Традыцыйны погляд на ґэндэрныя стасункі

Хрысьціянскія асновы

Аснову і пачатак традыцыйнага погляду на стасункі складае біблійная аснова. Яшчэ ў Старым Запавеце, дзе апісана выгнаньне Адама і Эвы з раю, зазначаецца:

Жонцы сказаў: множачы памножу скруху тваю ў цяжарнасьці тваёй; у хворасьці будзеш нараджаць дзяцей; і да мужа твайго цяга твая, і ён будзе валадарыць над табою.

А Адаму сказаў: за тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і еў з дрэва, пра якое Я наказаў табе, сказаўшы: “ня еш зь яго”, праклятая зямля за цябе; са скрухаю будзеш карміцца зь яе ва ўсе дні жыцьця твайго

Кн. Быцьця 3, 16-17

Новы Запавет ня зьнёс старых прыказазаньняў і апостал Павал ізноў жа кажа:

Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду, бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос – галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела. Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім. Мужы любіце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе.

Пасланьне апостала Паўла да Эфэзыянаў 5, 23-25

Зыходзячы з гэтых словаў Бібліі трэба адзначыць інтэгральны погляд хрысьціянства на стасункі мужчыны і жанчыны і на іхныя асобныя ролі ў дадзеных стасунках. Што маецца на ўвазе пад інтэгральнасьцю? Менавіта лёґіку і нязьменнасьць гэтых стасункаў і іх фундамэнтальны характар для будаваньня грамадзтва. Лёґіка палягае на тым, што жывучы ў раі Адам і Эва першапачаткова былі абсалютна раўнапраўнымі асобамі, а фармальная нераўнапраўнасьць увайшла ў наша жыцьцё разам зь першародным грахом.

Менавіта ён стаў прычынай пакараньня на мужчыну і жанчыну, у выніку якога іхныя функцыі і зьвязаныя з гэтым правы кардынальна зьмяніліся. Гэтак ад пачатку Адам ня мусіў потам і крывёю зарабляць штодзённы хлеб, і адпаведна ўсё меў гатовае, што давала яму абсалютную свабоду выбару. Эва ж ад пачатку мела тую перавагу, што ня мусіла падпарадкоўвацца Адаму і пры памнажэньні роду ня несла тых мукаў як зараз і ізноў жа мела свабоду самарэалізацыі.

У выніку Божага рашэньня, згодна зь якім кожны грэх мае быць пакараны, стасункі гэтыя падлеглі зьменам: статус Эвы, калі можна гэтак сказаць перастаў быць абсалютна незалежным, а быў прыведзены ў залежнасьць ад Адама. Адаму ж была дадзена іншая функцыя, а менавіта – здабыцьцё штодзённага хлебу, што сёньня выражаецца ў прафэсыйнай дзейнасьці, кар’еры і г.д.

У зямным існаваньні стасункі ж мужчыны і жанчыны былі зьмененыя ў тым пляне, што было забароненае шматжэнства, якое існавала ў Старым Запавеце. Сам жа характар гэтых стасункаў у сям’і і адпаведна з гэтым рэалістычнае іх разуменьне не зьмяніліся. Згодна з гэтым разуменьнем асноўнай роляй жанчыны было нараджэньне і выхаваньне дзяцей у маленстве, вядзеньне хатняй гаспадаркі і дробных гандлёвых апэрацый. Роляй мужчыны ў дадзенай сытуацыі ёсьць фінансавае забесьпячэньне сям’і, ажыцьцяўленьне грамадзка-палітычных функцый і функцый абароны, выхаваньня дзяцей у юнацкім узроьсце (перад усім хлопцаў) а таксама буйных гандлёвых апэрацый.

Крызыс ґэндэрных стасункаў у ХХ ст.

Крызыс ґэндэрных стасункаў у ХХ ст. быў выкліканы пераасэнсаваньнем ролі жанчыны фэміністычнымі групоўкамі, згодна зь якім жанчына мусіла б атрымаць роўныя функцыянальныя правы і мажлівасьці самарэалізацыі. Пры гэтым ўвага не зьвярталася на натуральныя перадумовы[1] і функцыянальныя схільнасьці[2]. Роля ж мужчыны ня стала, а хутчэй за ўсё і ня можа быць пераасэнсавана ў сілу немагчымасьці збурэньня пэўных аб’ектыўных законаў і агульнага парадку рэчаў.

У выніку паўстала канфліктная сытуацыя, калі меншасьцёвая група – фэміністкі і іх прыхільніцы спрабуюць кардынальна зьмяніць існуючы парадак, а пасыўная большасьць альбо не падтрымліваюць усіх іхных пастулятаў, або ставяцца да іх нэгатыўна. Трэба адзначыць, што ў падтрымку фэміністычных пастулятаў выступаюць перад усім лібэралы, сацыялісты і камуністы, у той час як у кансэрватыўным асяродзьдзі падобныя ідэі зьяўляюцца непапулярнымі. Кансэрватары выступаюць за захаваньне традыцыйнага падзелу роляў мужчыны і жанчыны як у сям’і, гэтак і ў грамадзтве.

