфлікту.

Небяспека ядзерных выпрабаванняў Паўночнай Карэі палягае таксама ў тым, што ў выпадку канфлікту можа адбыцца так званая “баналізацыя” ужывання ядзернай зброі. Калі страты ад тактычнага ўжыцця такой зброі акажуцца “прымальнымі”, верагоднасць узнікнення “лакальных” ядзерных канфліктаў можа ўзрасці.

Злучаныя Штаты імкнуцца, шляхам санкцый, змусіць Паўночную Карэю адыйсці ад далейшага ўдасканалення сваёй ядзернай зброі. Аб пашырэнні санкцый заявіў Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Пра гэта сам Трамп паведаміў на брыфінгу перад абедам з прэзідэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжу Інам і прэм’ер-міністрам Японіі Сіндза Абэ, перадае Reuters.

Па словах Трампа, новыя санкцыі датычаць тэкстыльнай прамысловасці, рыбалоўства, інфармацыйных тэхналогій і машынабудавання. Акрамя таго, указ дае права амерыканскаму міністэрству фінансаў ужываць санкцыі супраць любога банка, які працуе з КНДР. Пры гэтым Трамп не выключыў магчымасці наладжвання дыялогу з Пхеньянам.

Раней стала вядома, што Цэнтрабанк Кітая забараніў сваім банкам прадастаўляць фінансавыя паслугі новым паўночнакарэйскім кліентам і пастанавіў прыпыніць існуючыя крэдыты. Дакумент патрабуе ад усіх банкаў цалкам выканаць санкцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць Паўночнай Карэі і папярэджвае пра эканамічныя страты і рэпутацыйныя рызыкі для банкаў, якія не выканаюць гэтыя патрабаванні. Але пазіцыю Кітая нельга лічыць шчырай, бо цягам дзесяцігоддзяў афіцыйны Пекін яўна і неяўна падтрымліваў Пхеньян.

Напружанасць паміж ЗША і Паўночнай Карэяй узмацнілася пасля шостага ядзернага выпрабавання, праведзенага Пхеньянам 3 верасня. Гэта вымусіла Раду Бяспекі ААН увесці дадатковыя санкцыі супраць КНДР.

nationalinterestby.net