Адкуль карані Літвінаў? Рэтраспэктыва ХХ веку.

Далёка ня ўсе зьявы ў культурна-ідэйнай плашчыне Беларусі знайшлі сваё месца ў аналізе і ацэнцы. Падобна адбываецца і з літвінскасьцю, які да сёньня ўзгадваецца хутчэй як маргінальная арыентацыя невялікай часткі сьвядомых Беларусаў. Нават калі гэта так і ёсьць, то нельга не звяртаць увагі на паважны ідэйны фундамэнт гэтага руху, а таксама на склад яго прадстаўнікоў, валодаючых ужо сёньня значным тэарэтычным даробкам.

Крыніцы самаідэнтыфікацыі

Атаесамленьне сябе Літвінам, як зьява вырастае непасрэдна з дзяржаўнага самавызначэньня шляхты Вялікага Княства Літоўскага на ўсёй яго тэрыторыі, у часе яго існаваньня і пасля ліквідацыі, ажно да пачатку XX стагоддзя. Шляхта, як палітычны народ на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і ВКЛ мела падвойны ўзровень сьвядомасьці “польскі” для ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай і “літоўскі” для ВКЛ. Самавызначэньне ў межах ВКЛ праяўлялася наступным чынам:

  • называньне сябе “Літвой”;
  • называньне сваёй Айчыны Літвой;
  • называньне сябе “Літвінам” безадносна да ўжыванай індывідуумам мовы;
  • назвы паўстанцкіх квазі-дзяржаўных кіраўнічых органаў альбо тэрытарыяльных адзінак на працягу XIX ст., нязменна мелі прыкметнік “літоўскі” – Літоўскі Нацыянальны Камітэт, Літоўская правінцыя і г.д.

У падмацаваньне выказаных тэзісаў можна прывесьці саманазву літоўскіх баяраў XVI в.: “Мы, Літва”, “Мы, Літоўскі народ”[1], творчасьць Адама Міцкевіча, са славутым „O Litwo, Ojczyzno moja!”, сьведчаньне Кастуся Езавітава аб С.Булаку-Балаховічу:

“…Лічыў адзін раз сябе Літвіном, але цяпер даведаўся аб Беларусінах і сам ня ведае хто ён…”[2], Літоўска-Беларуская дывізія Войска Польскага Люцыяна Жалігоўскага, Літоўска-Беларуская ССР і іншыя.

Права на такое самаакрэсьленьне прызнавалася і літоўскімі дзеячамі новага часу:

“Шмат ёсьць таксама Беларусінаў літоўскага паходжаньня. Жыцьцё і веравызнаньне звязвае іх больш з літоўцамі, чым з беларусамі. Ёсьць шмат Беларусінаў, якія прама называюць сябе Літвінамі і хочуць імі быць, гэтак як і літоўцы, што гавораць па-польску. Добра было б, каб і яны мелі свой беларускамоўны друкаваны орган…Нас, жыхароў Балтыйскага памор’я, альбо балтаў, групуе і звязвае не столькі мова, колькі супольная доля, патрэбы жыцьця, геаграфічнае палажэньне, палітычная і эканамічная будучыня краіны, урэшце гістарычныя традыцыі”[3].

Згаданыя прыклады сьведчаць аб тым, што на працягу 120 год пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ліквідацыі ВКЛ, самавызначэньне сябе як Літвіна зусім не выглядала маргінальным актам, хаця відавочна, што у канцы XIX – пачатку XX вв., такое самавызначэньне суседнічала, альбо выцясьнялася новым нацыянальным самаакрэсленьнем народаў былога ВКЛ. Гэтае выцясьненьне тлумачыцца дзьвюмя асноўнымі працэсамі таго часу: фізічнай ліквідацыяй шляхэцкага стану расійскай адміністрацыяй, як рэакцыі на паўстаньні і змовы XIX ст. і новым самавызначэньнем прадстаўнікоў шляхэцкага стану, зьвязаным з самавызначэньнем сялянскіх масаў і буржуазіі ва ўмовах пашырэньня ідэяў асьветніцтва і ў межах гэтага – ідэі этнічнага нацыяналізму.