Сярод асноўных лёзунгаў фэмінізму ёсьць “вызваленьне жанчыны”. Ён хіба што найпаўней адлюстроўвае сутнасьць гэтай ідэі, бо пад “вызваленьнем” разумеецца рэвізыя адносінаў паміж мужчынай і жанчынай ва ўсіх галінах, ня выключаючы прыватнай[3]. Асаблівую папулярнасьць у межах фэміністычнай ідэі атрымала плынь прапарцыйнага ураўнаньня ўдзелу мужчын і жанчын у той ці іншай галіне грамадзка-палітычнай дзейнасьці і ў працэсе прыняцьця тых ці іншых рашэньняў.

Асабліва востра акрэсьліваецца канфрантацыя паміж фэмінізмам і кансэрватызмам па лініі права на жыцьцё. Гэтак “фэміністкі-абарцыяністкі” прапагандуюць ідэю права выбару жанчыны ў пытаньні нараджэньня пачатага дзіця. Пазыцыя хрысьціянскіх цэркваў, асабліва праваслаўнай і каталіцкай, вельмі цьвёрдая і акрэсьлівае аборт, як забойства, што зьяўляецца адным з галоўных грахоў.

Ускосным плёнам фэмінісцкай ідэалёгіі сталася тзв. “сэксуальная рэвалюцыя”, якая адкрыта адбылася ў Заходняй Эўропе у канцы 60-х гадоў, а ў СССР у гарадзкім асяродзьдзі на працягу 70-х гадоў. Вынікам гэтага працэсу сталася паслабленьне ролі сям’і, і як наступства – зьніжэньне нараджальнасьці.

Як бачна з вышэйпрыведзенага востры канфлікт паміж фэміністычнымі ідэямі і традыцыйным ладам прыводзіць да падважаньня фундамэнтальных асноваў існаваньня чалавецтва.

Беларуская спэцыфіка

Беларуская спэцыфіка ґэндэрнага пытаньня фармавалася ва ўмовах прысутнасьці некалькіх цывілізацыйных (рэлігійных) мадэляў. Гэтак на першым – пляменным этапе, калі паганства было пануючым выявіўся родавы тып існаваньня этнічнай супольнасьці. Для родавага тыпу характэрныя досыць свабодныя стасункі паміж асобамі рознае плоці, тым ня меней хутчэй за ўсё не назіралася шматжэнства як пануючай сыстэмы, а аб’ектыўныя ўмовы існаваньня роду вызначалі традыцыйны падзел функцыяў паміж мужчынай і жанчынай.

З прыходам хрысьціянства родава-пляменная спэцыфіка ня зьнікла адразу, але працягвала суіснаваць з хрысьціянскай, якая аднак паступова але пасьлядоўна выцясьняла першую. Хрысьціянская супольнасьць характарызавалася цьвёрдымі адносінамі, што да сужыцьця абодвух плоці мужчынскай і жаночай, а таксама захоўвала і ўмацоўвала традыцыйны падзел роляў, надаючы гэтаму падзелу апроч чыста функцыянальнай неабходнасьці яшчэ і духоўны сэнс паводле словаў апостала Паўла, прыведзеных у першым разьдзеле.

Разьвіцьцё і глыбейшае пранікненьне хрысьціянства розных канфэсій наклала свае асаблівасьці, якія аднак не перакрэсьліваюць агульнага для ўсіх патрыярхальнага ўкладу. Асаблівасьці палягалі на прыналежнасьці да таго ці іншага тыпу духовасьці: бізантыйскага ці заходне-каталіцкага.

Спэцыфічнай рысай таксама было і тое, што да заходне-каталіцкай духоўнасьці належала пераважна шляхта, якая валодала значна вышэйшым за простых сялян узроўнем адукацыі. У выніку роля жанчыны ў шляхэцкай сям’і была больш разнастайнай і палягала дадаткова на ажыцьцяўленьні сацыяльных функцый: ўчынкаў міласэрнасьці і дапамогі бліжнім. Жанчыны-шляхцянкі валодалі безумоўна значным узроўнем грамадзкай сьвядомасьці, якую аднак рэалізоўвалі ня ў мурах парлямэнтаў і камісый, але ў працэсе выхаваньня і маральнай падтрымкі. Адпаведна стасунак да кабеты з боку шляхцічаў у ідэале быў падкрэсьлена рыцарскі, што нават адлюстроўвалася ў назвах і акрэсьленьнях, гэтак асобы жаночай плоці азначалі як “асобы стану белагаловага”, “белы” у дадзеным выпадку абазначае чысты. Чыстасьць гэта мела таксама на ўвазе і няўдзел у жорсткай, а часам “бруднай” мужчынскай палітычнай барацьбе, пані стаялі ў дадзеным выпадку па-над гэтым. Падобныя стасункі цэмэнтаваліся і падтрымліваліся вучэньнем Каталіцкага Касьцёла.

