Адкуль узялася і як перамагчы “дзедаўшчыну”?

Трагічная гібель Аляксандра Коржыча у Печах вярнула беларускае грамадзтва ў савецкія рэаліі, але на пачатку варта зрабіць экскурс у гісторыю.

Савецкая армія, якая зьяўляецца непасрэднай наступніцай так званай Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, стваралася як запярэчаньне арміі царскай, а ў прынцыпе любой так званай “буржуазнай” арміі.

Галоўным элемэнтам, на якім будавалася Чырвоная Армія быў элемэнт крымінальны, які прынёс свае “поняція” у армію. Сярод гэтых “поняцій” было і своеасбалівая нестатутная герархія, якая меркавала ўтварэньне паралельных афіцыйным неяўных арганізацыйных структур. Як крытэр герархічнасьці была ўзятая працягласьць службы.

Бальшавікі талеравалі наяўнасьць такіх стурктур, бо яны фактычна здымалі з фармальнага камандзіра функцыю шкаленьня і самарганізаваньня падначаленых яму жаўнераў, якую ён павінен быў шляхам выхаваньня і трэнінгу прышчапляць.

Функцыя базавай самаарганізацыі была аддадзена “дзядам”, якія маючы крымінальны “бэкграунд” не асабліва клапаціліся аб самапачуваньні і годнасьці жаўнера. Камуністам, якія будавалі ўсё “во імя человека і всё во благо человека”, лёс канкрэтнага чалавека – жаўнера быў да лямпачкі.

Нестатутныя адносіны ня раз даводзілі сваю шкоднасьць для войска і звычайна іх прысутнасьць зьніжалася на важных з вайсковага пункту гледжаньня аб’ектах альбо ў рэальнай баявой сытуацыі. Практычна адсутнічалі яны ў агульнавядомай форме ў флёце, бо супольны лёс на караблі змушаў да мінімальнай пашаны да кожнага матроса, бо ад яго якасных дзеяньняў залежаў лёс усёй каманды.

Беларуская армія ў сілу адсутнасьці дэкамунізацыі і рэальнага патрытычнага выхаваньня на гістарычных традыцыях нашых продкаў – Вялікага Княства Літоўскага, не зьмянілася кардынальна, а хутчэй засталася спадчыньніцай Савецкай Арміі. Адпаведна засталіся нестатутныя адносіны і ўсе іх нэгатыўныя наступствы.

Які можа быць выхад з дадзенай сытуацыі? На ідэалягічным узроўні ўсё збольшага зразумела – армія не павінна быць паводле духу расейскай, савецкай, а грунтавацца на краёвай патрыятычнай ідэі. Структурна ёсьць некалькі магчымых рашэньняў.

Нестатутныя адносіны немажлівыя ў прафэсійнай арміі, але прафэсійная армія вымагае значна большага бюджэту, забясьпечваючы высокую якасьць вядзеньня баявых дзеяньняў. Войска ВКЛ у звычайны час было войскам прафэсійным, і толькі ў выпадку маштабных баявых дзеяньняў склікалася “паспалітае рушаньне” – набор усіх здольных насіць зброю, часам не выключаючы нават сялян.

Іншым рашэньнем можа быць пакліканьне ў канкрэтныя часткі паводле гэаграфічнага, зямляцкага прынцыпу. Такую практыку адвеку стасавала Нямеччына. Чаму ў іх не было нестатутных адносінаў? Бо калі б яны раптам узьніклі, таму хто да гэтага дапусьціўся дадому лепш было не вяртацца. З гэтай жа прычыны і біліся нямецкія жаўнеры значна больш зацята, а ратаваньне параненага ці вынас з поля і пахаваньне земляка было справай гонару, бо ізноў жа сорам перад думкай мясцовай супольнасьці быў нагэтулькі вялікі, што не дазваляў паводзіць сябе кепска. У сёньняшняй сытуацыі ўрбанізацыі гэта азначала пакліканьне ў адно месца службы асобаў з аднаго кварталу ці “спальнага раёна”.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net