Дзедаўшчына – вынік савецкай сыстэмы

Ксёндз Вячаслаў Барок на сваёй старонцы ў фэйсбуку разважае аб з’яве “дзедаўшчыны”, якая здаецца быць шырэй, чым толькі ў войску.

Дзедаўшчына ў беларускім войску і брутальныя смерці маладых хлапцоў, якім бы яшчэ жыць і жыць гэта вынік постсавецкай ідэалогіі, якую дзяржава абрала сабе на ўзбраенне для асягнення статус кво ў грамадстве. Суіцыды ці забойствы – гэта сімптомы, якія сведчуць аб тым, што нетолькі наша армія, але і грамадства хворыя. Сёння трагічна праславіўшыяся ‘Печы’ сталі сімвалам усёй Беларусі.

Зрэшты, было б занадта наіўна меркаваць, што дзедаўшчына, як з’ява міжлюдзкіх, па-за ўстаўных адносінаў, або ў грамадскім жыцці адносінаў, якія выводзяць людзей за межы прававога поля, прысутнічае толькі ў войску. Яна ёсць паўсюль, бо мы, як грамадства проста не жывем па ‘уставу’, па закону, закон для нас згубіў сваю святасць у выкананні, ён не з’яўляецца ў нашым разуменні чымсьці непарушным і незменным. Можна спытацца: так а што ж, як не закон рэгуліруе суадносіны паміж усімі намі ? Адказ насоўваецца толькі адзін: мы жывем ‘па паняццях’, а не па закону, гэта прыкладна штосьці такое, як на зоне. Закон ёсць, але ён недзе ў паралельным свеце, а тут і цяпер ёсць непісаныя нормы – ‘паняцці’. І калі хтосьці спрабуе узгадаць пра прапісаныя прававыя нормы, непазбежна чуе:”ну вы же понимаете”….

Мы прызвачаіліся, што высокіх чыноўнікаў садзяць за крадзежы і вызваляюць пасля таго, як яны кампенсуюць шкоду, але ж гэта нідзе не рэгламентуюцца аніякімі прававымі нормамі, а залежыць толькі ад волі аднаго чалавека.
Мы прызвачаліся, што маладыя прыходзячы на працу павінны дабравольна падпарадкавацца ‘традыцыі’ старэйшых: хадзіць дабравольна на суботнікі, уступаць у шэрагі БРСМ станавіцца чальцамі прафсаюзаў, плаціць збор у фонд міру, ці яшчэ штосьці такога, як даваць абавязковую ахвяру ці на пабудову царквы ці бібліятэкі, якія пад табель збіраюцца на месцах працы, апагеем гэтага маразму ёсць прымусовае прыняцце ўдзелу ў ‘крёстных ходах’ што ладзяцца РПЦ пры супрацы з мясцовамі органамі кіравання па разнарадцы з кожнага прадпрыемства па некалькі чалавек…. Па загаду зверху прыкладаемся да ракі мучанікаў, што пацярпелі ад бальшавікоў і па загаду зверху святкуем на дзяржаўным узроўні бальшавіцкі пераварот і ушаноўваем помнік Леніна.

Што гэта , калі не дзедаўшчына?
Сёння мы нават не здзіўляемся, што так яно ёсць…

Хачу заўважыць, што каранямі дзедаўшчына сягае менавіта савецкай ідэалогіі. Яна ў свой час, адмовіўшыся ад хрысціянскай візіі чалавека, перакрэсліла чалавека як такога, перакрэсліла сумленне чалавека. Чалавек, як індывідыум быў нічога не варты. Старэйшыя добра памятаюць, што ўсё жыццё ўбівалася ім у галовы: ‘Еденица! кому она нужна?, голос единицы тоньше писка,’- а далей падсумоўвалася : ‘еденица- вздор , единица- ноль’ тым самым аўтарам Маякоўскім ў паэме ‘Уладзімір Ільіч Ленін’.

Інакш кажучы кожны канкрэтны чалавек, як індывідыум, быў прынесены ў ахвяру, на карысць ілюзорнага – светлай будучыні ‘савецкага народа’. Аднак, там ужо не было месца для індывідуальнасці, чалавеку нават адбіралася права даваць ацэнку сваіх паводзінаў і адрозніваць дабро ад зла, што магчыма, дзякуючы толькі ўжыванню свайго сумлення. А савецкая ідэалогія ўзурпіравала права на сумленне, сцвярджаючы за Леніным, што партия – ум, честь и совесть нашей эпохи.

І што? Што далей?
А далей, чалавек без сумлення – не чалавек… Ларыса Геніюш перажыўшы сталінскія лагеры у ‘Споведзі’ пісала: ‘няма сумлення , няма і чалавека’. Зрэшты, заўважу, яна да гэтага часу не рэабелітаваная ў нашай краіне. Саўпадзенне? Не думаю!

Вось таму мы і сёння так ‘высока’ цэнім чалавека, ён як правіла стабільна прагульвае ў цяганні з дзяржаўнымі інстытуцыямі. А таму, ў прынцыпе, усё менш здзіўляемся, што чалавека з’ядае сыстэма збудаваная такім ж людзьмі…

Жыццё чалавека адна з найвышэйшых каштоўнасцяў, яно не мае цаны. І не магчыма вярнуць сыноў тым бацькам, дзеці каторых загінулі ад дзедаўшчыны. Тым не менш, ці не настаў час задаць нам пытанне: што рабіць далей, каб парваць з дзедаўшчынай, якая губіць усіх нас?

У сувязі з трагедыяй у Печах было заяўлена, што ніхто з вінаватых не пазбегне пакарання. І сапраўды, пакараных ужо шмат, але пытанне пазастаецца адкрытым ці знайшлі сапраўдна вінаватых у гібелі Коржыча? Ідуць спрэчкі аб тым, каго насамрэч трэба адправіць у адстаўку, каб і ў арміі і ў дзяржаве парваць з дзедаўшчынай.

Я перакананы, калі сапраўды, нам надакучыла дзедаўшчына, і не хацелася б больш назіраць, як гінуць у мірны час нашыя суграмадзяне,

то мы павінны дабіцца таго, каб у адстаўку пайшоў кожны, хто будзе супрацьстаяць дэсаветызацыі, або дэкамунізацыі нашага грамадства.

Урэшце варта пачаць думаць пра дабро і рэалізацыю правоў канкрэтнага чалавека тут і цяпер, перастаць таптаць чалавека за яго іншадумства і свабодалюбства. Ці хтосьці з нас яшчэ не наеўся ілюзорнай стабільнасцю, збудаванай на самападмане і нежаданні зазірнуць праўдзе ў вочы?

Калі мы сёння не паставім кропку на шляху зла, на якім людзкое жыццё не мае вартасці, а сумленне і закон з’яўляюцца чужымі словамі, то заўтра жывучы без сумлення і па паняцях, кожны з нас можа стаць ахвярай гэтай сыстэмы ў якой мы з’яўляемся вінцікамі…