Як выгнаць сялянскасць з Вільні і літоўца? – роздум балта-літвіна Рымвідаса Валаткі – сігнатара (падпісанта) Акту Незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі ў 1990 годзе

Балтыйскі партал delfi апублікаваў артыкул дзеяча антыкамуністычнага руху ў ЛітССР, сігнатара Акту Незалежнасці Літоўскай Рэспублікі 11 сакавіка 1990 года, пана Рымвідаса Валаткі, у якім ён дзеліцца цікавымі назіраннямі аб сённяшняй Вільні.

Стагоддзе Віленскай канферэнцыі, якая дала пачатак Літоўскай Рэспубліцы,  16 лютага, Вільня адзначыла яшчэ адным кірмашом на праспекце Гедыміна. У Мюнхене – магутны гарадскі “Октобэрфэст”, у Вільні – яшчэ адзін сельскі кірмаш з тымі ж атрыбутамі. Колькі можна ператвараць сваю сталіцу ў сяло?

Вільня заўжды была горадам, а не месцам для кірмаша, вылучаным побач з маёнткам магната. Так да ліха прадаваць усе гэтыя маскі, драўляныя лыжкі, торбы і каўбасы з вэнджанай рыбай у горадзе Гедыміна проста на вуліцы? Ці як у часы Тройдзеня, у нас няма крамаў, таму вялікі князь едзе закупляцца ў Рыгу? Мы не ведаем, што такое рынак? Рынак фермераў у Фабіёнішках, праўда, згарэў, але хіба таму, што ў чарговы раз адбываецца на праспекце Гедыміна не падыдзе, скажам рынак – Кальварыйскі, Галес? Пляц у Віршулішках ці Фабіёнішках?

Вільняй ужо тры гады кіруе мэр, якога абралі падчас наўпроставых выбараў. Гэта не селянін. Ліберал. Трэці год! І што? Чаму Мюнхен услаўляе “Октобэрфэст”, а мы, замест таго, каб нарэшце – тое выгнаць сяло з Вільні і літоўца, з апошніх сіл запіхваем яго назад у Вільню? І гэта, калі традыцыйнага сяла даўно не існуе.

Мала Казюка? Дзякуючы канструкцыям аднаго прадпрымальніка на Ратушным пляцы мы яго з зацятасцю спрабуем таксама ператварыць у сельскі кірмаш, нягледзячы на тое, што ён ніколі такім не быў. Праўнук Альгерда, сын вялікага князя Казіміра Казімір Ягелончык быў чалавекам замка, значыць чалавекам горада. І Казюк – гэта не сельскі кірмаш. Дзе віленскі фэст піва? Колькі шыферных дахаў замянілі сучасным і бяспечным дахавым матэрыялам з таго дня, як горад узначаліў ліберал? Зірніце на Звярынец, адзін з найболей прэстыжных раёнаў Вільні. На вул. Вітаута прынамсі на 14-ці хатах дахі шыферныя. Паксасу гэта падыходзіла. Зуокас іх не бачыў. І Шымашусу добра, як ёсць.

А ці ва ўсіх віленчукоў ёсць душ і прыбіральня ў хаце? Не думаю. Але хоць бы раз мэрыя, гарсавет абмяркоўвалі, як гэта можна змяніць? Давайце не будзем пра гэта… Мэр штосьці кажа пра тое, што доўг горада паменшыўся на некалькі мільёнаў, і стала больш месцаў у дзіцячых садах. Гэта нядрэнна. Для Купішкаў і Рэтава.

Але ж гэта сталіца! Якая, часам, здаецца, сама яшчэ не разумее, што з сябе ўяўляе. А калі сталіца не разумее, што гандаль каўбасой на вуліцы не вельмі рацыянальны, то як гэта зразумее астатняя частка Літвы? Асабліва тыя 25%, якія і ў XXI ст. жывуць з вулічнымі туалетамі? Як выгнаць сяло з літоўца, калі нават з Вільні яго выгнаць не атрымоўваецца?

Трэці год запар Вільня – самая шчаслівая сталіца Еўропы, пра гэта мэр піша ў фэйсбуку. І паказвае крыніцы. Толькі дадзеныя састарэлі, пане мэру. Ды і пра што кажа сярэдні паказчык шчасця? Што час спыніцца?

Кожныя чатыры гады парламент запаўняюць новыя вяскоўцы. Яны навязваюць гораду свой сельскі парадак. Для іх, за рэдкім выключэннем, Вільня была і застанецца чужой. Нават тады, калі яны, прайграўшы наступныя выбары, законнымі і незаконнымі спосабамі атрымліваюць месца на дзяржслужбе ў Вільні. Яны чужыя для горада, у якім ім заўсёды будзе бракаваць сельскай зайздрасці, плётак і неахайнасці. Кірмаш для такіх – глыток свежага паветра.

Але гэта не значыць, што і мэр горада, і гарсавет павінны быць такімі ж. Ды процівагі няма. У міжваенны час мы крычалі: “Мы без Вільні не памром!” А калі вярнулі Вільню і з’ехаліся сюды са сваіх сёлаў, так і засталіся дагэтуль аслупянелыя: што з ёй рабіць?

Паэт Марцэліюс Марцінайціс добра прыкмеціў, што большасць людзей, якія прыехалі ў Вільню пасля вайны, жывуць тут так, быццам жывуць дзесьці побач з Вільняй. Сёй-той сцвярджаў, і не без падставы, што Вільню больш разбурылі пасля вайны, чым падчас вайны, і яе працягваюць руйнаваць. Маецца на ўвазе архітэктура, гістарычныя знакі. Матэрыяльную Вільню.

