Футбол як адлюстраваньне грамадзтва

Напэўна аматары гульнявых камандных відаў спорту адчуваюць альбо ведаюць розьніцу паміж (ня)здольнасьцю да калектыўнага дзеяньня беларускіх каманд. У чарговы раз гэта праявілася ў мінулым адборачным цыклі футбольнага Чэмпіянату Сьвету – 2018. Зборная Беларусі заняла апошняе месца ў групе, але прычыны падаецца шырэйшыя, чым толькі індывідуальнае майстэрства і запал ігракоў. У сваім блёгу выступ зборнай аналізуе Алесь Пілецкі.

Нацыянальная зборная па футболу завяршыла выступленне на адборачным турніры да чэмпіянату свету і заняла апошняе месца ў групе з шасці зборных. Акрамя беларусаў там былі Францыя, Швецыя, Нідэрланды, Балгарыя і Люксембург.
Апошняе месца, 5 ачкоў. Адна перамога, дома над Балгарыяй. Адна перамога за 10 матчаў.

І я думаю, што справа не ў футбалістах. Яны, акурат, месцамі нават здзіўлялі. Адзін учарашні гол Сарокі (хлопец у мінулым сезоне гуляў у ФК “Гарадзея”) французам чаго варты, нават на паўторах не да канца зразумела, як ён змог забіць. Мне падаецца, справа ў сістэме. Футбол – гэта ж наўпроставае адлюстраванне таго, што адываецца ў краіне. Гэта не тэніс, не біятлон і не лёгкая атлетыка, дзе спартовец дзякуючы свайму ўласнаму падыходу можа дасягнуць вяршыні. Адзін футбаліст у полі не… Ну, вы зразумелі.

Беларускі футбол зараз, гэта тое самае, што беларуская эканоміка, знешняя і ўнутраная палітыка, адукацыя і ахова здароўя. Розніца толькі ў тым, што ў футболе няма Белстата, дыктараў дзяржаўных тэлеканалаў і селектарных нарадаў з паведамленнямі аб тым, што чарговы беларускі камбайн ужо бараздзіць прасторы суседняй галактыкі. Дакладней, яны ёсць, але потым ты выходзіш на поле супраць рэзервнага складу зборнай Люксембурга і ўсё адразу бачна.

Футбол, гэта не хакей, у які гуляюць у 15 краінах свету і заняўшы 7 месца можна радасна аб гэтым расказваць жыхарам гарадоў і мястэчак. У футбол гуляюць усе і наша сапраўднае месца побач з Гібралтарам і Сан-Марына. Апошняе ў групе. І мы ўсе ведаем, чаму.

nationalinterestby.net