Краёўцы

Выжываньне ідэі Вялікай Літвы ў дадзеных умовах было забяспечана выключна групай краёва-кансэрватыўнага зямянства, якое засталося верным свайму шматвяковаму самавызначэньню як “Літвы”. Невыпадкова ўжыта тут слова “выжываньне”, бо пасля паўстаньняў 1831 і асабліва 1863 гг., нельга казаць аб якім-небудзь развіцьці ідэі, што не мела пад сабой ніякіх інстытуцыянальных падставаў, а трымалася выключна на перакананьнях часткі мясцовай шляхты. Аляксандр Смалянчук гэтак раскрывае сутнасьць данага працэсу:

“На польскіх, літоўскіх і беларускіх землях ва ўмовах адсутнасьці нацыянальных дзяржаваў нацыятворчыя працэсы непазбежна набылі этнакультурны характар…У апошняй трэці XIX ст. паняцьце Паляк ва ўспрыняцьці часткі мясцовай грамадскасьці паступова набывала характар нацыянальнай катэгорыі. Але адначасова ў сялянскім асяроддзі пашыралася чыста канфэсійнае разуменьне гэтага паняцьця. Апроч таго сярод адукаваных колаў яшчэ ўжываўся этнонім Літвіны, быў распаўсюджаны этнонім Літвіны-Беларусіны і, нарэшце, Літоўскія Палякі. Напрыклад М.Чапская ва ўспамінах адзначала: “Чым быў наш край, родная Беларусь, як не часткай Вялікага Княства, на працягу чатырох стагоддзяў аб’яднанага з Польшчай, а потым захопленага Расіяй?”.

Праўда, наша літоўскасьць у гэты час набыла новыя рысы. Яго прадстаўнікі рэзка крытыкавалі “авантурызм” палітыкаў Каралеўства Польскага. Менавіта як авантуру ацэньвала паўстаньне 1863 г. частка заможнай шляхты беларускіх і літоўскіх земляў у другой палове 60-х – 70-я гг., якая займала пазіцыі ляяльнага стаўленьня да ўлады. Адначасова літоўская шляхта, пачынаючы з XVIII – пачатку XIX вв. усё болей атаясамляе сябе з польскай культурнай і палітычнай прасторай, у сувязі з чым пашыраецца тэрмін Літоўскія Палякі.

Літвіны і польскі рух

Неабходна аднесьціся да тэзы аб тым, што літвінскасьць стала рэгіянальным увасабленьнем польскага руху. Так здарылася, што прадстаўнікі новага нацыянальнага адраджэньня ўсіх этнічных груп былога ВКЛ, не зразумелі, альбо не захацелі зразумець сутнасьць унійнай палітыкі Ягелёнаў. Напэўна гэта звязана і са зменай культурнага коду, якая адбылася разам з успрыняцьцём новых назваў. Пасля гэтага ўсе акты ўній, як і гісторыя ВКЛ перастала быць “сваёй” у поўнай меры. З пункту гледжаньня старой Літвы, адзінства з Польшчай было натуральным самаакрэсленьнем, пацьверджаньнем сваёй вернасьці уніям, што былі заключаныя паміж баярамі ВКЛ і польскай шляхтай у Горадле, Крэве, а потым у Любліне. Для Літвіна акрэсленьне Паляк значыла вернасьць ідэі Уніі з Каронай Польскай, але не абазначала змену ўласнай мэнтальнасьці, аб чым сьведчыць іншая частка вышэйпрыведзенай цытаты аб крытыцы варшаўскіх “авантурыстаў”. Вось што на гэты конт заўважае польскі пісьменьнік і навуковец Марыян Здзяхоўскі:

“У дзяцінстве мяне вучылі не толькі гісторыі Польшчы, але і гісторыі Літвы. Дзякуючы гэтаму я лічыў нацыянальнымі героямі не толькі тых, хто будаваў Польшчу, але і таго, хто імкнуўся адарваць Літву ад Польшчы – вялікага князя Вітаўта. Але хто тады задумваўся над гэтай непасьлядоўнасьцю? І калі б мяне запыталі, кім я сябе адчуваю ў глыбіні душы, адказаў бы, што адчуваю сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, непарыўнай уніяй звязанага з Польшчай. Калі я бачу сьцяг з Арлом, але без Пагоні, які развіваецца з вышыні Замкавай гары, то ўспрымаю гэта як крыўду, нанесеную асабіста мне.”[4]

