Перапахаваньне гэрояў паўстаньня 1863 году вясной 2019?

Перапахаваньне, знойдзеных на Замкавай Гары ў Вільні, парэшткаў гэрояў Студзеньскага паўстаньня, адбудзецца не раней чым вясной 2019 году – падае штодзённік  „Lietuvos Żinios”.

Сярод знойдзеных з вялікай верагоднасьцю знаходзяцца парэшткі кіраўнікоў паўстаньня Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.

Гістарычная даведка:

Вінцэнт Канстанцін Каліноўскі сын Сымона, гэрбу Калінова, рыма-католік, нар. 21 студзеня (2 лютага – грыг. кал.) 1838 году ў Мастаўлянах Гродзенскай губэрні – пакараны сьмерцю 10 (22 – грыг. кал.) сакавіка 1864 году ў Вільні. Карыстаўся псэўданімамі “Чарноўскі”, “Вітажэнец” і “Яська-гаспадар з-пад Вільні”. Быў таксама называны “Дыктатарам Літвы”. Юрыст і журналіст паводле прафэсіі, выдавец газэты “Мужыцкая Праўда”, ад 1862 г. член, а потым кіраўнік Літоўскага Правінцыйнага Камітэту, потым камісар Нацыянальнага Ўраду° у Гродзенскім ваяводзтве.

 

Зыгмунт Серакоўскі, рыма-католік са зьбяднелай шляхты, нар. 19 (30 – грыг. кал.) траўня 1826 году ў Лісавым, Валынскай губэрні – пакараны сьмерцю 15 (27 – грыг. кал.) ліпеня 1863 году ў Вільні. Карыстаўся псэўданімам “Далэнга”, абвесьціў сябе “Ваяводай Літоўскім і Ковенскім”, што стала прынята Нацыянальным Урадам. Да паўстаньня капітан расейскага Генштабу, супрацоўнік часопісаў «Колокол» ды «Современник».

 

У справе перапахаваньня была ўтворана дзяржаўная камісія, у складзе Саўлюса Сквярняліса, прэм’ер-міністра, пяці міністраў, дарадцы прэм’ера, кіраўнікоў канцэлярыі ўраду і Сэйму.

Уступныя вынікі дасьледваньняў паказваюць, што цягам архэалягічных працаў на Замкавай Гары, якую называюць Гарой Гедыміна, знойдзены парэшткі студзеньскіх паўстанцаў, паміж іншымі, Каліноўскага і Серакоўскага.

Парэшткі яшчэ не былі ідэнтыфікаваныя, але як лічыць дарадца міністра культуры Літвы Віктар Бахмецьеў,

беручы пад увагу значэньне падзеі і прадбачачы гарачыя грамадзкія абмеркаваньні, якія выкліча справа перапахаваньня, –

неабходна да гэтага своечасова падрыхтавацца.

Бахмецьеў не выключае, што перапахаваньне паўстанцаў стане тэмай міжнароднай дыскусіі, бо

кіраўнікі паўстаньня зьяўляюцца нацыянальнымі гэроямі таксама Польшчы, Беларусі і Ўкраіны.

Дарадца дапускае, што ў 1863-1864 гг. на ўзбоччы Гары Гедыміна пахаваны 21 паўстанец, у тым ліку і кіраўнікі. Паўстанцы былі пакараныя сьмерцю на Лукіскім пляцы, а пахаваныя царскімі ўладамі ў таямніцы перад крэўнымі і грамадзтвам.

У працэсе архэалягічных працаў у лютым бягучага году на Замкавай Гары адкрылі пахаваньні, у якіх парэшткі былі складзены без трунаў і перасыпаны вапнай. У ліпені зьявілася інфармацыя, што верагодна знойдзены парэшткі Серакоўскага, а некалькі тыдняў таму перадалі аб тым, што не выключаюць і прысутнасьці парэшткаў Каліноўскага, сярод пахаваных на Гары Гедыміна.

°Нацыянальны ўрад — вярхоўны орган улады, які дзейнічаў падчас паўстаньня 1863—1864 гадоў на землях былой Рэчы Паспалітай.

 

www.zachod.pl PAP Lietuvos Lietuvos Żinios

nationalinterestby.net