Расейскі экспэрт: Нямеччына павінна падтрымліваць злучэньне з Расеяй тэрыторый, якія пры дзіўных акалічнасьцях былі ад яе аддзелены. Маю на ўвазе Украіну, Беларусь і краіны Балтыі.

Польская газэта “Rzeczpospolita” (Руслан Шошын) узяла інтэрвію ў Аляксея Падбярозкіна, члена Рады пры Прэзідэнце РФ дзеля развіцця інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека, старшыня Камітэту “За чыстыя і справядлівыя выбары”.

У інтэрвію Аляскей Падбярозкін на пытаньне журналіста аб жорсткай рэакцыі Ангэлы Мэркель на анэксію Крыму, сьцьвердзіў наступнае:

Гэта памылка. Яна мудры і дасьведчаны палітык, але пераварочвае гістарычныя факты з ног на галаву. У 1988-1989 гг. шмат якія дзяржавы, якія сёньня зьяўляюцца саюзьнікамі Бэрліна, былі супраць аб’яднаньня Нямеччыны. СССР падтрымаў гэтае аб’яднаньне, бо гэта быў штучны падзел. Менавіта таму Нямеччына павінна падтрымліваць злучэньне з Расеяй тых тэрыторый, якія пры дзіўных акалічнасьцях былі ад яе аддзелены. Я маю на ўвазе Ўкраіну, Беларусь і краіны Балтыі. Гэта быў бы мудры падыход Нямеччыны. Пра Крым Бэрлін і іншыя эўрапэйскія сталіцы павінны забыць як найхутчэй. Няма нават мізэрнага шансу, каб вярнуць статус-кво, гэта факт, які адбыўся.

Такія выказваньні расейскіх дастойнікаў нас ня дзівяць, яны толькі пацьвярджаюць часам скрытыя намеры Расеі, і тое, якім чынам Крэмль імкнецца ўплываць на эўрапэйскіх палітыкаў і грамадзкую думку.

nationalinterstby.net