Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі: нас ня могуць радаваць частыя візіты Пуціна ў Вугоршчыну

Польшчу ня могуць радаваць частыя візыты ў Вугоршчыну прэзідэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, – сказаў у інтэрвію для штотыднёвіка „Heti Valasz” шэф польскай дыпляматыі, паведамляе газэта “Rzeczpospolita”.

За апошні год Пуцін прыяжджаў да прэм’ера Вугоршчыны Орбана ўжо два разы. Прычына такіх частых візітаў узаемны інтарэс бакоў.

Вугоршчына крытычна залежная ад расейскага газу, і ў прынцыпе ня мае з Расеяй вострых гістарычных канфліктаў апроч пэрыяду камунізму. Вугоршчына, якая знаходзіцца ў дынамічным канфлікце з левымі элітамі некаторых іншых краінаў Эўразьвязу, не жадае змагацца на два франты і таму праводзіць палітыку нераздражненьня Расеі. У сувязі з гэтым вельмі часта вугорскія дзяржаўныя чыньнікі маюць крытычны падыход да дзеяньняў актуальнага кіраўніцтва Ўкраіны.

З другога боку Расея імкнецца падзяляць краіны Эўразьвязу, і як паветра патрабуе наяўнасьці “альтэрнатыўных падыходаў” да пытаньня санкцыяў і супрацы з Расеяй.
Міністар замежных спраў Польшчы В.Вашчыкоўскі таксама адзначыў, што разумее розьніцу ў гэапалітычнай сытуацыі Вугоршчыны і Польшчы, а таксама, што Польшчы з разуменьнем ставіцца да палітыкі Вугоршчыны адносна Расеі, калі няма мажлівасьці забясьпечыць альтэрнатыўныя пастаўкі энэрганосьбітаў. Але кажа: “Наша стаўленьне можа зьмяніцца, калі запрацуюць на поўную магутнасьць хабы звадкаванага газу (LNG) у Польшчы і Харватыі”. Пры наяўнасьці альтэранатывы падобныя паводзіны Вугоршчыны стануць для Польшчы незразумелымі.

Шэф польскай дыпляматыі выказаў думку адносна абароназдольнасьці ўсходняга флянгу НАТА ад патэнцыйнай агрэсіі Расеі. Паводле Вітальда Вашчыкоўскага

задзеяньне артыкулу 5 Паўночнаатлянтычнага трактату дастатковае, каб абараніцца ад “гібрыднай агрэсіі”, але недастаткова для агрэсіі “поўнамаштабнай”, якая адпрацоўвалася ў часе вучэньняў Захад-2017.

Тут неабходна заўчасу задзейнічаць мэтады дыпляматыі, а калі яны не дапамогуць, перайсьці да разьмяшчэньня наступных адзінак НАТА на ўсходнім флянгу.

rzeczpospolita.pl / nationalinterestby.net