Заява Партыі БНФ з нагоды сьмерці Аляксандра Коржыча

Трагічная гібель жаўнера Аляксандра Коржыча і выяўленыя жахлівыя падрабязнасьці парушэньняў законнасьці ў асобных частках беларускага войска шакавалі грамадзтва.

Сьмерць Аляксандра Коржыча – ганьба і для беларускага войска, і для кіраўніцтва краіны, і для беларускага грамадзтва.

Усе вядомыя грамадзкасьці на гэты момант акалічнасьці сьмерці Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы ў Печах гавораць пра тое, што дзякуючы мужнасьці сваякоў Аляксандра і незалежных журналістаў беларускаму грамадзтву стала вядома пра здарэньне і зьвязаныя зь ім падзеі, якія зьяўляюцца абсалютна непрымальнымі і недапушчальнымі і ня могуць быць апраўданыя ніякімі тлумачэньнямі ці аргумантамі. Агучаныя сваякамі ды сябрамі Аляксандра Коржыча факты выклікаюць абурэньне і вымагаюць жорсткай рэакцыі як беларускіх уладаў, так і беларускага грамадзтва.

У гэтай сытуацыі кіраўніцтва партыі БНФ патрабуе поўнага, аб’ктыўнага, усебаковага, сумленнага расследваньня ўсіх акалічнасьцяў ды дэталяў сьмерці Аляксандра Коржыча.

Таксама Партыя БНФ патрабуе неадкладнага адхіленьня ад пасадаў усяго кіраўніцтва вайсковай часткі №72 у Печах, а ў выпадку выяўленьня сьледствам доказаў іх віны – справядлівага пакараньня. Мы перакананыя, што сам факт сьмерці вайскоўца на тэрыторыі сваёй часткі ў мірны час сьведчыць пра віну афіцэраў часткі

Партыя БНФ рыхтуе і давядзе ў бліжэйшым часе як да беларускага грамадзтва, так і да адпаведных дзяржаўных органаў свае канкрэтныя прапановы неабходных зьменаў у беларускім войску, скіраваных на жорсткае выкараненьні любых праяваў “дзедаўшыны” ды прыніжэньня вайскоўцаў, а таксама на ўмацаваньне патрыятычнага ды баявога духу беларускіх вайскоўцаў.

narodny.org

nationalinterest.by