Аляксей Янукевіч: Аляксандр Лукашэнка – савецкі чалавек, але не прыхільнік “рускага міру”

Будучы з партыйным візітам у Слоніме, намеснік страшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч даў інтэрвію “Газэце Слонімскай”, вытрымку з якога мы падаем на нашым сайце.

— Ужо хутка на Беларусі выбары парламенцкія і прэзідэнцкія. Што плануе на іх рабіць партыя БНФ?

— Мы ўжо вырашылі на з`ездзе, які адбыўся 30 верасня, удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах і вылучаць свайго кандыдата. Я перакананы, што і ў парламенцкіх выбарах мы будзем удзельнічаць са сваім спісам і сваёй платформай.

І зараз мы бачым, што асноўнае ідэйнае змаганне на будучых выбарах будзе адбывацца паміж прыхільнікамі беларускай нацыянальнай ідэі і прыхільнікамі так званага «русского мира». І менавіта каб адстойваць нашы беларускія нацыянальныя каштоўнасці, мы ідзем на гэтыя выбары.

— Як у гэтай сітуацыі будзе весці сябе беларуская ўлада, на Ваш погляд?

— Мы бачым, што ўладная сістэма становіцца ўсё менш кансалідаванай, там зараз выяўляюцца як прарасійскія дзеячы, так і тыя, хто стаіць на беларускіх пазіцыях і арыентуецца на Захад. І, канешне, гэта будзе складаць умовы дзеля таго, каб прыспешваць перамены. Мы бачым, што Аляксандр Лукашэнка пакуль дастаткова камфортна трымае кантроль над сітуацыяй. Але ён таксама вымушаны шукаць новы баланс для сваёй улады. Ён вымушаны рабіць крокі не толькі ў бок Расеі, але і ў бок Захаду, у бок беларускага грамадства, якое зараз стаіць на нацыянальных каштоўнасцях. Таму глабальна сітуацыя разгортваецца ўсё ж такі ў накірунку, калі нацыянальная ідэя, нацыянальныя каштоўнасці і курс на інтэграцыю ў Еўропу, дзе гістарычна павінна быць Беларусь і цывілізацыйна, усё ж такі ўмацоўваецца.

— Спадар Аляксей, на Ваш погляд, Аляксандр  Лукашэнка цяпер — гэта чалавек так званага «русского мира» ці ўсё ж больш празаходні?

— Аляксандр Лукашэнка — гэта такі савецкі чалавек, але не прыхільнік «русского мира».

Але тым больш нельга назваць яго і празаходнім чалавекам. Ён такі савецкі чалавек, але бачым, што сітуацыя вымушае яго дыстанцыявацца ад Расеі.