Партыя БНФ: Мадура завёў краіну ў тупік. Не – рэальнаму сацыялізму!

З нагоды прыезду зганьбленага сацыялістычнага прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура ў Беларусь, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зазначыў:

На вялікі жаль, Вэнэсуэла стала чарговым прыкладам таго, як левы радыкалізм кідае цэлыя народы ў галечу, спрыяе гвалту і распальвае сацыяльныя канфлікты. У выніку панаваньня левага папуліста Чавэса, і ягонага пасьлядоўніка Мадура, эканоміка краіны разбураная ўшчэнт. Насельніцтву не стае элемэнтарных прадуктаў харчаваньня. І нават традыцыйную штодзённую каву, якую колісь вэнэсуэльцы ўдосталь вырошчвалі, так што хапала і самім, і на экспарт, цяпер даводзіцца купляць за мяжой. Пацьвярджаючы дакладнасьць старога жарту, што пабудаваць сацыялізм у Сахары можна, але трэба быць гатовым, што там неўзабаве пясок стане дэфіцытам.

Партыя БНФ выказвае салідарнасьць з народам Вэнэсуэлы, які працягвае барацьбу за аднаўленьне свабоды і справядлівасьці, супраць бандыцкага гвалту з боку Аб’яднанай Сацыялістычнай Партыі, якая антыканстытуцыйнымі мэтадамі чапляецца за ўладу нягледзячы на сакрушальную паразу на выбарах у нацыянальны парлямант.

nationalinterestby.net