Лёсы людзей, што нарадзіліся ў ГУЛАГУ

У Менску пачаліся жалобныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гадавіны «ночы расстраляных паэтаў», што адзначаецца 29 кастрычніка. 25 кастрычніка, у сядзібе БНФ сябры ініцыятывы «Вяртаньне памяці», грамадзкія актывісты ды іншыя праслухалі лекцыю дасьледчыка Ігара Кузьняцова пра рэпрэсіі 1937–1938 гадоў ды сустрэліся з народжанымі ў ГУЛАГУ Зінаідай Тарасевіч і Ўладзімерам Раманоўскім – паведамляе narodny.org

За адну ноч 29 кастрычніка 1937 году ў Менску былі расстраляныя больш за сто прадстаўнікоў эліты грамадзтва. Дваццаць паэтаў і пісьменьнікаў, тры былыя рэктары БДУ, былы міністар адукацыі, вядомыя журналісты, партыйныя дзеячы. Гэта для Беларусі была «ноч доўгіх нажоў», мяркуе гісторык Ігар Кузьняцоў і даводзіць у сваёй лекцыі пра рэпрэсіі 1937–1938 гадоў, што гэта ня быў разавы эпізод і што мэтанакіраванае і заплянаванае зьнішчэньне людзей як нібыта ворагаў народу пачалося пасьля перамогі бальшавікоў у 1917 годзе, а ў 1937 дасягнула піку.

Паводле дасьледчыка, у Беларусі ад рэпрэсій пацярпелі ад 1,4 да 1,6 мільёна чалавек, да 500 тысяч зь іх загінулі. 90% рэпрэсаваных былі простымі людзьмі — сялянамі і рабочымі, служачымі. Яны шчыра верылі савецкай уладзе, якая ім аддзячыла куляй у патыліцу. Гісторык высьветліў, што толькі сотыя долі працэнта спраў сапраўды тычыліся людзей, якія неяк спрабавалі супраціўляцца машыне тэрору, разгорнутай бальшавікамі.

«У той час супраціўляцца было ўжо немагчыма, дый людзі паверылі ў хімэру камунізму. А ў тое, што гэтая ўлада можа зь імі зрабіць, верыць адмаўляліся. Адзін з асноўных урокаў таго часу — той, што пазьбегнуць масавых рэпрэсій магчыма раней, калі яны яшчэ толькі пачынаюцца. Вось чаму трэба ў наш час вызначыцца з тым, што тады было, і асудзіць рэпрэсіі, прызнаць на дзяржаўным узроўні, што фактычна гэта быў масавы тэрор супроць свайго народу», — мяркуе Ігар Кузьняцоў.

Ігар Кузьняцоў

Паводле дасьледчыка, у Беларусі працэс рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій замарожаны, КДБ не раскрывае архіваў, рэпрэсіі апраўдваюцца, так і ня створаная база дадзеных рэпрэсаваных грамадзян, у грамадзтве навязваецца лягерная мараль і культ «моцнай рукі».

«Праз колькі дзён, на 100-годзьдзе рэвалюцыі, камуністы зноў панясуць кветкі да помніка Леніну і да бюста Сталіна, будуць усхваляць гэтых асоб, якіх варта прызнаць злачынцамі». Усё гэта стварае базу для новых рэпрэсій, папярэджвае гісторык.

«Мы тады будавалі сацыялізм»

Зінаіда Тарасевіч

Неверагодную гісторыю выжываньня ў жудасных умовах ГУЛАГу расказала народжаная ў лягеры Зінаіда Тарасевіч. Яе бабулю разам з 8 дзецьмі вывезьлі зь Беларусі ў Архангельскую вобласьць як жонку кулака, хоць гаспадарка была бедная, мела толькі аднаго каня, і жыла сямʼя ў невялікай хаце зь земляной падлогай.

«Мая маці Тацяна Зеньчык згадвала, што ў дарозе да лесапавалу амаль ва ўсіх, каго везьлі цягніком, памерлі дзеці. У Вялікім Усьцюгу іх трымалі ў царкве зімой, хто паміраў — скідвалі ў яму за могілкамі, на саміх могілках не дазвалялі хаваць.

Мужчыны амаль усе памерлі на лесапавале, бо за норму давалі толькі па 400 грамаў хлеба, а калі ня выканаў норму, дык нічога не давалі есьці. Хто не памёр, дык зварʼяцеў.

