Мінск і Беларусь: дзве розныя рэальнасці –

Андрэй Дынько піша на сваім фэйсбку:

Мінск і Беларусь: дзве розныя рэальнасці: Ivan Shyla (Іван Шыла) ў свой Чысты кіт шукае і не можа знайсці клінераў (г.зн. прыбіральшчыкаў) на заробак 800-1200 рублёў. Хоць гэта самая мілая, бесклапотная, фізічная, без ніякай рызыкі і стрэсаў работа ўнутры памяшкання. Таксама і Наша Ніва мае незапоўненыя вакансіі ў аддзеле маркетынгу – хоць там каласальны патэнцыял росту і кар’еры. А за 100 км ад Менска людзі кідаюцца на любую працу за 600 рублёў за месяц. Дай бог каб сталіца лакаматывам пацягнула за сабой рэгіёны.

З эканамічнага пункту гледжаньня справа выглядае вельмі проста. Майкл Портэр у сваёй кнізе “Канкурэнцыя” вельмі падрабязна апісвае працэсы, якія адбываюцца ў так званых “клястэрах”: мейсцах канцэнтрацыі дастатковай колькасьці фірм і сэрвісаў, што іх абслугоўваюць.

Клястэр натуральным чынам стварае канкурэнцыйную перавагу перад тэрыторыямі паза ім, бо забясьпечвае хуткі абмен інфармацыяй і зьніжэньне транзакцыйных выдаткаў – выдаткаў на руцінныя прававыя і бюракратычныя апэрацыі.

Менск, у сілу спэцыфічнай увагі да яго з боку дзяржавы такім клястэрам стаў. Пра Менск увесь час клапаціліся ў першую чаргу, бо ён выяўляў і выяўляе небясьпеку для элітаў з палітычнага пункту гледжаньня. Сацыяльны выбух у Менску можа прывесьці да зьмены ўлады, а сацыяльныя выбухі ў рэгіёнах дастаткова лёгка падавіць.

Менск ня можа стаць лякаматывам для астатняй частцы краіны, бо сам у гэтым незацікаўлены, а з другога боку няма дзяржаўнай палітыкі, якая б яго да гэтага змушала. Менск можа і будзе высмоктваць чалавечыя рэсурсы з рэгіёнаў, каб потым аддаць іх яшчэ больш разьвітым клястэрам у выглядзе Масквы, Варшавы, Бэрліна ці Ню-Ёрка.

Розьніца ў аплаце працы ў Менску і рэгіёнах будзе непазьбежна захоўвацца, бо запатрабаваньне на працу ў Менску вышэй, чым у рэгіёнах, а рынак працы больш сэгмэнтаваны, а адпаведна больш складаны, а значыць складаней знайсьці работніка з адпаведным наборам кваліфікацыяў.

Зьміцер Радкевіч

nationalinterestby.net