Хто ўратаваў Чылі ад камунізму? АУГУСТА ХАСЭ ПІНАЧЭТ УГАРТЭ – гісторыя, якой ня ведаюць…

Набліжаецца 100-гадовы юбілей бальшавіцкага перавароту. Да гэтай даты прапануем шэраг артыкулаў, прысьвечаных жахлівым наступствам спробаў ажыцьцяўленьня сацыяльнай утопіі.

АУГУСТА ХАСЭ ПІНАЧЭТ УГАРТЭ

нарадзіўся 25 лістапада 1925 году ў Валь­параіса. Ад раньняй маладосьці ягонай мэтай была вайсковая кар’ера. У 1936 годзе скончыў Вайсковую Школу Чылійскіх Узброенных Сілаў, атрымаўшы ступень падпаручыка.

Хачу тут прывесьці показку пра заканчэньне першага этапу вайсковай кар’еры Піначэта. Аугуста Піначэт прыйшоў у Сант’яга ў касьцёл дзе знаходзіўся абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, і ўс­та­ляваў у якасьці падзякі мармуровую табліцу з надпісам: “Дзякуй Табе Маці Мая, будзь мне заўжды помаччу. Пад­паручык А. Піначэт – 1936” [1].

Гэты эпізод з жыцьця пазьнейшага “крывавага дыктатара”, як звычайна называе Піначэта левая апазыцыя, вельмі яскрава паказвае, якімі каштоўнасьцямі ён кіраваўся ў сваім жыцьці. Пераймаючы і справуючы ўладу ў Чылі гэнэрал шматразова зьвяртаўся за дапамогай да Маці Божае і атрымліваў яе. Як прыклад можна прывесьці хоць бы такі выпадак, які здарыўся на пя­ці­дзе­сяцігодзьдзе атрымананьня ступені падпаручыка, калі кулі ка­му­ністычных баявікоў, страляныя з блізкай адлегласьці не спрычынілі яму вялікай крыўды і выразалі на шыбе (аўтамабіля) абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

У 1943 годзе ён пабраўся шлюбам з Люсіяй Гірыярт. У 1949-1952 гг. быў выкладчыкам у эквадорскіх вайсковых школах, пазьней, у 1956-1959 гг. прабываў у вайсковай Місіі ў Злучаных Штатах, вярнуўшыся адкуль атрымаў ступень гэнэрала дывізыі і стаў камандзірам гарнізону Сант’яга. Прызначэньне на гэтую пасаду прыняў ад Сальвадора Альендэ.

Сальвадор Ізабэліна ад Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса Альендэ нарадзіўся ў 1908 годзе таксама ў Вальпараіса. Па прафэсіі – лекар, у якасьці хобі – палітык. У 1932-1942 гг. быў міністрам здароўя, у 1933 г. належаў да заснавальнікаў Сацыялістычнае Партыі Чылі, ў 1945-1969 гг. быў сэнатарам, апошнія тры гады выконваў функцыю старшыні Сэнату. Тры разы атрымаў паражэньне на прэзыдэнцкіх выбарах і нават атрымаў мянушку “вечнага прэтэндэнта”. Аднак чацьвёрты раз выйграў у агульных выбарах ў 1970 годзе, як супольны кандыдат Сацыялістычнай Партыі (хоць абедзьве партыі доўга вагаліся перш чым яго выбралі. ЦК Сацыялістычнае Партыі прагаласаў за ягоную кандыдатуру ў суадносінах галасоў 12 – за; супраць – не было; і аж 13 – устрымаўшыеся ад галасаваньня) яму было аддадзена 36,1 % галасоў і згодна з выбарчым заканадаўствам ягоную кандыдатуру павінен быў разглядаць Кангрэс. Альендэ перамог і тут.

Стаўшы прэзыдэнтам Альендэ зьменшыў колькасьць ужываемых імёнаў, пакідаючы, як сам прызнаўся з прычынаў прапаганды, толькі адно Сальвадор (ад слова Salvadore – Збавіцель), пасьля чаго неадкладна распачаў шэраг рэформаў, якія хутка давялі краіну да катастрофы.