Як ідэя Літвінскасьць найбольш поўна выразілася ў так званай “краёвай” ідэі ў колах польскага зямянства на тэрыторыі былога ВКЛ на пачатку XX ст. Гэты культурны фэномэн стаў такім з прычыны сваёй неадпаведнасьці агульным культурным тэндэнцыям таго часу, ужо згаданым раней, а менавіта развіцьцю этнацэнтрычнага нацыяналізму. Нельга сказаць, што краёўцы зусім не разумелі нацыянальнага пачуцьця. Можна нават сцьвярджаць, што яны былі “нацыяналістамі” у дачыненьні да сваёй Айчыны, за якую ўважалі ВКЛ. Іх жа адмаўленьне этнацэнтрычнага нацыяналізму грунтавалася на той адмоўнай ролі, якую ён адыгрываў для плённага сужыцьця народаў-аўтахтонаў ВКЛ, прыводзячы іх у стан грамадзянскай вайны. Прыкладам вышэйапісанага разуменьня паняцьця нацыянальнага ў краёўцаў зьяўляюцца словы аднаго з ідэолягаў краёвага руху Канстанцыі Скірмунт:

“На ўсёй прасторы даўняга Вялікага Княства шляхта наша мае ў сабе тыя два альбо тры нацыянальныя карані, якія спалучыліся ў жыцьці краёвага грамадства. Кожны з нас, калі не зьяўляецца новапрыбыўшым, мае ў сабе ў няроўнай меры нешта з Літвіна, Паляка ці Русіна. З гэтага вынікае, што ўсе тры назвы і рысы маюць на нашай зямлі права грамадзянства, а кожная адзінка, па меры перавагі ў ёй нацыянальнай рысы альбо ўласнай сьвядомасьці, уступае ў тую ці іншую групу, захоўваючы – калі застаецца вернай гэтай цудоўнай традыцыі – патройнае краёвае братэрства. Гэта ідэал нашай зямлі…Кожны з нас, селянін ці шляхціч, на зямлі Літвы, ці Беларусі, роўна годнае права мае звацца Літвінам, Палякам ці Беларусінам…Для кожнага з нас: зямля пад нагамі, неба над галавой, вялікае краёвае мінулае – зьяўляецца ягоным.”[5]

“Краёўцы” стварылі некалькі інстытуцыянальных увасабленьняў ідэі ў выглядзе:

  • Краёвай партыі Літвы і Беларусі[6];
  • Канстытуцыйна-каталіцкай партыі для Літвы і Беларусі.

Спробы адрадзіць Вялікае Княства

Эпоха краёўцаў скончылася з І-й Сусьветнай вайной, вынікі якой перакрэсьлілі іх мары аб адраджэньні ВКЛ. Недарэчна казаць, што гэта ідэя была цалкам неажыцьцяўляльнай паміж 1914 і 1920 гг. Палітычнае мысьленьне і практычныя спробы рэалізацыі краёвай ідэі хаця і адхіляліся ад тэорыі, тым не менш у асноўных рысах ёй адпавядалі. Тут належыць акрэсьліць два асноўныя элемэнты характару ВКЛ, якія прысутнічалі ў магчымых варыянтах аднаўленьня. Аспэкт першы – тэрытарыяльнае аб’яднаньне ўсіх земляў ВКЛ у адзіным дзяржаўным арганізме. Аспэкт другі – рэстаўрацыя манархічнага ладу ў дадзеным дзяржаўным арганізме.

Тэрытарыяльна землі ВКЛ імкнуліся аб’яднаць Польшча і Расея, першая пад штандарам ідэі Уніі ВКЛ і Польшчы ў выглядзе Рэчы Паспалітай і межаў 1772 г., другая пад штандарам “сусьветнай рэволюцыі”. Начальнік польскай дзяржавы[7] Юзэф Пілсудскі, заняўшы ў 1919 г. Вільню выдаў адозву да насельнікаў былога ВКЛ, у якой між іншым гаворыцца:

“Палажэньне безупыннай няволі, якую я, радзіўшыся у гэтай нешчаслівай зямлі, добра ведаю, павінна ўрэшце быць зьніштожана і ўжо раз у гэтым як бы Богам забытым краі, павінна запанаваць свабода і права вольнай, нічым не звязанай гутаркі аб сваіх патрэбах…”[8].

