Ці паляціць Аляксандар Лукашэнка ў Брусэль?

24 лістапада ў Брусэлі адбудзецца V Саміт Усходняга Партнэрства. Старшыня Эўрапэйскай Рады Дональд Туск скіраваў Аляксандру Лукашэнку запрашэньне на саміт.

Паводле ўнутраных крыніцаў у структурах Эўразьвязу

запрашэньне зьяўляецца “паважным”, гэта значыць адмова ад удзелу, безадносна да прычынаў, будзе лічыцца публічнай зьнявагай усім эўрапэйскім краінам і павінна заблякаваць далейшыя кантакты на неакрэсьлены пэрыяд.

Аляксандр Лукашэнка пакуль не прыняў рашэньня, ці будзе ён на саміце. Хутчэй за ўсё стыль яго разважаньня скіроўваецца ў бок таго, як за колькі можна “прадаць” дадзенае запрашэньне ў Маскве. Калі гутарка ідзе пра блякаваньне кантактаў з Эўропай на пэрыяд некалькіх год, то і цана павінна быць высокай.

Напрыклад сталая загрузка беларускіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў цягам 5 год. Бесперашкодны допуск беларускай мяса-малочнай прадукцыі на расейскі рынак цягам бліжэйшых 5 год. Адкладаньне ў бясконцасьць пытаньня аб разьмяшчэньні расейскай вайсковай базы ў Беларусі. І гэтак далей.

Магчымасьцяў прадаць дадзенае запрашэньне дорага вялізная колькасьць. Але ўсе гэтыя дзеяньні носяць тактычны характар. Яны могуць дапамагчы паўстрымаць сытуацыю ў Беларусі ад каляпсу цягам некалькіх год, але тым самым толькі адцягваюць каляпс і зробяць яго больш магутным.

Сёньня зразумела, што канфлікт Расеі з Захадам будзе насіць зацяжны характар. Адпаведна Расеі цяжка будзе спадзявацца на падвышэньне цэнаў на нафту, бо ў сытуацыі, калі Саудаўская Аравія знаходзіцца з боку ЗША, яна заўсёды здольная зьнізіць сусьветную цану.

Расея імкнецца падтрымліваць нестабільнасьць на Блізкім Усходзе, умешваючыся ў Сырыі менавіта з мэтай ня даць цэнам на энэргарэсурсы ўпасьці занадта нізка, што абрынула б расейскую эканоміку. Тым ня меней мажлівасьці Расеі абмежаваныя і спадзяваньні Беларусі на ўздым расейскай эканомікі застаюцца марнымі.

Дык ці ехаць Лукашэнку ў Брусэль? А што можа прапанаваць Брусэль? Пашыраную эканамічную супрацу? Але яна будзе ў значнай ступені мэтавай, а паводле памераў не дасягне аб’ёму расейскіх укладаньняў у Беларусь, якія ў горшыя часы былі на ўзроўні 2-3 мільярдаў даляраў у год. Вядома ўсе гэтыя падлікі можна падважыць, сказаўшы, што Расея мае вялікія гэастратэгічныя інтарэсы ў Беларусі і яны каштуюць значна больш. Але каб так сказаць, неабходна пайсьці на канфрантацыю з Расеяй.

Падаецца, што кіраўнік Беларусі ўсё ж вырашыць паехаць, але без нейкіх значных спадзеваў. Прадаць можна ня толькі запрашэньне, але і паездку. Яна ня носіць адкрыта варожага характару для Расеі, а зьяўляецца толькі лёгкім уяўным папярэджаньнем, пасьля якога можна на новым цэнавым узроўні вярнуцца да старой “шарманкі”: “Мы Беларусы – з братняю Русьсю…”

Зьміцер Радкевіч

nationalinterestby.net