Дзеяньні прэзыдэнта паводле, польскага дзеяча Пятра Цішэўскага, кіраваліся да запэўненьня народу лепшых ма­тэ­рыяльных умоваў. На шляху дасягненьня гэтай мэты былі замежныя канцэрны, што валодалі большасьцю вытворчасьці. Яны не былі зацікаўленыя дабрабытам працоўных, адно толькі павялічэньнем даходаў. Іх даходы не павялічвалі даходу дзяржавы, але ішлі за мяжу. Прэзыдэнт вырашыў нацыяналізаваць асноўныя галіны вытворчасьці. Відавочна гэта не спадабалася “вялікім уладальнікам” [2] і нацыяналізацыя прынесла эфэкт далекі ад жаданага – яшчэ дзесяць гадоў таму багатай дзяржаве пачаў пагражаць прывід голаду, а інфляцыя, якая ў 1970 г. была 20 %, узрасла ў 1972 г. да 163 % і … да 750% у сярэдзіне 1973 г.

Аднак ужо раней сацыялістычная гаспадарка дасягнула традыцыйных для яе мэтаў: дзяржава ўзяла ў свае рукі медзяныя, салетравыя шахты і жалезныя руднікі, перадала “людзям працы” (хоць не ва ўласнасьць) 9 млн. га зямлі. На працягу першых двух год прэзыдэнтуры Альендэ і падтрыманы ім “Рэвалюцыйны Рух Левых” – па-гішпанску “МІР” нацыяналізаваў 1767 маёнткаў (дадзеныя паводле: Roman Konik „Czarna Legenda Generaіa”, Dom wydawniczy „Ostoja”, Krzeszowice 2004). У “клясавых ворагаў” адабралі таксама ўсе банкі і 200 вялікіх прадпрыемстваў. Вось такі быў балянс двух гадоў ўрадаваньня Сальвадора Альендэ у палацы Ля Манэда [3]. Нават сямья прэзыдэнта прызнавала, што “хапіла ледзьве трох гадоў урадаў дзядзькі (гэтыя словы пісала пляменьніца Сальвадора Альендэ – зацімка аўтара), каб ня стала ў крамах харчоў і асноўных сродкаў гігіены” [4].

Не без прычыны Альендэ быў ацэнены дзеячамі ў левым сьвеце. Падзяляў тэорыю Мао Дзе-Дуна, ставіў у прыклад Брэжнева, а Фіделя Кастра трактаваў як указальніка для сваіх пачынаньняў, а таксама быў аб’ектам пашаны ў іншых “вялікіх” левых палітыкаў сярод якіх быў і “Камандантэ” Эрнэста (Чэ) Гэвара, які цаніў тагачаснага сэнатара за ягоную “непахісную веру ў са­цыялізм”.

Першыя страйкі пачаліся напрыканцы 1971 году, калі ў Сант’яга дайшло да вя­лі­з­най маніфэстацыі жанчынаў, якія пратэставалі супраць нястачы тавараў у крамах пры адначасовым экспарце харчу на Кубу. Жанчыны ідучы ў кірунку Ля Манэды стукалі пустымі каструлямі, адкуль назва – “Марш пустых каструль”. “Буржуазныя” гаспадыні былі атакаваныя сацыялістычнымі (імя Эльма Каталана) і камуністычнымі (імя Раманы Парра) вайсковымі арганізацыямі, а таксама “мірыстамі”.

Гэта аднак не паўстрымала хвалі незадаволеньня – адбываліся чар­говыя пратэсты, пік якіх наступіў у 1973 г. Не дапамагла замена трываючага ў Сант’яга надзвы­чайнага становішча на ваеннае. Факт, што над краінай панаваў го­лад, а на крамных паліцах не было нават воцату, выгнаў людзей на вуліцы. Пачалі кіроўцы гру­за­вікоў, пазьней да іх далучыліся чыгуначнікі, маракі, гандляры. Як жа клапаціўся Сальвадор Альендэ аб патрэбах “людзей працы”?

Інспіраваны ім МІР ажыцьцявіў сэрыю тэрарыстычных актаў, як напрыклад падрыў слупоў высокае напругі. Мэтаю гэтых дзеяньняў было запужваньне людзей і спроба скіданьня адказнасьці за кепскае становішча на “правых рэакцыянэраў” і “ворагаў прагрэсу”, якіх абвінавачвалі ў забойствах “мірыстаў”. Далей прэзыдэнт наладзіў кантрабанду зброі з Кубы і Чэхаславаччыны ў Чылі. Было бязмытна перавезена больш ручной зброі, чым яе мела, лічучае 26 000 жаўнераў, чылійскае войска. Прэзыдэнт меў намер “раздачы” гэтага арсэналу ляяльным яму працоўным, калі “кулакі і сацыялістычная сьвядомасьць гэта за мала, каб змагацца з сіламі рэакцыі”.

