Беларуская сыстэма адукацыі – сьляпыя павадыры сьляпых

Дыскусіі аб беларускай адукацыі цягнуцца пэрманэнтна, але апошні тыдзень падліў алею да агню інфармацыяй аб фактычным скасаваньні гімназіяў. Вядома гімназіі не скасоўваюцца зусім, але ліквідуюцца на ўзроўні базавай школы.

Праблемы аднак знаходзяцца значна глыбей. Агульна можна было б гэта акрэсьліць як сыстэмны крызіс, крызіс мэнэджмэнту і кадрава-фінансавы крызіс. Спадчына камуністычнай сыстэмы, якая будавала сыстэму паводле прынцыпу ідэалягічнай ляяльнасьці, потым маруднае разбурэньне сыстэмы цягам чвэрці стагодзьдзя праз недафінансаваньне і абмежаваньне свабодаў.

На гэтым фоне структурныя рэформы, якімі займаецца Міністэрства адукацыі, маюць нулявое значэньне, бо не закранаюць крызісу. Ад зьмены месцаў сума не зьмяняецца.

Беларускую адукацыю немажліва вылячыць пры сёньняшняй палітычнай сытуацыі, якая прасякнута фармалізмам і штучнасьцю. Настаўнік ня можа ў ёй адчуваць сябе свабодна і займацца творчасьцю, а тым болей быць маральным прыкладам. Ня трэба забываць, што educatio з лацінскай мае два значэньне: кшталтаваньне (фармаваньне) і выхаваньне. Апошняе мае ня меншы сэнс за першае.

На маю думку правільна выхаваць чалавека нават больш важна за перадачу яму нейкіх ведаў ці здольнасьцяў. Дэградацыя вартасьці “фармальных ведаў” наступіла з агульнай даступнасьцю крыніцаў інфармацыі. Большае значэньне мае здольнасьць здабыць неабходныя веды. Але маральнае грамадзтва ня можа быць збудавана немаральнымі людзьмі, нават калі яны і поліглёты (паліглоты) ці “усезнайкі”.

Беларускае грамадзтва лічыцца па вызначэньні “хрысьціянскім”, але сутнасна ўжо даўна ў сваёй масе такім не зьяўляецца. Праблемы нашай адукацыі таксама і ў гэтым. Сьвецкай маралі паводле вызначэньня быць ня можа. Тое, што ёй называюць і так зьяўляецца карыкатурай дзесяці прыказаньняў. Нічога новага ў гэтай галіне прыдумана быць ня можа. Ня здолелі гэтага зрабіць камуністы, чый “кодэкс будаўніка камунізму” жыўцом узяты з Бібліі і трохі перафарматаваны.

Ня зможа гэтага зрабіць і “пасьпяховая, міралюбная і талерантная” эліта Рэспублікі Беларусь, прасякнутая фарысействам і кар’ерызмам. Настаўнікі для іх – прывадныя пасы (рамні) сыстэмы. Мэта іх дзейнасьці не выхаваньне ці перадача ведаў, а забесьпячэньне кіруемасьці “дзяржаўнай паствы”. Так званыя “рэформы” – гэта працэс абгрунтаваньня свайго існаваньня чыноўнікамі.

Шансам для творчых і актыўных людзей можа быць у стварэньні прыватных школаў. Але транзакцыйныя выдаткі ўваходу на моцна манапалізаваны дзяржавай рынак адукацыйных паслугаў вельмі высокія. Дазволіць сабе стварыць прыватную школу ў Беларусі могуць толькі даляравыя мільянэры, ці замежныя дзяржаўныя структуры. Але той, хто ідзе не азіраючыся шлях урэшце паканае…

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net