Выбары ў ФРГ: “Ямайка” супраць “Альтэрнатывы”

Нядзельныя выбары ў Нямеччыне ўзрушылі грамадзкую думку ў сьвеце. Хаця блёк ХДЗ/ХСЗ, на чале з Ангэляй Мэркэль падтрымалі 33 % выбарнікаў і ён ізноў у стане сфармаваць урад, буру выклікаў добры вынік памяркоўна-правай “Альтэрнатывы для Нямеччыны” з 12,6 % галасоў, і няўдача сацыял-дэмакратаў на чале з Марцінам Шульцам, за якіх выказаліся 20,5 % выбарнікаў. 

Абедзьве партыі “эстэблішмэнту” панесьлі прыкметныя страты ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі. У 2013 годзе хадэкі набралі 41,5 %, сацыял-дэмакраты — 25,7 %. Сацыял-дэмакраты абвясьцілі пра сыход у апазыцыю.

Далей ідуць: лібэральная Свабодная дэмакратычная партыя — 10,7 %, Левая партыя — 9,2% і партыя «Саюз-90» / «Зялёныя» — 8,9%. Астатнія партыі атрымалі менш за 5 адсоткаў, неабходных для праходжаньня ў парлямэнт.

У дадзенай сытуацыі блёк ХДЗ/ХСС (традыцыйны колер – чорны) плянуе ўтварыць кааліцыю з лібэраламі (традыцыйны колер – жоўты) і зялёнымі, што ідэнтычна колерам сьцягу Ямайкі, ад чаго падобную таксама экзатычную кааліцыю назвалі “Ямайка”.

Але больш цікава прааналізаваць, што стала прычынай частковага перафарматаваньня нямецкай палітычнай сцэны. Першапрычына ў згубе нямецкай палітычнай элітай, якая знаходзіцца перад усім у эстэблішмэнце дзьвюх найвялікшых партыяў, сувязі з нямецкай рэальнасьцю.

Было некалькі запальных пунктаў, паводле якіх у нямецкім грамадзтве няма кансэснусу. Гэта: палітычныя і эканамічныя адносіны з ЗША і НАТА, палітычныя і эканамічныя адносіны з Расеяй, палітыка ў галіне міграцыі.

Пасьля заканчэньня “халоднай вайны” у Нямеччыне пачалі пашырацца антыамэрыканскія настроі, якія былі зьвязаныя з “непатрэбнасьцю” прысутнасьці НАТА, бо меркавалася, што ніякага ворага ў Эўропе ўжо няма і ў найбліжэйшай пэрспэктыве ён не зьявіцца. На гэты падатны грунт ляглі эканамічныя сувязі Нямеччыны з Расеяй, што актыўна будаваліся цягам 90-х і 2000-х гадоў.

Рэзкі паварот у зьнешняй палітыцы, які зрабіла Расея ў 2008 годзе разам з агрэсіяй на Грузію, стаў для нямецкіх элітаў поўнай нечаканасьцю, а новы курс з 2014 году і вайной ва Ўкраіне, прывёў да расколу і палярызацыі элітаў і грамадзтва ФРГ.

На гэты раскол наклалася няправільная міграцыйная палітыка, якая перарасла ў міграцыйны крызыс апошніх год. Партыі Ангэлі Мэркэль нельга было распачынаць міграцыйнай авантуры ў такіх умовах. Немагчыма выйграць вайну на некалькіх франтах, што Нямеччына павінна ведаць аж надта добра з ХХ ст., але нямецкія кіроўныя палітыкі ўвесь час наступаюць на тыя ж граблі.

У выпадку, калі значная частка грамадзтва выступае супраць шчыльных сувязяў з ЗША і бескантрольнага доступу мігрантаў, хадэкам нельга была распачынаць актуальнай міграцыйнай палітыкі. Тады б градус незадаволеньня ў нямецкім грамадзтве не дасягнуў бы той ступені як зараз.

“Альтэрнатыва для Нямеччыны” скарысталася сытуацыяй і “завязала” на сябе пратэстны электарат. Ён вельмі стракаты, бо туды ўваходзяць і кансэрватары і антыімігранцкія групы з сацыялістычным ухілам, як і групы расейскамоўных ранейшых імігрантаў, якія падтрымліваюць сувязі з Расеяй і выступаюць супраць новых мігрантаў.

Зразумела, што алеем на сэрца немцаў ляглі лёзунгі “Альтэрнатывы для Нямеччыны” аб захаваньні нямецкай культуры і цывілізацыі, якая будзе разбурана плынямі барбараў з поўдня. У гэтых выказваньнях шмат праўды і ў гэтым ёсьць асноўная памылка хадэкаў, якія заразіліся левымі ідэямі пра мультыкультурнае грамадзтва.

Цяпер апошняе папярэджаньне для блёку ХДЗ.ХСС выстаўлена. Ад таго, як адрэагуе кіруючая партыя залежыць будучыня Нямеччыны. Ці надалей гэта будзе прастора дабрабыту і спакою, альбо ператворыцца ў такі цэнтральнаэўрапэйскі “Блізкі Усход”, поўны хаосу, змаганьня тэрарыстычных груповак і ўрэшце стане галоўным пляцдармам эўрапэйскай грамадзянскай вайны.

 

nationalinterestby.net