Больш за мільён палякаў маліліся ўздоўж межаў Польшчы за хрысьціянскую Эўропу

7 кастрычніка больш за мільён палякаў выйшла на малітву ўздоўж межаў Польшчы ў рамках супольнай акцыі “Ружанец уздоўж межаў”. Малітву падтрымаў эпіскапат Польшчы. Удзельнікі маліліся за супакой ва ўсім сьвеце, за добры лёс для Айчыны, за хрысьціянскую Эўропу і ў прыватных інтэнцыях.

Дзень 7 кастрычніка быў выбраны невыпадкова, бо менавіта на яго прыпадае сьвята Маці Божай Ружанцовай. Ружанец – гэта пацеркі (рас. – чётки), пры дапамозе якіх моляцца аб заступніцтве Маці Божай, разважаючы моманты з жыцьця Марыі і Езуса.

Сьвята Маці Божай Ружанцовай увёў Папа Рымскі Пій V у гонар перамогі хрысьціянскага войска на моры пад Лепанта над турэцкай флётай у 1571 г. Гэтая перамога спыніла чарговую спробу экспансіі Атаманскай імпэрыі ў Эўропе.

Малітва на мяжы з Рэспублікай Беларусь

Брытанская радыёстанцыя BBC пасьпяшалася акрэсьліць малітву як “спрэчную” (controversial – рэд.), маючы на ўвазе “антыіслямскі і антыімігранцкі характар” малітвы. Дзіўна, але відаць, сярод супрацоўнікаў дадзенай архісьвецкай радыёстанцыі ёсьць людзі, што вераць у сілу малітвы. Цікава таксама, чаму такой рэакцыі не выклікаюць публічныя малітвы мусульман на вуліцах брытанскіх гарадоў.

Публічная ружанцовая малітва нясе вялікі духовы запал, а таксама зьяўляецца сьведчаньнем прывязанасьці эўрапэйскіх народаў да хрысьціянскай спадчыны, што і паказалі палякі. Такія практыкі вартыя перайманьня і ў нашым краі.

nationalinterestby.net