Палякі і беларусы б’юцца за Касьцюшку? У Маскве задаволена паціраюць рукі :)

Беларускамоўны абшар інтэрнэту захлынаецца ў спрэчках адносна помніку Касьцюшцы ў Залятурне ці Салюры, як каму лепш падабаецца. Ломяцца дзіды інтэлектуальных аргумэнтаў, адбываецца абкідваньне інвэктывамі. Польшчу прыроўніваюць да Расеі.

Што маем “в сухом остатке”? Чарговая цаглінка ў мур польска-беларускай варажнечы. Каму гэта выгадна? – любілі пытацца старажытныя Рымляне. Дзе двое б’юцца, там трэці карыстае. Гэтым трэцім безумоўна ня ёсьць Бэрлін, Вільня ці Кіеў, гэтым трэцім ёсьць Масква.

Здавалася б што можа адзін помнік. А можа ён вельмі шмат зрабіць, як добрага, так і дрэннага. У сёньняшнім сьвеце культурна-гістарычны аспэкт становіцца гэапалітычным. Гарачым прыхільнікам антыпольскага “Культуркампфу” варта было б задумацца, а ці здужаюць яны змагацца на два франты?

Менавіта так трэба ставіць пытаньне ў беларускай сытуацыі. Стан нацыі, стан сьвядомасьці, стан мовы не дазваляюць змаганьня на два бакі. Нават для такіх моцных краін як Нямеччына ці Расея вайна на два франты ў ХХ ст. выяўлялася гэапалітычным кашмарам. Нямеччына два разы зазнала гэта практычна, Польшча шматкроць, а Сталін усю вайну трымаў некалькі дывізіяў на Далёкім Усходзе, баючыся ўдару Японіі.

Тыя, хто горача абараняюць нашае права на памяць Касьцюшкі забываюць, што вакол ёсьць жорсткія палітычныя і эканамічныя рэаліі, у якіх аддаленьне Беларусі ад Захаду, у дадзеным канкрэтным выпадку ад Польшчы ёсьць зьбліжэньнем да Масквы.

Не апраўдваю ў дадзеным выпадку польскага боку, які павінен праявіць значна болей палітычнай мудрасьці, чым гэта зрабіў Амбасадар РП у Швайцарыі. Але існуе і розьніца ў пэрспэктывах польскага і беларускага (незалежніцкага) бакоў.

У Польшчы, у адрозьненьні ад Беларусі ёсьць саюзьнікі. Незалежна ад іх “якасьці” і гатоўнасьці пайсьці на нейкія супольныя дзеяньні, яны дэкляратыўна на дадзены момант ёсьць. А што мае Беларусь? Ці маем мы хоць аднаго саюзьніка? Можа ад таго наша справа ўвесь час стаіць на месцы, што мы прызвычаіліся абвінавачваць у нашых асабістых грахах усіх навокал?

Зразумела, што для адэкватнага ўспрыняцьця беларускіх прэтэнзіяў за мяжой, у нашай краіне павінна было быць ужо як мінімум 10 помнікаў Касьцюшцы і з пару дзясяткаў вуліц яго імя. Хаця і тут можна было б распачаць дыскусію, а ці Касьцюшка павінен зьяўляцца нашым гэроем?

У беларускім незалежніцкім асяродзьдзі ўспрынялася нейкая звычка прымаць у шэраг нацыянальных гэрояў шляхам аклямацыі (з усеагульнай згоды – без галасаваньня), не дыскутуючы аб тым, ці дадзеная асоба вартая знаходжаньня ў нацыянальным пантэоне.

Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка па-за фактам нараджэньня на тэрыторыі сёньняшняй Рэспублікі Беларусь, наяўнасьці тут спадчыннай маёмасьці і аб’екта нешчасьлівага каханьня, нічога больш для нашага краю ўчыніць не здолеў. З гэтага пункту гледжаньня, напрыклад, кароль і вялікі князь Стэфан Баторы, заслугоўвае на прысутнасьць у пантэоне, бо вярнуў у склад ВКЛ Полацак.

Ужываю тут менавіта форму “не здолеў”, бо ня ўсё было ў яго сілах. Па суб’ектыўных прычынах ён трапіў на службу ў армію Кароны польскай, а не ВКЛ. Вайна з Расеяй 1792 г. была прайграна не па яго віне, але прайграна. Паўстаньне 1794 г. скончылася таксама паразай. Канстытуцыя ў імя якой Касьцюшка прымаў прысягу была творам унутрана супярэчлівым і зацьверджана Сэймам пры адсутнасьці кворуму (!). Чакаю воклічаў пурыстаў ад дэмакратыі і гарачых змагароў з лукашэнкаўскім самаўладзтвам…

Шмат пытаньняў на якія няма адказу. А ў такіх выпадках заўсёды лепш устрымацца ад імпульсіўных дзеяньняў, ці то ў абарону кагосьці, альбо з нападам на кагосьці. Беларусі патрэбныя саюзьнікі, і з прычынаў гэаграфічных яны могуць быць з захаду ці з усходу. Гэта значыць, што можна змагацца супраць Польшчы разам з Расеяй, што зрабіла БССР у 1939 г., альбо супраць Расеі разам з Польшчай, што доўгі час рабіла ВКЛ.

 

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net