Падобная сытуацыя існавала збольшага да сярэдзіны-канца XVII ст. пасьля чаго пад уплывам асьветніцтва пачынаецца паступовае аслабленьне і нават дэградацыя старога парадку. На гэта наклаліся адначасова неспрыяльныя зьнешнепалітычныя ўмовы, якія прывялі да фактычнага неспаўненьня некаторых важных функцый значнай колькасьцю мужчынаў – асобаў шляхэцкага стану. Найвыразьнейшымі праявамі гэткаг стану сталі нежаданьне абараняць свой край, а таксама глыбока закараняючаяся прыхільнасьць да моцных алькаголевых напояў. За гэтым ішло агульнае разбэшчаньне нораваў, перанесенае із Заходняй Эўропы.

Найлепш характарызуе гэты стан выказваньне Прускага Караля Фрэдэрыка Вялікага, які ў 1752 г. гэтак сказаў аб парадках пануючых у Рэчы Паспалітай: “у гэтай краіне розум патрапіў у залежнасьць ад жанчын, яны інтрыгуюць і вырашаюць усё, у той час, калі мужы напіваюцца”. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, паўстаньняў, рэвалюцыяў XIX-XX стст. можна сказаць, што старадаўні шляхэцкі ідэал амаль не захаваў сьлядоў у сёньняшнім беларускім грамадзтве, але як раз ён найболей гэтаму грамадзтву патрэбны.

Пераважная ж большасьць сялянства захавала свой патрыярхальны ўклад ажно да бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 г., калі пачаліся працэсы “ліквідацыі” непісьменнасьці, а разам з гэтым і “вызваленьня” жанчыны. Гэтак у прапагандысцкім матэрыяле “Некаторыя даныя аб культуры і быце калгасаў БССР” (1931 г.) падкрэсьліваецца, што “калектывізацыя зьяўляецца базай для распрыгоненьня жанчыны…каб можна было ўцягнуць яе ў сацыялістычнае будаўніцтва, паставіць яе і ў вытворчасьці і ў грамадзка-палітычнай рабоце нараўне з мужчынам”.

Іншы дасьледчык С.Я.Вольфсан у сваёй кнізе “Сям’я і шлюб у іх гістарычным разьвіцьці” (1937 г.) паказаў прынцыповае адрозьненьне сям’і сацыялістычнага грамадзтва ад сям’і пэрыяду капіталізму. Ён падкрэсьліў тую акалічнасьць, што складаньне новых сямейных адносін ідзе ў барацьбе са старым сямейна-побытавым укладам і зьвярнуў асаблівую ўвагу на мерапрыемствы дзяржавы, скіраваныя на “разьняволеньне” жанчыны.

Такім чынам можна пэўна сказаць, што асьветніцкія і фэміністычныя ідэі ў савецкай рэчаіснасьці прышчыпляліся сілавым шляхам, зьнішчаючы стары ўклад і нацыянальныя традыцыі. Гэты працэс працягваўся да канца 60-х гадоў XX ст. пасьля чаго культурныя працэсы ў СССР сталі больш дапасаванымі да агульнаэўрапэйскіх, якія спрычыніліся да канчатковай ліквідацыі традыцыйнага ўкладу ў гарадох і ў значнай ступені на вёсцы.

Высновы

Падсумоўваючы вышэйапісанае можна зрабіць наступныя высновы:

1.“Вызваленьне” жанчыны сталася вынікам распаўсюду ідэалёгіі “асьветніцтва”, якая супрацьпастаўляла традыцыйным герархічным нормам, што былі закладзены з Божай волі свае альтэрнатыўныя нормы, і таму ня мае пад сабой аніякіх сацыяльна-эканамічных падставаў

2.Фэміністычныя ідэі зьяўляюцца выключна шкодным і дэструктыўным фэрмэнтам для нацыянальнай культуры і традыцыяў, а да таго ж яны ёсьць палітычным капіталам левых, сацыялістычных і бальшавіцкіх арганізацый, якія ўжо выявілі сваю разбуральную сутнасьць

3.”Вызваленьне” жанчыны нясе за сабой дэградацыю сям’і і зьніжэньне нараджальнасьці, што ў актуальнай дэмаграфічнай сытуацыі на Беларусі і ў Эўропе можа прывесьці да катастрафічных наступстваў (зьнікненьне беларусаў, як этнасу і эўрапэйцаў увогуле)

 

nationalinterestby.net

Тлумачэньні:

[1] Натуральныя перадумовы – дзецяродная функцыя, якую маюць выключна жанчыны
[2] Напрыклад згодна з фэміністычнай канцэпцыяй жанчына павінна мець безумоўнае права працаваць на ўкладцы асфальту або служыць у войску, носячы зброю і г.д.
[3] У сваёй найбольш радыкальнай вэрсыі гэта выражаецца ў сумніве ў неабходнасьці сям’і як сацыяльнага інстытута