Канцэпцыя была ўгрунтавана на ідэі аб’яднаньня ўсіх земляў ВКЛ у трох кантонах на ўзор Швайцарыі: “літоўскім” з цэнтрам у Коўне, “польскім” з цэнтрам у Вільні і “беларускім” з цэнтрам у Мінску, пры чым гэтая шчыльная федэрацыя мела знаходзіцца ў “федэратыўнай уніі” з Польшчай[9]. Канцэпцыя гэтая была прынятая ў якасьці зыходнай польскім бокам у перамовах з літоўскім[10]. На спробу Польшчы па адраджэньні ВКЛ імгненна адрэагавалі бальшавікі фармальна ўтварыўшы Літоўска-Беларускую ССР, якая спыніла сваё існаваньне з момантам падпісаньня мірнага дагавора паміж Літвой і РСФСР у 1920 г.

Не толькі прадстаўнікі “славянскай” супольнасьці былога ВКЛ, але і іх “балцкія” пабрацімы, асабліва на пачатку спробаў здабыцьця незалежнасьці, задумваліся над магчымасьцю аднаўленьня Вялікага Княства. Найбольш істотнай спробай, згоднай з краёвым разуменьнем ВКЛ, была ініцыятыва Салямонаса Банайціса, які разам з А.Дамбраўскасам-Якштасам, Я.Кряўчюнасам і яшчэ 6 асобамі ўтварылі ў 1919 г. Галоўны Літоўскі Нацыянальны Камітэт. Камітэт выдаў адозву да грамадзянаў і склаў “Падставы Канстытуцыі самаўраднага ВКЛ”[11]. У адозве была гутарка аб 7-мільённым народзе, што жыве на тэрыторыі трох аўтаномных адзінак “Латвіі”, “Літвы” і “Беларусі”. Згодна з Канстытуцыяй Вялікі Князь станавіўся галоўнакамандуючым, кіраўніком выканаўчай улады і быў павінен вызнаваць каталіцызм. Адносна дадзенай канцэпцыі трэба адзначыць, што яна ў найбольшай ступені злучала ў сабе прынцыпы тэрытарыяльны і манархічны, але не сталася зрэалізаванай з прычыны недастатковай падтрымкі, калі арганізатары пачаўшы, раптоўна затрымалі актыўныя дзеяньні.

Нягледзячы на відавочнае пагаршэньне стасункаў паміж трыма народамі-аўтахтонамі гістарычнай Літвы: Палякамі, Беларусамі і Літоўцамі, краёвая ідэя працягвала сваё жыцьцё ў асяродзьдзі віленскіх зямянаў, якое рэпрэзэнтаваў знаны польскі публіцыст Станіслаў Цат-Мацкевіч. Цат не быў у поўні сьвядомым палітычна Літвінам, тым не меней выказваў погляд сапраўды краёвы, напрыклад у пытаньні аўтономіі для Віленскага Краю ў межах ІІ Рэчыпаспалітай, разумеючы пад дэцэнтралізацыяй рэгіяналізм, альбо захаваньне істотных асаблівасьцяў краю. Вітаючы захоп “узбунтаванай” літоўска-беларускай дывізіяй Люцыяна Жалігоўскага Вільні і абвяшчэньне там новапаўсталай краіны “Сярэдняй Літвы”, Цат-Мацкевіч спадзяваўся на адбудову злучанага ў федэрацыі з Польшчай ВКЛ:

“…трэба, каб Польшча была прыцягальнай сваім ладам, сваёй культурай, сваёй мілітарнай сілай, эканамічнай сілай, якія б спрычыніліся да таго, што жаданьне федэрацыі з аднабаковага перайшло б у двухбаковае. Гісторыю Ягелёнаў можна паўтарыць, але спачатку належыць аднавіць усе фактары, якія дазволілі каралю і гаспадару, Жыгімонту Аўгусту, давесьці да выніку Люблінскую Унію.”[12] Рыжскую дамову Цат-Мацкевіч называў “ганебнай” – чацьвёртым падзелам Польшчы – які фактычна перакрэсліў федэратыўныя праекты.[13]

