Польска-брытанскія кансультацыі: Расея ўяўляе небясьпеку

Пагрозы, якія мы чуем з боку Расеі, маюць на мэце разбурэньне даверу паміж краінамі НАТА, што павінна аслабіць волю захаваньня супольнай бясьпекі,

— сказаў Антоні Мацерэвіч у штодзённым фельетоне “Голасу Польшчы” для тэлевізіі “ТРВАМ”. Шэф абароннага ведамства Польшчы зазначыў, што сёньняшнія размовы з Вялікабрытаніяй пацьвердзілі выключэньне расейскага сцэнару падзей.

Міністар Антоні Мацерэвіч разам з міністрам замежных спраў Вітальдам Вашчыкоўскім сустрэліся ў Лёндане з брытанскімі адпаведнікамі Барысам Джонсанам і Майклам Фэланам:

Мы размаўлялі пра справы, якія зьяўляюцца найважнейшымі для Польшчы, але таксама вельмі істотныя для Вялікабрытаніі – пра бясьпеку ўсходняга флянгу НАТА. Абедзьве краіны былі вельмі занепакоены апошнімі паводзінамі Расейскай Фэдэрацыі, асабліва вучэньнямі “Захад-2017”, але таксама і рознымі пагрозамі, што ў каторы раз мы чуем з расейскага боку, напрыклад, тым, што Расея гатова выйсьці з пагадненьня НАТА-Расея, заключанага яшчэ ў 90-х гг. ХХ ст. –

казаў шэф Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы.

Міністар сказаў, што сёньняшнія размовы пацьвердзілі, што Вялікабрытанія і надалей будзе ўтрымліваць свае войскі ў Эстоніі, як і ў Польшчы. Міністар абароны Вялікабрытаніі Майкл Фэлан сказаў:

Мы будзем плячо ў плячо забясьпечваць бясьпеку Польшчы і ўсходняга флянгу (НАТА – рэд.), так доўга, як мы будзем вам патрэбнымі. Адносна гэтага можна мець абсалютную ўпэўненасьць.

Міністры размаўлялі таксама пра бясьпеку Украіны. Як Польшча, гэтак і Вялікабрытанія лічаць, што расейская агрэсія павінна быць спынена:

Ня будзе гарантыяў для эўрапэйскай бясьпекі, ня будзе ніякіх гарантыяў увогуле, пакуль Расея не пакіне Украіну. Нядаўна мы чулі аб прапановах расейскага боку датычна ўтварэньня міратворчага кантынгэнту. Гэтыя прапановы непрымальныя, бо прадугледжваюць, што тэрыторыя Данбасу зьяўляецца спрэчнай…Відавочна, што ў іх склад не маглі б уваходзіць расейскія войскі, бо гэта войскі аднаго з агрэсараў. Ідэя міратворчых сілаў ня можа быць інструмантам легалізацыі расейскага імпэрыялізму –

рашуча падкрэсьліў Мацерэвіч.

 

wpolityce.pl/Radio Maryja

nationalinterestby.net