Хопіць палітычнага хэпэнінгу, альбо “Як не дыскрэдытаваць Літвінаў?” – піша Паліна Юшчук

Усё гэта партыйнае занудства і гучныя словы трэба пакінуць для электарата, якога ў літвіністаў пакуль што яшчэ наогул няма, гэта значыць ён не існуе ў нашым грамадстве. І тут мы пераходзім на ўзровень цвярозага ўспрымання бягучай сітуацыі….

Такім чынам, літвінізм сёння, гэта нікчэмна маленькі адсотак аматараў гісторыі, вялікая частка якіх маргіналы. Прафесійных гісторыкаў, якія займаюцца гісторыяй ВКЛ у нас раз-два і аблічыўся, народ русіфікаваны, нават стадыю беларусізацыі не прайшоў, якую дзяржава згарнула ў 1994 годзе. Без беларусізацыі немагчыма разгарнуць літвінізацыю….

У вачах народа ўсе прыхільнікі беларусізацыі – скрайнія радыкалы, самы скрайні Пазняк… У вачах Пазняка літвіністы яшчэ большыя радыкалы, чым нават ён…. У вачах народа няма ніякіх літвіністаў. Гэта значыць яны наогул не ў курсе што гэта за з’ява, а калі дазнаюцца, то ў іх вачох літвіністы будуць суперрадыкаламі горш за  “бандэраўцаў”,… як яны кажуць…

Нават анархісты будуць анёламі побач з літвіністамі, асабліва з іх навязлівай ідэяй пераназвання Беларусі ў Літву ці Вялікалітву….

Такім чынам, электарату НЯМА….

У вачох людзей літвінізм – гэта супер-радыкальная, а значыць вельмі небяспечная плынь – “сектанты”…. Беларусізацыі не адбылося і цяпер зрабіць яе ў хуткім тэмпе, нават змяніўшы ўвесь склад ураду і службоўцаў (што адразу немагчыма зрабіць) не атрымаецца.

20 гадоў беларусізацыі неабходны для таго, каб толькі падрыхтаваць нацыянальную глебу і базу для наступнай літвінізацыі…. Калі б ва ўладзе быў нехта іншы, хто не згарнуў беларусізацыю, тады на сёння мы б плаўна і натуральна, не гвалтуючы псіхіку людзей, перайшлі б на ўзровень пачатку літвінізацыі….. такая агульная карціна

Або вы ідэалісты, калі пачынаеце будаваць афіцыйна партыю (маецца на ўвазе дэклярацыя пана М.Юшчука аб намеры заснаваць “Вялікалітвінскі Народны Фронт”) на такой вельмі маргінальнай на сёння і радыкальнай аснове, што вельмі дрэнна – гэта значыць быць палітычным ідэалістам, або вы чагосьці не разумееце….

Літвінізм сёння можа быць афіцыйна зацверджаны як грамадска-культурная ці культурна-гістарычная арганізацыя, але нават у такім выглядзе яе не захацелі зацвердзіць…. Палітык, які жадае прасунуцца хоць кудысьці па шляху ўлады павінен на сёння хаваць свае ліцвінскія погляды…..

Народ жа кахае простых і зразумелых хлопцаў, гэта значыць папулістаў…. Літвініст сёння чужародная пухліна на целе народа, якую ён адпрэчыць, варта толькі палітыку заявіць пра свае погляды…і, крый Божа, пісаць падобнага роду праграмы….

Літвінізм гэта тое, што павінна ўкараняцца ў народ шляхам глыбока несвядомай прышчэпкі, дзейнічаючы па прынцыпе кантэкстнай, утоенай рэкламы. Па-іншаму не выйдзе НІЧОГА.

Няўжо мала прыкладу Пазняка, які ўжо жадаў пайсці гэтым шляхам і пачаў з дэкларацыі праграмы гвалтоўнай беларусізацыі? (такой праграмы “гвалтоўнай беларусізацыі” не існавала ў прыродзе, але дзякуючы стэрэатыпам, збудаваным спецслужбамі, такі поглад нажаль замацаваўся ў шырокіх колах – рэд.)  