Але гэта глупства ў параўнанні з тым, што руйнуюць мару горада. Калі казаць пра адносіны былога вяскоўца з горадам, трэба прызнаць, што гораду ў ім няшмат. Кожны прывёз у Вільню сваю вёску і жадае ў ёй жыць, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў Вільні.

Такім чынам паднімаць праблему ў краіне, абхопленай настальгіяй па сяле, небяспечна. Чуюцца крыкі абражаных добрых вяскоўцаў. У фэйсбуку бачныя прыкметы іх абурэння тым, што іх б’юць. З прыкладамі, як шмат добрых сельскіх жыхароў, і колькі – дрэнных гараджан. Нічога асабістага. Ніхто не спрачаецца, што ў горадзе дурняў у некалькі разоў больш, чым у вёсцы. Бо ў горадзе і людзей больш. Не пра гэта гаворка. Толькі пра тое, што сяло як форма калектыўнага існавання ў ланцугу цывілізацыі – гэта больш высокая прыступка развіцця чым лагер качэўнікаў.

Мы, літоўцы, нават у параўнанні з латышамі і эстонцамі, занадта доўга знаходзіліся ў вёсцы. І ў гэтым наша праблема. Тое, што гэта праблема, паказваюць добрыя эканамічныя паказчыкі ў Латвіі і Эстоніі. Там, дзе гораду больш, больш грошай.

А калі пра Вільню, то, у адрозненне ад духоўнага жыцця вёскі, дзе ў аснове ляжаць пачуцці і іх спалучэнне, духоўнае жыццё сталіцы рацыянальнае. І гэта дае сур’ёзную перавагу над сялом. Вобразна кажучы, розум у горадзе набывае абрысы. З іншага боку, і самі формы горада абумоўліваюць больш востры розум. Ну, прынамсі так павінна быць. Ці так у Вільні? Калі няма, то чаму?

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Ч.Мілаш у кнізе “Азбука” піша, што ў 1992 г., вярнуўшыся ў Вільню, не знайшоў ніводнага чалавека, які раней хадзіў па горадзе. Усе былі забіты, вывезены ці самі эмігравалі. З усіх сваіх знаёмых ён знайшоў толькі В.Дрэму, які жыў за той жа брамай на вул. Літарацкай, дзе калісьці жыў Мілаш. Толькі брама ўжо была скрадзена.

“Тады, у Вільні нашай маладосці, я не чакаў, што ён адзіны застанецца сярод ценяў, стаўшы светлай постаццю”,

успамінае Мілаш пра гэту сустрэчу і вялікай працы пана Дрэмы – аб альбоме “Зніклая Вільня”. Зніклая Вільня. Метафара, якая не павінна пакідаць мэра і чальцоў гарсавета нават у сне. Але ці так гэта?

Хоць кажуць, што чалавека можна выгнаць з сяла, а вяскоўца з чалавека – ніколі, даўно пара ўсім нам пакінуць сваё сяло, як гетта духоўнага жыцця. Калі сталіцу і далей будуць пераўтвараць у сяло, мы па-ранейшаму будзем кідацца ў пошуках цудоўных ідэй для Літвы ўперамешку з замежнымі панацэямі.

Усё вакол гудуць: давайце пераймаць фінскую ідэю адукацыі! Да гэтага той жа хор патрабаваў пераняць шведскую мадэль адукацыі. Каго хвалюе, што сацыяльныя падаткі ў Швецыі менш, чым у “Содры”? (літоўскі “сацыял” – рэд.)

Для прадстаўнікоў сельскага мыслення Мажвідас Ястрамскіс выносіць занадта суровы прысуд:

“Калі я бачу прапанову пад кальку “давайце трансплантуем мадэль краіны X у Літву”, я ўспамінаю рэспубліку Палаў, якая скапіявала прыклад ведамстваў ЗША. Краіна з 21 000 жыхароў уяўляе сабою федэрацыю з 16 штатамі, а на Хатахабэі, дзе жывуць 40 чалавек, ёсць парламент з 9 чальцоў, губернатар, скарбнік, адміністратар праектаў і інш. Сістэма неяк працуе, але сэнсу мала”.

Так і жывем. Ад аднаго кірмаша да іншага. Сусед ідзе, гэтак і я топ-топ. Як непапраўныя плагіятары. То нам трэба пераняць фінскую мадэль адукацыі, то выбіраць парламент, як у ЗША, то ўвесці дзяржаўную манаполію на алкаголь, як у Швецыі. А што бывае, калі ва ўніверсітэце камісія, што ацэньвае дыпломныя працы, ловіць студэнта на плагіяце? Кол. Можа, хопіць спісваць, цягнуць у сталіцу рэшткі прыгоннага сяла?

Давайце прагонім з сябе вяскоўца. Пачнём чытаць, думаць. Калі б не новая кніга Томаса Вянцловы “Віленскія імёны”, прыйшлося б прызнаць, што дух стагоддзя Віленскай канферэнцыі навогул абыйшоў сталіцу бокам. Кніга Вянцловы трошкі палепшыла становішча. Але з’яўленне кнігі ніяк не залежала ні ад мэра-ліберала, ні ад парламента, абкладзенага “сялянамі”. Такім чынам, да наступнага кірмаша на праспекце Гедыміна.

nationalinterestby.net