Альендэ таксама стварыў “Групу Асабістых Сяброў” (ГАС). Гэта быў аддзел “верных з найвярнейшых”, спраўджаных “мірыстаў”, заданьнем якіх было забіцьцё вайсковых афіцэраў вышэйшых ступеняў, у выпадку, калі б дайшло да перавароту. Яшчэ 50 “Асабістых Сяброў” складала ахову прэзыдэнта.

Між іншым з камандзірам сухапутных войскаў, гэнэралам Карлам Пратсам, здарылася цікавая прыгода, якая потым давяла да зьяўленьня на сцэне гэнэрала Піначэта. Вось жа ня вельмі папулярны з прычыны сваіх яўных праўрадавых сымпатыяў (якія сярод вайскоўцаў не былі занадта распаўсюджаныя – адсюль вынікае ўтварэньне супраціву афіцэрам ГАСу, які паводле Альендэ павінен быў ачысьціць войска ад непрыхільных яму людзей), гэнэрал быў ганебна зьняважаны адной старэйшай жыхаркай Сант’яга, Аляксандрай Кокс дэ Вальдывеска, якая едучы на машыне і ўбачыўшы ў суседнім аўтамабілі Пратса…паказала яму язык. Ганарлівы афіцэр ня мог зьнесьці такой зьнявагі з боку старой, а таму ў злосьці схапіўся за пісталет. Аднак з-за таго, што меў слабыя вочы гэнэрал прамахнуўся. Сівавалосая ж пані націснуўшы на пэдаль газу да межаў мажлівасьці пачала ўцякаць ад галоўнакамандуючага ўзброеных сіл. Пратс рушыў за ёй. Аднак пагоня ня доўжылася збыт доўга, бо разгневаны гэнэрал вельмі хутка здагнаў знэрваваную пані Кокс дэ Вальдывеска, прыклаў пісталет да яе скроні і выкрыкнуў са злосьцю: “Прасі прабачэньня, халера, бо цябе заб’ю”. Старая ж прабачацца не намервалася і мажліва Пратс выканаў бы сваю пагрозу, калі б ня факт, што навокал зьявіўся варожы гэнэралу натоўп, які выпусьціў паветра з шынаў яго аўтамабіля і прымусіў яго ратавацца ўцёкамі таксоўкай. [5] Гэта быў канец гэнэрала Пратса. У хуткім часе яго мейсца заняў гэнэрал Аўгуста Піначэт.

Войска карысталася ў Чылі вялікім даверам як ва ўрадзе, гэтак і ў апазыцыйным Кангрэсе. Людзі ў форме лічыліся безбаковымі і паважанымі. Яны ўяўлялі сабою занадта вялікую сілу, каб Альендэ здолеў іх сабе падпарадкаваць за такі кароткі час, бо афіцэрскі корпус складаўся з гарачых каталікоў, такіх як Піначэт, якім не даспадобы было кіраваньне атэіста, масона і камуніста.

Тым часам крызыс трываў далей. Сацыялістычныя і камуністычныя баявікі адкрылі агонь у гарнякоў у шахце Эль Тэньентэ, страйкі не пераставалі, апошнія незалежныя СМІ казалі аб сытуацыі ў краіне гэтак: “Ў Сант’яга не хапае мяса…”; “Мільён працоўных страйкуе…”; “Жахлівы недахоп хлеба…”, ў той час, калі прэса рэжыму (Клярын) казала аб тым, што… “80 000 працоўных да­лу­чыліся да барацьбы з чорным рынкам” [6].

Кангрэс штораз вастрэй выступаў супраць прэзыдэнта, войска першы раз пакінула казармы і 29 жніўня робячы маніфэстацыю сілы рушыла ў бок Ля Манэды. Нягледзячы на гэта ўлады цалкам не згубілі даверу да войска і хаця некаторыя міністры спадзяваліся пе­равароту, Альендэ не надаваў вагі гэтай пагрозе.

