Нашы руіны? Калі адбудуем?

Вось ужо колькі год мастак і дызайнэр Уладзімер Цьвірка займаецца фіксацыяй разбураных будынкаў мінулага. Яго праект названы “Нашы руіны”. Сярод фота можна пабачыць старыя касьцёлы, уніяцкія цэрквы, палацы. Выгляд іх велічны і адначасова сумны.

Пазбаўленыя ўладальнікаў, непатрэбныя сучасьнікам сьведкі часу. Пакуль гэтак будзе, нельга казаць, што мы зьяўляемся пераемнікамі нашых продкаў. Многія могуць сказаць, “гэта ж ня наша, там паны жылі, што нам да іх?”

Пытаньне справакаванае бальшавізмам, які нішчыў сьвет і нашу зямлю ўжо сто год. Чорны яго досьвед сьведчыць, што зьнішчэньне вышэйшых клясаў у імя кепска зразумелай “сацыяльнай справядлівасьці” не вядзе да прагрэсу. А пасьля іх зьнішчэньня, “найбольш справядлівы” лад на сьвеце бярэцца звычайна і за простых людзей, закабаляючы іх у тысячу разоў больш, чым было “пры панах”.

Пакуль руіны не адбудаваны, а значыць і мы думаем і дзейнічаем згодна з наказамі таварышчаў Леніна і Сталіна. Можа пара ўжо пераасэнсаваць сваю гісторыю і зразумець, што ў нашым краі разам з панамі, у адным эканамічным арганізьме жылі і людзі простыя. Сужыцьцё гэтае хаця і не было ідэальным, але ўсё ж не было пеклам на зямлі, як гэта паказвалі бальшавікі.

Пан маючы ўладу над селянінам, клапаціўся і аб яго абароне ды дапамозе ў часе прыродных ці вайсковых катаклізмаў. Часта паны бывалі хроснымі ў сялянскіх дзяцей. Голад апроч як падчас неўраджаю не быў сталым антуражам жыцьця, а ў яго выпадку пан, маючы запасы, дзяліўся імі з сялянамі. Сьмяротнае пакараньне ці катаваньні датычылі ўсё ж больш рэальных бандытаў, альбо падшыванцаў, якія строячыся ў шаты “змагароў за справядлівасьць” імкнуліся да самавольнай экспрапрыяцыі – роўна як бальшавікі.

Але камуністычнае “ачмурэньне помстай” паволі праходзіць. Сёньня няма паноў, а іх палацы разбураныя. Пытаньне ці мы стварылі штосьці лепшае замест? Хутчэй гэта рытарычнае пытаньне. Нездарма менавіта на панскія маёнткі, нават і паўразбураныя, арганізуюцца турыстычныя туры. Нікому не цікава наведваць сучасныя офісныя скрыні са шкла і бэтону ці панэльныя хрушчоўкі, ды і “сталінскі ампір”, нягледзячы на тое, што прызнаны помнікам, надзвычайнай цікавасьці не выклікае. Шырокія вуліцы новага Менску, якія збурылі старую структуру места, нічым асаблівым не вылучаюцца на фоне Масквы, Валгаграда ці Навасібірска.

Можа нарэшце час зьвярнуцца да “несваёй” але блізкай спадчыны? Можа час аддаць належную пашану будаўнічым таго, што нягледзячы на разбурэньні, застаецца найбольш прыгожым у нашым краі?

Уладзімер Цьвірка робіць тое, што рабіў калісьці Напалеон Орда. Вядома праца славутага земляка пазамінулага стагодзьдзя была папросту тытанічнай. Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць дасягнуць таго ж эфэкту значна лягчэй і хутчэй. Але гэта не зьмяншае вартасьці праекту “Нашы руіны” – захаваць для нашчадкаў выгляд таго скарбу, які ня цэніцца сучасьнікамі. Можа наступныя пакаленьні ацэняць…

 

nationalinterestby.net