Ці можа Беларусь стаць “эканамічным тыграм”?

Нараканьні на эканамічную сытуацыю сёньня і яе параўнаньне з “тлустымі” 2000-ымі стала агульным месцам жыхароў нашай краіны. Людзі наракаюць на нізкія заробкі, недахоп высокааплатных працоўных месцаў і шукаюць магчымасьці падзарабіць за мяжой. Пры чым у апошні час заўважнай стала тэндэнцыя пераарыентацыі ў пошуках працы з усходняга кірунку на заходні.

Спрыяе гэтаму стабільны эканамічны рост, які дэманструе наша заходняя суседка. Польшча ад пачатку трансфармацыі ў 90-х ХХ ст. не зазнала эканамічнага спаду і праводзіла вельмі разважлівую палітыку ў галіне фінансаў. Пры тым, што 40-мільённая краіна ўяўляе сабой немалы рынак, а эканамічныя свабоды на парадак глыбейшыя чым у Рэспубліцы Беларусь.

Прычыны такога стану рэчаў у нашай краіне шматгранныя, як чыста палітычнага характару, так і тыя, што засталіся ў спадчыну пасьля СССР. Аляксандар Лукашэнка прыйшоў да ўлады на хвалі жаданьня беларускіх элітаў захаваць эканамічныя сувязі з былой мэтраполіяй – Расеяй і былымі нацыянальнымі правінцыямі СССР.

Сказана – зроблена. І пакуль рэсурс дадзенай эканамічнай мадэлі ня быў вычарпаны, назіраўся памяркоўны эканамічны рост і ўзрастаньне роўню дабрабыту грамадзянаў. Але ўсяму прыходзіць канец і ў канцы 2000-х наступіў спачатку сусьветны эканамічны крызіс, а потым неразважлівыя палітычна дзеяньні Расеі, якія прывялі да таго, што яе праціўнікі на міжнароднай арэне пачалі супрацьдзейнічаць у сфэры цэнаў на энэргарэсурсы, а дадаткова ўключылі рэжым санкцыяў. Расейскі рынак да сёньня зьяўляецца галоўным для Рэспублікі Беларусь, а адпаведна, любыя нэгатыўныя працэсы, якія на ім адбываюцца, балюча б’юць па нашай краіне.

Інстытут прыватызацыі і мэнэджмэнту апублікаваў аналіз, якім чынам зьмянялася структура экспарту Беларусі на працягу апошніх амаль 20 год. Выявіўся шэраг нэгатыўных зьменаў, якія закранулі беларускую эканоміку.

Узрастаньне ў структуры экспарту сыравіны і тавараў, аснову якіх складае сыравіна. Калійныя ўгнаеньні і мясамалочная прадукцыя не зьяўляюцца таварамі з высокай доляй даданай вартасьці, а адпаведна ня могуць прынесьці ў краіну вялікія грошы. Доля такіх тавараў узрасла амаль да 9% нашага экспарту, у той час, як у краінах Цэнтральнай Эўропы (Вугоршчыны, Польшчы, Чэхіі) іх доля зьмяншалася да ўзроўню менш за 5%.

У частцы тэхналягічных тавараў радыкальна зьменшылася доля “высокатэхналягічных” тавараў – да 3%, а доля сярэднятэхналягічных тавараў упала з 40 да прыкладна 30%. У той жа час, у нашых заходніх суседзяў па Міжмор’і доля высокатэхналягічных тавараў узрасла да 20%.

Зьменшылася ўдзельная вага далучанасьці Беларусі ў так званых глябальных лянцужках коштаў. Тут маецца на ўвазе ўключанасьць беларускай прадукцыі ў якасьці паўфабрыкатаў у сусьветныя прадукцыйныя лініі. Пры чым гэтае зьмяншэньне назіраецца тым большае, чым больш высокатэхналягічныя прадукты мы разглядаем, і ізноў жа тэндэнцыя ў нас ідзе ў разрэз з тэндэнцыямі ў краінах Цэнтральнай Эўропы.

Такім чынам прыходзіцца канстатаваць, што беларуская эканоміка не знаходзіцца на добрай дарозе. Фармальныя запэўніваньні беларускага афіцыйнага эстэблішмэнту пакуль застаюцца без падмацаваньня фактамі. “Эканамічны цуд” Парку высокіх тэхналёгій хутчэй не зьяўляецца цудам, а толькі прыватным выключэньнем з агульна кепскай сытуацыі.

Пакуль сытуацыя будзе выглядаць падобным чынам, ня трэба дзівіцца, што нашы людзі будуць шукаць заробку па-за межамі краіны і імкнуцца зьехаць на стала, ня трэба дзівіцца папулярнасьці Карты паляка, бо перад усім за гэтым стаіць эканамічны фактар і магчымасьць прадаставіць свае паслугі на разьвітым рынку працы.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinternetby.net