Чаму курдзкая ці каталанская незалежнасьць – ок, а брытанская – не?

Сёньня зьмяшчаем артыкул Дэніэла Ханана, эўрапарлямэнтара з Брытаніі, думка якога падаецца нам цікавай, аўтэнтычна брытанскай, хаця рэдакцыя пакідае за сабой права не пагаджацца з ёй цалкам.

Дэніэл Ханан

Шкоты галасуюць аб тым каб выйсьці з Аб’ядананага Каралеўства? Рэалізацыя дэмакратычных правоў. Курды галасуюць застацца ці выйсьці з Іраку? Рэалізацыя дэмакратычных правоў. Каталанцы галасуюць застацца ці выйсьці з Гішпаніі? Рэалізацыя дэмакратычных правоў. Брытанцы галасуюць застацца ці выйсьці з Эўразьвязу? Адсталасьць, ксэнафобія, расізм!

Гэта насамрэч дзіўна. Глябальны трэнд – большая колькасьць малых краін. У сярэдзіне 50-х гг. ХХ ст., было толькі 80 дзяржаваў у сьвеце. Сёньня каля 200. 30 з іх прыйшло на сьвет у пачатку 90-х гг. ХХ ст., ды і нядаўнія Чарнагорыя, Косава, Паўднёвы Судан.

Па вялікім рахунку гэты працэс і прагрэсіўны і лібэральны: ён азначае, што рашэньні прымаюцца бліжэй да людзей, якіх яны датычаць, а таксама, што нацыянальныя межы ў большай ступені супадаюць з межамі выбарчых акругаў, што робіць дэмакратыю больш эфэктыўнай.

Тым ня меней, зза нейкай прычыны людзі, прыхільныя Ціморскай ці Тыбэцкай незалежнасьці рэагуюць вельмі па рознаму на Брытанскую незалежнасьць. Я падазраю, што гэта зьвязана з пэўнай герархіяй прывілеяў, паводле якой яны расстаўляюць сьвет па палічках, што фармуе нашыя сымпатыі, не на падставе аб’ектыўных крытэрыяў,  а на падставе сымпатыяў да слабейшых.

Каталанцы ці нават у большай ступені Круды, могуць верагодна прадставіць сябе як ахвяру. Шкоцкія сэпаратысты таксама спрабавалі прадставіць сябе ў такім сьвятле, аднак пры адсутнасьці дастатковых гістарычных аргумэнтаў, што і прывяло да іх паразы.

Аднак Аб’яднанае Каралеўства ніколі не набірае шмат галасоў сымпатыкаў. Бо гэта ж першая індустрыяльная нацыя, што само сабой прадугледжвае тэхналягічную перавагу над канкурэнтамі. Нават калі Брытанія стоадсоткава мела рацыю, яна ніколі не была аўтсайдэрам. Яе памер і гісторыя азначаюць, што яе эўраскэптыцызм успрымаўся не такім чынам, як у выпадку Нарвэгіі ці Швайцарыі. Калі нарвэжцы ці швайцарцы галасуюць супраць членства ў Эўразьвязе, іх рашэньне ўспрымалася як тое, чым яно было: перавагу дэмакратычнага самакіраваньня. Калі брытанцы галасуюць такім самым чынам, тады тысячы ашалелых фельетаністаў схапіліся за штампы аб Брытанскай імпэрыі.

Тым ня меней Эўразьвяз плыве супраць гістарычнай плыні. Яго заклапочанасьць памерамі, зьяўляецца прыкметай яго веку, пахмельлем дзяцінства 50-х гг. ХХ ст. Тады вялікае было адначасова прыгожым, ці то ў бізнэсе, ці то ў палітыцы, і разумныя людзі пагадзіліся, што будучыня за вялікімі прасторамі.

Стаўка аднак не да канца апраўдалася. Ганконг абагнаў Кітай, Сінгапур апярэджвае Інданэзію – Швайцарыя абганяе Эўразьвяз. Краінамі з найбольш высокім ВУП на душу насельніцтва, паводле дадзеных ЦРУ зьяўляюцца Ліхтэнштайн, Катар і Манака. Пры чым Катар гэта адзіная тэрыторыя ў першай дзясятцы, з насельніцтвам вышэй за 350 тыс.чал.

Эўразьвяз не адмовіцца ад палітычнай інтэграцыі. Ён адмовіўся перадаць Дэвіду Камэрону хаця б адну дадатковую кампэтэнцыю, зза чаго той прайграў рэфэрэндум па Брэксіце. У сьвеце, дзе ўлада становіцца дэцэнтралізаванай, пашыранай і зьмешанай, Брусэль застаецца дагматычна прывязаным да фэдэралізму, аб чым Жан-Клёд Юнкэр прапаведаваў тыдзень таму.

Гэтыя адрозьненьні ў бачаньні тлумачаць, чаму ў інтарэсе кожнага, каб Брытанія замяніла актуальнага партнэра на нейкага больш свабоднага і прыязнага. Пасьля Брэксіту, паводле такога ж прынцыпу, мы павінны перадаць уладу атрыманую ад Брусэлю, далей уніз, у мясцовыя органы ўлады, а яшчэ лепш асобным грамадзянам. Але гэта будзе іншая гісторыя.

 

nationalinterestby.net
рэдакцыя пакідае за сабой права не згаджацца з думкай аўтара
Social media & sharing icons powered by UltimatelySocial