Зьезд Партыі БНФ: кансэрватызм, Беларусь=Літва і Міжмор’е

30 верасьня адбыўся XVIII Зьезд Партыі БНФ. Старшынём партыі абраны Рыгор Кастусёў, разам з камандай намесьнікаў: Аляксей Янукевіч, Аляксандар Стральцоў-Карвацкі, Вадзім Саранчукоў, Зьміцер Салошкін і Юры Лукашэвіч. Падрабязьней са статыстыкай і канкурэнтамі можна пазнаёміцца тут: http://narodny.org/?p=15737

Але нас больш цікавяць падзеі ў галіне так бы мовіць “культуркампфу”, які стала ідзе ў нашым грамадзтве, і ў тым ліку ў палітычных партыях.

На зьезьдзе былі ўзьнятыя некаторыя насамрэч істотныя пытаньні. Папярэдні старшыня партыі Аляксей Янукевіч у сваёй справаздачы адзначыў нэгатыўную ролю дзеяньняў Эўрапэйскай Народнай Партыі (найбуйнейшай палітычнай сілы ў Эўрапарлямэнце, ядро якой складае нямецкая ХДС/ХСС – рэд.). Сярод закідаў былі агучаны некампэтэнтнасьць у беларускіх справах і накідваньне квазі-сілавымі мэтадамі кааліцыйнага будаўніцтва. У сувязі з гэтым Партыя БНФ далучылася нядаўна да Альянсу Кансэрватараў і Рэфармістаў.

Вядома, ЭНП (EPP – рэд.) у апошніх дэкадах характарызуецца высокай доляй палітычнага папулізму і “ніякасьцю” палітычнай праграмы, што прыводзіць да сур’ёзных праблемаў, якія перажываюць яе складовыя нацыянальныя часткі ва ўсіх краінах Эўропы, але найбольш яскрава ў Нямеччыне і Гішпаніі.

Нявызначанасьць “народных партыяў” у пытаньні культурна-рэлігійнай ідэнтычнасьці Эўропы, стаўка на “мультыкультуралізм”, які зьяўляецца адным з пастулятаў “культурнага марксізму” ёсьць шляхам да заняпаду Эўропы і народаў яе засяляючых. Дадзены ідэалягічны кірунак усё больш крытыкуецца, перад усім у суседняй з намі Польшчы, дзе ўрад узяў курс на абарону польскай культурнай ідэнтычнасьці і хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.

Другім важным момантам Зьезду была дыскусія па пытаньні культурна-гістарычнай спадчыны Вялікай Літвы. Дэлегат Зьезду, даўні сябра партыі Вячаслаў Сіўчык выступіў з гнеўнай прамовай, у якой скрытыкаваў намесьніка старшыні Аляксандра Стральцова-Карвацкага за адхіленьне ад праграмы партыі і “крыпта-літвінізм” у выглядзе зкалікаў да запісаньня сябе Літвінамі, у маючым адбыцца неўзабаве перапісе. Вячаслаў Сіўчык запатрабаваў “забароны літвінізму”.

У адказ Аляксандар Стральцоў-Карвацкі сьцьвердзіў, што вызнае за сваю Айчыну Літву і таму заклікае ўсіх запісвацца Літвінамі. Думку Стральцова-Карвацкага падтрымаў а. Леанід Акаловіч, сьвятар Беларускай аўтакэфальнай праваслаўнай царквы, які абгрунтаваў з пункту гледжаньня гісторыі слушнасьць выкарыстаньня назвы Літва для нашай тэрыторыі.

У выніку атака пана В.Сіўчыка атрымалася няўдалай, а большасьць дэлегатаў зьезду, выразіўшы давер пану А.Стральцову-Карвацкаму і абраўшы на пасаду намесьніка старшыні, фактычна выказаліся ў падтрымку палітычнага курсу на адраджэньне гістарычнай спадчыны Вялікай Літвы і ВКЛ.

Трэцім важным аспэктам узьнятым на Зьезьдзе было прыняцьцё рэзалюцыі “Будучыня краіны – Міжмор’е”. У ёй Партыя БНФ адзначае:

Краіны Міжмор’я аб’яднаныя як супольным гістарычным лёсам, падабенствам
культураў, так і супольнымі эканамічнымі інтарэсамі. Асноўнай задачай для ўсіх
нас зьяўляецца пазбаўленьне ад залежнасьці ў энэргарэсурсах і ўмацаваньне
свайго статусу як транзітных краінаў.

Натуральным ахоўным парасонам над краінамі Міжмор’я зьяўляюцца сілы НАТА,
якія стаяць на варце супакою і парадку ў Эўропе. Адным з лёзунгаў Партыі БНФ
ёсьць лёзунг “Вяртаньня ў Эўропу”. Пад такім вяртаньнем мы разумеем, перад
усім, уваходжаньне Беларусі ў НАТА і далучэньне да альянсу краінаў Міжмор’я.
Тут мы зможам сапраўды адчуць сябе ў бясьпецы і мець мажлівасьці для
разьвіцьця ўсіх талентаў і сілаў нашага народу.

Фактычна ідэя Трохмор’я ці Міжмор’я, гэта аднаўленьне гэапалітычнай прасторы, якую займалі Рэч Паспалітая Абодвух Народаў і Аўстра-Вугорскай манархія. Менавіта на базе каштоўнасьцяў, якія былі сфармаваны ў дадзеных гістарычных дзяржавах, і якія блізкія адна адной паводле тыпу культуры там пануючай, мае адбыцца адраджэньне Міжмор’я.

 

nationalinterestby.net