Маці выжыла цудам, але засталася безь сясьцёр і братоў. Вырашыла нарадзіць мяне ад мужчыны, зь якім там пазнаёмілася, каб было каму расказаць, што зь імі здарылася.

Казала, як выбірала мне імя, дык шукала такое, якое б не паўтарыла лёсу тых, хто там памёр. Знайшла рэдкае імя — Зінаіда, а ўсе астатнія былі ў памерлых.

У вайну бацьку забралі на фронт, ды гэта нас уратавала — маці зь лесапавалу перавялі санітаркай у мэдчастку. У 45 годзе нас вызвалілі, бацька як паранены франтавік дамогся.

Маці доўга хадзіла па вуліцах Менску не па ходніках, а па дарозе, гэтак яе запужалі, усяго баялася. А потым пачала зьбіраць грошы, і ў 68 годзе мы паехалі туды, у Архангельскую вобласьць, знайшлі тое месца, дзе быў лягер, знайшлі аднаго ахоўніка, Елісеева. Ён мой позірк на яго зразумеў і пачаў апраўдвацца. „Мы, — кажа, — будавалі сацыялізм“. Гэта пра тыя жудасныя рэчы, якія мы перажылі, пра той зьдзек над людзьмі.

А маці, як прыехалі ў Менск, ударыла кулаком па сталу і сказала: „Усё. Больш яны мяне ня будуць лічыць нечалавекам“. З таго часу хадзіла па горадзе годна і спрабавала ў судах дамагчыся, каб асудзілі тое раскулачваньне».

Пазьней Зінаіда Тарасевіч знайшла ў бібліятэцы цытаты з працаў Леніна пра тое, што трэба расстрэльваць сьвятароў ды іншых людзей, якіх рэвалюцыя залічыла ў ворагі. «Вось адкуль насамрэч пачаліся рэпрэсіі», — такую выснову Зінаіда Тарасевіч зрабіла яшчэ ў савецкія часы.

Таксама яна згадала пра тое, як адыходзіла з жыцьця маці: «Усё казала: „Божа, ну чаму ты ня бачыў гэтыя зьдзекі над намі“. Гэтак і памерла».

Маці казала: «Не шкадую, што гэтак пражыла»

Асабістым аповедам падзяліўся яшчэ адзін народжаны ў ГУЛАГу — мянчук Уладзімер Раманоўскі. Ягонае дзяцінства прайшло ў Магаданскай вобласьці.

Уладзімер Раманоўскі

«Мы жылі ў паселішчы, бацька і маці ўжо выйшлі зь лягера, але ня мелі права вярнуцца. Памятаю, як хлопчыкам раптам задумаўся: чаму мае бацькі аказаліся ворагамі народу, калі іх гэтак паважаюць у пасёлку?

Вось тады даведаўся, што бацьку арыштавалі пасьля таго, як на камсамольскім сходзе расказаў, што ў іх на хутары чалавек памёр ад голаду. А маці прыехала па разьмеркаваньні на Сахалін, дык яе забралі як японскую шпіёнку».

Уладзімер Раманоўскі паказаў вытрымкі з успамінаў сваёй маці, якая расказала на відэакамэру пра лягернае жыцьцё.

«Мяне больш за іншае ўражвае ў гэтых кадрах, што маці кажа, нібыта не шкадуе пра тое, як склалася яе жыцьцё. Што сустрэла шмат цікавых людзей у лягеры, шмат чаму ў іх навучылася. Гэта так, але калі глядзіш праўдзе ў вочы, задаесься пытаньнем, ці рэалізаваў гэты чалавек тое, што яму было закладзена прыродай, дык адказ — не. Гэтых ахвяраў сталінізму таксама мільёны, каго не забілі, але зламалі жыцьцё, не дазволілі рэалізаваць сябе», — кажа Ўладзімер Раманоўскі пра сваю маці.

Курапаты — дагэтуль справа палітычная

Напрыканцы імпрэзы ў сядзібе БНФ паказалі дакумэнтальны фільм «Курапаты — шлях сумленьня», у якім распавядаецца пра змаганьне за мэмарыял, калі яму пагражалі будаўнічыя працы, і пра спробы ўлады схаваць праўду пра сталінскія рэпрэсіі. «Курапацкая справа застаецца і цяпер палітычнай», — падсумаваў гісторык Ігар Кузьняцоў.

narodny.org / nationalinterestby.net