Ну і што? колькі ў яго было прыхільнікаў? 3%? (Ізноў істотная недакладнасьць, Зянон Пазьняк набраў у прэзідэнцкіх выбарах 1994 году амаль 13% – рэд.) У палітычных літвіністаў не будзе і гэтулькі.

Сёння літвінізм гэта андэграўнд у нашым грамадстве і знаходзіцца ў вельмі далікатным і нестабільным стане…. І вось тут мы падыходзім да самага галоўнага – у актуальных умовах такімі прасталінейнымі і сякернымі дзеяннямі можна яго толькі дыскрэдытаваць, слава ў яго і так не надта добрая пакуль.

Наогул на дадзеным этапе і ў гэтых умовах, без папярэдняй беларусізацыі грамадства, стварэнне палітычнай арганізацыі Літвінаў, можа стаць поўнай згубай літвінізму. Ёсць рэчы, пра якія трэба казаць своечасова, калі прыйдзе час, а ён яшчэ не надыйшоў.

Мы супраць расколу БНФ – такое суб’ектыўнае меркаванне. Растлумачу чаму супраць расколу: нельга супрацьпастаўляць сябе прыхільнікам беларускага Адраджэньня. Іх і без таго вельмі мала, а без іх і без беларусізацыі не будзе ніякай літвінізацыі ў прынцыпе, ці гэта будзе нейкая пародыя.

Не трэба нават за прыкладамі далёка хадзіць: нашы суседзі ў Літоўскай Рэспубліцы, перш чым узяць сабе афіцыйна спадчыну ВКЛ – прайшлі стогадовы (!) этап балтызацыі!!!!! (тое, што пані Паліна называе “балтызацыяй” было насамрэч нацыянальным самаўсьведамленьнем жыхароў паўночных абшараў ВКЛ, і быў гэты этап карацейшым – каля 50-70 год – рэд.) і толькі потым укаранілі ў свядомасць ідэі гістарычнага ВКЛ.

Яшчэ ў ХІХ ст. яны толькі пачалі нацыянальнае балцкае адраджэнне і мелі вельмі няўцямнае ўяўленне пра ВКЛ як такое. Ім спатрэбілася шмат часу і праца ўсіх балтыстаў-этнографаў, мовазнаўцаў, лінгвістаў, каб усвядоміць сябе наогул нацыяй, а ўжо потым далучыліся гісторыкі на самым апошнім этапе і стварылі сваю версію гісторыі ВКЛ, і на яе аснове сваю дзяржаўную ідэалогію, на гэта працавалі ўжо ўсе інтэлектуалы, уся нацыянальная эліта

Таму сёння прапагандаваць ідэі ВКЛ гэта ўсё адно што павярнуць раку назад. Без нацыянальнай базы, з народам, які нашпікаваны ідэямі Расійскай імперыі і іншымі, гэта зрабіць практычна нерэальна. І я баюся што такія (палітычныя – рэд.) лозунгі зробяць шкоду той маленькай групцы энтузіястаў, якія гэтым займаюцца – на сваю рызыку.  ЯК ВАЛАНЦЁРЫ!

Ёсць яшчэ адзін момант: Расія, яна стаіць на варце сваіх нацыянальных інтарэсаў і сёння разносіць нашчэнт магчымыя спробы беларусізацыі, а ўжо нешматлікіх літвіністаў трымае пад прыцэлам наогул. Калі паўстане палітычная партыя з пралітвінскай праграмай – баюся як бы літвінізм не стаў бы простай мішэнню для маленькага ўдару – так бы мовіць прэвентыўныя дзеянні з боку праціўніка.

Разумеючы гэтае вельмі складанае становішча, я на сёння вельмі старанна і асцярожна стаўлюся да ўсяго, што адбываецца ў гэтай плоскасці і кіруюся адным прынцыпам: не нашкодзь. Лозунгі аб працы дзеля Радзімы пісаць не трэба. Шкода літвінству можна нарабіць сур’ёзную – неабдуманымі палітычнымі правакацыямі. Увогуле, як кажуць “сто разоў адмерай – адзін адрэж” і “паспех – людзям на смех”, пакуль што я не бачу ў гэтым паспеху ніякай прадуманасці, выразнай арганізацыі. Хочацца толькі спытаць: ці разумееце вы самі што вы робіце і навошта?

 

nationalinterestby.net