Да пералому ў адносінах Кангрэс – Прэзыдэнт дайшло ў чэрвені 1973 г., а ў жніўні Кангрэс ухваліў дакумэнт называны “Дэклярацыяй падзеньня дэмакратыі ў Чылі”, які пералічваючы гвалт адносна Канстытуцыі Сальвадорам Альендэ, прадставіў “гэтае важкае злачынства адносна канстытуцыйнага і юрыдычнага парадку Рэспублікі” найважнейшым дзяржаўным органам, у тым ліку і войску. Другой мэтай ухвалы было “засьведчаньне перад імі (органамі), што з увагі на іх функцыі, прысягу захаваньня вернасьці Канстытуцыі і іншых правоў (…), ім трэба пакласьці неадкладны канец усім узгаданым акалічнасьцям, якія парушаюць Канстытуцыю і іншыя правы”. З гэтага тэксту варта зацытаваць вялікі фрагмэнт – пп. 5 і 10:

5. Фактам зьяўляецца тое, што актуальны ўрад ад самага пачатку існаваньня стараўся ўзяць усю ўладу, выразна імкнучыся да шчыльнага гаспадарчага і палітычнага кантролю грамадзянаў з боку Дзяржавы і гэтым самым усталяваць таталітарную сыстэму, якая цалкам супярэчыць рэпрэзэнтацыйнай дэма­кра­тычнай сыстэме ўсталяванай у Канстытуцыі.;

10.Сярод пэрманэнтных парушэньняў Ураду асноўных гарантый і правоў, замацаваных Канстытуцыяй можна вылучыць наступ­ныя:

c) Парушыў аснову аўтаноміі Ўнівэрсытэтаў і правы якія ім прызнае Канстытуцыя, да заснаваньня і ўтрыманьня тэлевізійных станцыяў, падтрымліваючы ўзурпацыю 9-га каналу Чылійскага Ўнівэрсытэту, атакуючы гвалтам і затрыманьнямі 6-ты канал гэтага ж Унівэрсытэту, а таксама ўскладняючы рас­паў­сюджваньне ў іншых правінцыях краіны каналу Каталіцкага Ўнівэрсытэту Чылі.

d) Ўскладняў, рабіў немажлівым, а часамі спыняў пры ўжыцьці сілы выражэньне грамадзянамі, каторыя не былі на баку рэжыму, права да свабоды сходаў, падчас, калі стала дазваляў арганізоўваць групы баявікоў, якія не пад­па­радкоўваліся адпаведным прад­пісаньням, а таксама кан­тра­лявалі вуліцы і дарогі з мэтаю запужваньня людзей;

e) Абмяжоўваў свабоду на­­вучаньня, безпадстаўна ўво­дзячы з дапамогаю не­ле­га­ль­нага дэкрэту г.зв. “Дэ­крэту аб дэ­макратызацыі навукі” ась­вет­ніцкую праграму маючы на мэце марксісцкую ін­дак­тры­нацыю;

f) Сытэматычна парушаў канстытуцыйныя гарантыі ўласнасьці альбо дазваляючы больш чым 1500 нелегальных “канфіскацыяў” маёнткаў і сотняў прамысловых і гандлёвых адзінак, каб потым іх нацыяналізаваць альбо бяспраўна кантраляваць і такім чынам, праз рабаўніцтва ўсталяваць дзяржаўны кантроль над гаспадаркаю, што сталася адным з рашучых прычынаў упадку вытворчасці, спыненьня паставак, чорнага рынку. [7]

(працяг будзе)

 

Петр Т. Вашкевіч

Літаратура:

1) цытата і гісторыя паводле: A.Solak, „Maryja i Augusto Pinochet”, www.wandea.org
2) P.Ciszewski, „Zamach stanu w Chile w 1973 roku”, цытата паводле www.gavagai.pl/society/chile.php
3) даныя паводле: W.Klewiec, „Proces pokazowy Oskarїany Augusto Pinochet”, El-ka, Warszawa, 2001 сс.28-29
4) цытата паводле: R.Konik, „Czarna legenda generala”, DW „Ostoja”, Krzeszowice, 2004
5) W.Klewiec, „Proces pokazowy Oskarїany Augusto Pinochet”, El-ka, Warszawa, 2001 сс.21-22
6) W.Klewiec, „Proces pokazowy Oskarїany Augusto Pinochet”, El-ka, Warszawa, 2001 с.35
7) Ухвала Чылійскага Кангрэсу ад 23.08.1973, цытата паводле: www.datapolis.pl/grzes