Марш абураных беларусаў – у чым праблема пратэстаў? Што трэба людзям нашай краіны?

21 кастрычніка адбылася акцыя “Марш абураных беларусаў”. У ёй узяло удзел некалькі дзясяткаў чалавек. Як на гучную назву людзей выйшла няшмат. Зьміцер Бандарэнка ў студыі “Белсату” сказаў, што гэта “сапраўдная апазіцыя” у адрозьненьні ад “несапраўднай”. Але што можа “сапраўдная апазіцыя”?

Чаму на гэтую і падобныя акцыі прыходзіць так мала людзей? Вядома, што жыхары Беларусі, за нешматлікімі выключэньнямі, адрозьніваюцца скрайнім прагматызмам. У гэтым сэнсе кожны сапраўдны беларус некалькі разоў пралічыць суадносіны “цана – якасьць” для кожнага свайго дзеяньня. Такі падыход характэрны ня толькі для беларусаў, але і для іншых народаў.

Розьніца толькі ў тым, што ў тых краінах, дзе гістарычна склаліся моцныя карпарацыйныя структуры, масавы пратэст паводле суадносінаў “цана – якасьць” прыносіць большы эфэкт, чым пераадольваньне праблем індывідуальнымі шляхамі. Там дзе моцныя карпарацыі пратэст мае сэнс, бо ён эфэктыўны толькі пры дастатковай крытычнай масе ўдзельнікаў.

У Беларусі гістарычна моцныя карпаратыўныя сувязі не збудаваліся. У такіх умовах адкрыты пратэст адзінак ня мае сэнсу. Вядома сытуацыя можа зьмяніцца, калі варункі жыцьця ў Беларусі рэзка ўпадуць. Толькі і тады пратэст, хаця і можа стаць масавым, пры адсутнасьць структурызацыі, будзе пратэстам хаатычным, які не давядзе да неабходных вынікаў.

Якія шляхі абіраюць звычайныя беларусы для вырашэньня сваіх праблем. Палітычныя праблемы большасьць беларусаў яшчэ не ўсьведамляюць. Эканамічныя праблемы вырашаюцца шляхам заробкавай міграцыі. Беларускі бізнэс вырашае свае праблемы шляхам пераходу ў “шэрую зону”. Нешматлікія ўжо жыхары сяла выходзяць з сытуацыі дзякуючы прысядзібным гаспадаркам. Маладыя людзі імкнуцца выехаць за мяжу на вучобу альбо на працу і застацца там. У гэтай сувязі неабходна разглядаць папулярнасьць Карты паляка, якая прадастаўляе значныя палёгкі пры пераезьдзе ў Польшчу.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net