У Эўрапарлямэнце адбылася выстава “Злачынства без пакараньня”: камунізм павінен быць асуджаны!

На апошняй сэсіі Эўрапарлямэнту ў кастрычніку ў Страсбургу адбылася выстава “Злачынства без пакараньня”, прымеркаваная да 100-годзьдзя бальшавіцкага перавароту. Выстава распавядае аб злачынствах бальшавізму і камунізму, аб разбурэньнях, нанесеных цывілізацыі ў сфэры палітыкі, культуры, эканомікі і рэлігіі.

Як вядома ў эўрапэйскіх структурах мэнтальна дамінуюць лева-лібэральныя ідэі, што вядзе да паблажлівасьці адносна злачыннага камунізму. Таму вялікае значэньне мае кожны напамін аб сутнасьці гэтай жахлівай ідэалёгіі.

Выставу арганізаваў прадстаўнік фракцыі Эўрапэйскіх кансэрватараў і рэфарматараў, былы старшыня Сэйму Рэспублікі Польшча, цяпер дэпутат Эўрапарлямэнту Марэк Юрэк. Галоўны арганізатар запрасіў да інаўгурацыі прадстаўніка Францыі – кансэрватыўнага, каталіцкага публіцыста Бэрнара Антані і прадстаўніка партнэрскай Партыі БНФ – Аляксандра Стральцова-Карвацкага, намесьніка старшыні партыі.

 

Марэк Юрэк

У кароткіх, але зьмястоўных прамовах выступоўцы накрэсьлілі радавод камуністычнай ідэі і разбурэньні, да якіх яна прывяла ў захопленых ёй краінах сьвету. А.Стральцоў-Карвацкі сьцьвердзіў, што злачынствы бальшавізму і камунізму не асуджаны да сёньня:

Мэнтальна, у сэнсе рэфлексіі над тым, што адбылося, мы ўсё яшчэ знаходзімся на пачатку шляху, мы ўсё яшчэ ня ведаем дакладнай колькасьці ахвяраў гэтай сыстэмы, мы ўсё яшчэ не ўсьведамляем, наколькі зруйнаваныя нашыя грамадзтвы гэтай ідэалёгіяй, і ўсё яшчэ не адбыўся “Нюрнбэрг над камунізмам”, які абсалютна патрэбны.

Аляксандар Стральцоў-Карвацкі

На інаўгурацыі прысутнічалі дэпутаты розных фракцыяў Эўрапарлямэнту з Францыі, Гішпаніі, Польшчы, Нямеччыны і інш. Далей выстава паедзе ў падарожжа па гарадах Польшчы.

Ёанна Бім

nationalinterestby.net