Камуністы за “ураўнілаўку”. Пра элітарнасьць адукацыі і ня толькі…

Міністар адукацыі, камуніст Ігар Карпенка сьцьвярджае, што ў школе не павінна быць элітарнасьці, хвалячы сыстэму, што склалася ў СССР. Трэба мабыць нагадаць шаноўнаму абаронцу “найлепшага ладу ў сьвеце”, што ў СССР, у школах ствараліся вядучыя клясы, у якія зьбіраліся лепшыя вучні і яны мелі мажлівасьць удасканальваць свае веды на значна вышэйшым узроўні чым астатнія.

Сама практыка не прымае “ураўнілаўкі”, якой нас ужо 100 год кормяць бальшавікі. Можа час нарэшце зразумець, што грамадзтва, незалежна ад формы кіраваньня гэта ўсё ж піраміда, а не раўніны пустыні.

Бальшавікі і камуністы сарамліва хавалі свае элітарныя перавагі перад звычайнымі масамі працоўных: спецмагазіны, уладкаваньне “па блату” і іншае. Але сутнасьць у тым, што збурыць іерархічнасьць немажліва, яна закладзена ў прынцыпе ўстойлівасьці сыстэмы. Пытаньне толькі, што ёсьць крытэрам сацыяльнага ліфту.

Бальшавікі ізноў прапануюць нам гульню ў “кошкі-мышкі”, тыпу: “у нас все равны”, а па-за сцэнай арганізуюць спэцыяльныя мажлівасьці для абраных. Можа варта ўрэшце перайсьці да празрыстых правілаў і празрыстай гульні.

Эліта патрэбная кожнаму грамадзтву пры кожным ладзе, і нам патрэбная адукаваная і шляхэтная эліта, а не патомкі старшыняў камітэтаў Камуністычнай партыі.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net