Пасьляваенны пэрыяд

У перыяд II Сусьветнай вайны і адразу пасля яе, ідэя супольнага лёсу земляў ВКЛ не выступае як самастойная, але праяўляецца ў канцпэцыях “Міжмор’я”, якое меркавала аднаўленьне шчыльных міждзяржаўных сувязяў краінаў Балта-Чарнаморска-Адрыятычнага рэгіёну у супрацьвагу Германіі і СССР.  За акіянам ідэйная праца ў межах “этнічнага літвінізму” творыцца надалей. Гэтак напрыканцы 60-х гг. XX ст. у Чыкага Вацлавам Пануцэвічам выдаецца навуковы часопіс “Litva”. Адметна, што выдаваўся ён лацінскаю графікай па-беларуску. Хаця часопіс і быў прысьвечаны пераважна гісторыі, з лістоў, скіраваных да рэдактара, выяўляецца жывая краёвая ідэя. Гэтак нейкі Янка Бруцкі піша:

“Ваш падыход да нашых дзеячоў у мінуўшчыне, калі яны ўжывалі іншае мовы чым родная, але баранілі самастойнасьць Бацькаўшчыны, ёсьць правільны. Справа Бацькаўшчыны больш у чынах, як у мове…З гісторыі і літаратуры нельга выкідаць падзеяў і твораў таму, што яны таму ці іншаму не падабаюцца…”[14].

Новае жыцьцё ідэя ВКЛ набывае пасля ўпадку камуністычнай сістэмы ў СССР. І найбольш дынамічнае развіцьцё яна атрымала ў Рэспубліцы Беларусь, як краіне, у якой аказаўся незавершаным працэс распаўсюджваньня этнацэнтрычнай нацыянальнай ідэі. У гэтых умовах адбываўся інтэнсіўны працэс пошуку нацыянальнай ідэнтычнасьці і гістарычных падставаў для яе. Паралельна адбываўся геапалітычны выбар сьвядомых беларускіх элітаў, які знайшоў усё тыя ж 100 год таму пратораныя шляхі краёвай ідэі. Гэтак у праграме БНФ “Адраджэньне”[15] чытаем:

“Мы лічым, што дзяржавы Ўсходняй Эўропы, разьмешчаныя паміж Балтыйскім і Чорным морамі, маюць аднолькавыя інтарэсы на Захадзе і аднолькавыя праблемы з Усходам. Гэта краіны блізкай, а такія, як Беларусь, Летува, Украіна – і сумеснай гісторыі. Яны знаходзяцца ў адным поясе эўрапейскай культуры, маюць блізкія эканамічныя інтарэсы. Мы бачым увасабленьне гэтай салідарнасьці у Балтыйска-Чарнаморскай садружнасьці дзяржаваў (БЧС), што дазволіла б умацаваць і гарантаваць сувэрэнітэт кожнай зь іх праз каардынацыю эканамічных, гандлёвых, мытных сувязяў паміж сабой і дачыненьняў з Усходам і Захадам…Зразумела, што БЧС – гэта яшчэ толькі палітычная ідэя, рэалізацыя якой будзе залежаць як ад разьвіцьця падзеяў у кожнай з гэтых краінаў, так і ад агульнапалітычнай сытуацыі ў сьвеце.”

Менавіта на гэтых дзьвюх плашчынах: самаідэнтыфікацыі і вызначэньня сябе ў геапалітычнай прасторы праявілася ў пачатку 90-х XX ст. “літвінскасьць” і ад гэтага моманту паралельна развіваюцца два яе тыпы: культурная і палітычная.

Літвінскасьць культурная і палітычная

На чым палягае літвінскасьць культурная? Тыя, хто акрэслівае сябе літвінам адназначна ўважаюцца за прадстаўнікоў лацінскай цывілізацыі. Гэта падтрымліваецца цэласнай гістарычнай парадыгмай, згодна з якой адвечнай місіяй літвінаў на гэтых землях было пашырэньне лацінскай цывілізацыі, процістаяньня цюркска-візантыйскім усходнім уплывам, быцьцё фарпостам заходняй цывілізацыі. Шмат у чым гэтая парадыгма накладаецца на польскую, зрэшты яны і былі адзінымі ў тым сэснсе, што ў Рэчы Паспалітай існаваў адзіны палітычны народ – польска-літоўская шляхта, які тую парадыгму вызнаваў.

