Яшчэ 75 год без доступу – аказваецца КДБ і МУС працягнулі тэрміны сакрэтнага захоўваньня для дакумэнтаў аб рэпрэсіях

Інфармацыйны партал tut.by апавядае аб змаганьні Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру з Мінюстам за права доступу да некалі сакрэтных дакумэнтаў, тэрмін сакрэтнасьці якіх паводле заканадаўства сканчваецца пасьля 75 год. Але ня ўсё так проста – аказваецца Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і Міністэрства ўнутраных спраў працягнулі, у пачатку 2000-х гг., дамовы аб рэалізацыі сакрэтнага перахоўваньня некаторых дакумэнтаў да 2081 і 2084 гг.

Што можна сказаць? Сурёзна людзі працуюць, разьлічваюць на чатыры пакаленьні наперад. Аказваецца праўда аб бальшавіцка-камуністычным рэжыме не павінна ім “перашкаджаць” і ў ХХІ стагодзьдзі. Спадзяюся, але толькі спадзяюся – бо ўсё мажліва, што гэтыя з гэтых дакумэнтаў будзе зьняты грыф “сакрэтна” значна раней. Калі ж не, то гэта будзе азначаць панаваньне камуністычных мітаў яшчэ наступныя амаль 70 год.

Найлепшы польскі публіцыстычны пісьменьнік ХХ ст. Юзаф Мацкевіч сказаў аднойчы: “Толькі праўда ёсьць цікавай”. Гэта было сказана ў добрай веры, што так думае большасьць, але аказваецца, што гэта ня так. Для большасьці жыхароў Беларусі праўда надалей не зьяўляецца каштоўнасьцю.

Большасьць кіруецца старой рускай максімай: “Жыць як набяжыць…” – без рэфлексіі, без творчасьці і без адказнасьці. Тады сапраўды ня варта дашуквацца праўды, бо з праўдай усё значна складаней і менш пэўна. Але Бог ёсьць…

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net