Чым была Сярэдняя Літва?

8 кастрычніка мінае гадавіна так званага “бунту” гэнэрала Люцыяна Жалігоўскага, у выніку якога ў Вільні і ваколіцах зьявілася дзяржаўнае ўтварэньне пад назвай “Сярэдняя Літва”.

Паводле ўмоў падпісанага 7 кастрычніка 1920 Сувалкаўскага дагавору паміж Польшчай і Літвой Віленшчына лічылася тэрыторыяй Літвы. Але адначасова апэратыўная група “Беняконі” пад камандаваньнем гэнэрала Люцыяна Жалігоўскага заявіла 8 кастрычніка аб выхадзе з падпарадкаваньня польскага галоўнага камандаваньня. Пазьней і Жалігоўскі, і кіраўнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудзкі прызнавалі, што ініцыятарам гэтага меркаванага бунту быў насамрэч сам Пілсудзкі, які ня бачыў іншага спосабу вярнуць Вільню.

Група, у склад якой уваходзілі 1-я Літоўска-беларуская дывізія гэнэрала Р. Радкоўскага і група маёра М. Зындрам-Касьцялкоўскага, заняла Вільню і пачала рухацца ў напармку Коўна. У ходзе наступленьня войскі Жалігоўскага дасягнулі мястэчка Кейданы ў цэнтры Літвы. У выніку ўмяшаньня Кантрольнай камісіі Лігі Нацый 29 лістапада было заключана перамір’е; на тэрыторыі, занятай часткамі Жалігоўскага, арганізоўвалася незалежная адміністрацыйная адзінка, якая атрымала назву Сярэдняя Літва.

Сьцяг Сярэдняй Літвы

Пэрыяд Сярэдняй Літвы ў цэлым быў спрыяльны для беларускага руху. У 1921 г. быў створаны Беларускі музэй у Вільні, а Браніслаў Тарашкевіч заняў месца старэйшага рэфэрэнта ў Дэпартамэнце Асьветы. Таксама Вацлаў Іваноўскі і Браніслаў Тарашкевіч увайшлі ў склад Тымчасовай Урадавай Камісіі.

У канцы 1920 г. утварылася Настаўніцкая сэмінарыя ў Барунах. А ў 1921 годзе па ініцыятыве Тарашкевіча створана Таварыства Беларускай Школы. Пачалі сваю дзейнасьць больш за 100 школаў з беларускай мовай выкладаньня.

Першай дзяржаўнай мовай Сярэдняй Літвы была польская, але ў якасьці афіцыйных моваў выкарыстоўваліся ідыш, беларуская і літоўская. На якіх паводле жаданьня таксама выдаваліся, напрыклад, пашпарты. Гэрб Сярэдняй Літвы – Арол і Пагоня. Сьцяг – тыя ж самыя Арол і Пагоня на чырвоным палотнішчы.

Паштовыя маркі Сярэдняй Літвы

Узьнікненьне Сярэдняй Літвы выклікала востры канфлікт паміж Літоўскай Рэспублікай і Польшчай. Абедзьве краіны імкнуліся давесьці свае правы на дадзеную тэрыторыю. Шмат было і фэдэрацыйных канцэпцый.

Адна з іх – так званы плян Гыманса, які закладаў стварэньне фэдэрацыйнай Літвы з трох кантонаў – балцкага (Коўня), польскага (Вільня) і беларускага (Менск). Гэты плян спрабаваў ажыцьцявіць Юзаф Пілсудзкі, а яго элемэнтамі былі ўтварэньне Сярэдняй Літвы і Слуцкі Ўзброены Чын і Палескі паход гэнэрала Станіслава Булак-Балаховіча. Нажаль утварэньне беларускага кантону не ўдалося, а агульна канцэпцыю не падтрымаў польскі орган заканадаўчай улады – Сэйм.

nationalinterestby.net