Выбары ў Аўстрыі: не для мігрантаў!

15 кастрычніка ў Аўстрыі прайшлі парламенцкія выбары. Першае месца заняла хадэцкая Аўстрыйская народная партыя. Яе лідар, 31-гадовы Сэбастыян Курц у часе гэтай выбарчай кампаніі павярнуў у крутым віражы сваю партыю ўправа і выйграў выбары.

Аўстрыйскія народнікі сваімі поглядамі былі падобныя да нямецкіх хрысціянскіх дэмакратаў. Яны набралі каля 32% галасоў. У сацыялістаў — 27%. Больш правая Партыя свабоды набрала 26%.

Хутчэй за ўсё новую кааліцыю створаць Народная партыя і правая Партыя свабоды, бо ў дадзены момант паміж імі назіраецца больш падабенства, чым разыходжаньняў. У пэўны момант Сэбастыян Курц перахапіў лёзунгі Ханса Крыстыяна Штрахэ. Сэбастыян Курц ставіць сабе ў заслугу, як міністру замежных спраў у папярэднім урадзе, спыненьне так званага “балканскага міграцыйнага шляху”. Штрахэ пярэчыў, што шлях закрыў Віктар Орбан – прэм’ер-міністар Вугоршчыны.

Так ці інакш абедзьве вядучыя партыі Аўстрыі за спыненьне патоку мігрантаў і умацаваньне памежнага кантролю, што вельмі добра для Эўропы, якая ня хоча стаць мусульманскай.

 

nationalinterestby.net