За сумленны суд! Смяротнае пакаранне трэба пакінуць. Неадэкватна, што сядзяць дзесяткі тысяч за “эканамічныя злачынствы”.

Блогер Эдуард Пальчыс піша на facebook‘у:

Хутка будзе праходзіць даволі маштабны канцэрт “Рок за жыццё”, прысвечаны пытанню смяротнага пакарання. Давайце паглядзім на статыстыку па вынесеных смяротных прысудах у Беларусі:

2012 год – 0.
2013 год – 4
2014 год – 0
2015 год – 2
2016 год – 4

А вось толькі ўчора даведаўся, што аднаму добраму чалавеку (з кім давялося сядзець) па просьбе пракуратуры накінулі яшчэ 2 гады. Зараз за “няправільны” закуп некалькіх клавіятур і мышоў для бухгалтараў ён будзе сядзець 8 гадоў замест 6. Хоць дома чакае жонка і дзіця. Ды і большасці знаёмых абвінавачваных па эканамічных справах, з кім давялося перасекчыся ў турмах, далі па 7-8 гадоў. Пры гэтым іх віна ну ніяк не цягнула на гэтак вялікія тэрміны.

Тысячы падлеткаў адпраўляюцца ў калоніі на 8-15 гадоў толькі з-за марыхуаны або ЛСД. Хлопцу 18 гадоў, а яму даюць 12 толькі за тое, што ён купіў “касяк” і пачаставаў сябра. Якім ён выйдзе з калоніі?

Я б на месцы многіх не тапіў “супраць смяротнага пакарання смерцю”, а за “сумленнае правасуддзе”. Для мяне асабіста няма трагедыі ў тым, што за апошнія 5 гадоў расстралялі 10 чалавек, якія самі забівалі, расчлянялі, гвалтавалі. Але пакуль уся ўвага звернута на смяротнае пакаранне, тысячы беларусаў кожны год трапляюць у жораны саўковага судовага Молаха. Развальваюцца жыцці, здароўе, нервы родных.

Ну вось адменіць Лукашэнка па просьбе ЕС смяротнае пакаранне, атрымае крэдыт і хвалу ад брусэльскіх службоўцаў. Далей што? Сілавікі сумленней стануць? Падлеткам спыняць ламаць жыцці? Сінія бусікі перастануць паляваць за людзьмі? Не, проста ў корпусе #2 Жодзінскай турмы ў цесныя камеры для “пзшнікаў” (пажыццёва-асуджаных) будуць запускаць на 1-2 чалавека больш. І будуць яны таксама маркотна хорам мармытаць “здравствуйте гражданин начальник” і чакаць сваёй смерці праз 20-30 гадоў. У пустэчы, нявыкрутцы і з двума квадратнымі метрамі на чалавека.

Для мяне куды страшней не растрэл забойцы, а тысячы якім ламаюцца лёсы проста зараз. Альбо тое, што на растрэл засудзяць невінаватага, а не тое, што пакараюць вінаватага. Вось на канцэрт “За сумленны суд” я б пайшоў. Але гучыць сумна і не вельмі пафасна, нажаль.

nationalinterestby.net