Адрозьненьнем чыста “літвінскім” у межах дадзенай парадыгмы быў своеасаблівы рыцарскі этас, перакананьне ў тым, што літвіны гэта найлепшыя прадстаўнікі палітычнага народу, што даводзілася шматлікімі прыкладамі з гісторыі, дзе вядучую ролю адыгрывалі прадстаўнікі палітычнага народу з Літвы:

“Са скрыжаваньня – польскіх, літоўскіх і беларускіх каранёў на аснове лацінска-заходняй культуры – нарадзіўся новы тып абыватэля В.К. Літоўскага, гарачага патрыёта і абаронца Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.”[16]

Іншы тып прадстаўляе літвінскасьць палітычная, праявы якой выразна бачныя ў цытаванай праграме БНФ “Адраджэньне”. Тут маем дачыненьне з новай вэрсіяй краёвай ідэі альбо ідэі адраджэньня ВКЛ, калі першае месца займае палітычнае значэньне “агульнага”, якое з кан’юнктурных прычын не названа гістарычнай Літвой, у межах якога могуць знайсьці сябе асобныя рэгіянальныя адзінкі: уласна Літва, Латвія, Беларусь, Укаріна і г.д.

 

 

 

Збігнеў Канарскі

nationalinterestby.net

Літаратура:

[1]             Kiaupienė J. „Mes, Lietuva“ Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės bajorija XVI a., KRONTA, 2003 c.305 [c.9]

[2]             Док. № 1448. Рапарт шэфа Вайскова-Дыплёматычнай Місыі БНР у Рызе Кастуся Езавітава (Рэвэль) Старшыні Рады Народных Міністраў БНР Антону Луцкевічу (Варшава) за 6.11.1919/Архівы БНР, т.1 кн.1, 1998 г.

[3]             „Litwa”/miesięcznik illustrowany litewski w języku polskim/N 8(14), 1909 г.,  са спасылкай на артыкул кс. Яна Жылінскага, апублікаваны ў “Viltis” N 48

[4]             Смалянчук А.Ф. Паміж краёвасьцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 – люты 1917 г. – СПб.: Неўскі прасьцяг, 2004. – 406 с. [c.126]

[5]             Szpoper D. Od Mińskiego Towarzystwa Rolniczego do Stronnictwa Krajowego Litwy i Białej Rusi – szkic do dziejów polskiej myśli konserwatywnej na ziemiach byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego na przełomie XIX i XX wieku [с.251]

[6]             У розных дакумэнтах і ўзгадках дадзеная партыя праходзіць пад назвамі: “Краёвая партыі Літвы і Беларусі”, “Краёвая партыя Літвы і Русі”, “Краёвая партыя Літвы і Белай Русі” і да т.п.

[7]             „Naczelnik Państwa” – афіцыйная пасада Ю.Пілсудскага да моманту ўвядзеньня ў дзеяньне Канстытуцыі новаўтворанай РП

[8]             Piłsudski J. Pisma wybrane – KPN: Wydawnictwo polskie, 1989 – 468 с. [c.176]

[9]             “Літва” № 1(5) – Менск-Літоўскі, 1996. – 8 с. [с.2]

[10]           Górski A. Władza polityczna w myśli Stanisława Cata-Mackiewicza– Kraków: ARCANA, 1999. – 346 с. [c.39]

[11]           Białoruskie Zeszyty Historyczne N 12 – Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 1999. – 220 c. [c.199]

[12]           Górski A. Władza polityczna w myśli Stanisława Cata-Mackiewicza– Kraków: ARCANA, 1999. – 346 с. [c.40]

[13]           Górski A. Władza polityczna w myśli Stanisława Cata-Mackiewicza– Kraków: ARCANA, 1999. – 346 с. [c.190]

[14]           „Litva navukovy časapis”/nr.2 Lipień – Śniežań 1967 – Chicago – 280 c. [c.278]

[15]           Праграма Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” – Матэрыялы ІІІ Зьезду БНФ “Адраджэньне” – Менск, 30.05.1993 – 26 с. [c.24]

[16]           Віслаух С.