Актывізацыя прапаганды “рускага сьвету” вымусіла незалежніцкія арганізацыі Віцебшчыны зьвярнуцца да ўладаў

У заяве, накіраванай у Віцебскі аблвыканкам, упраўленьне КДБ па Віцебскай вобласьці і ўпраўленьне ўнутраных спраў, шэраг незалежніцкіх арганізацыяў выказалі пратэст супраць актыўнай дзейнасьці прапагандыстаў “рускага сьвету” на тэрыторыі вобласьці.

Сябры Віцебскай гарадзкой Рады Партыі БНФ, Віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП, Аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Руху “За свабоду” пратэстуюць супраць умяшаньня “прарасейскіх марыянэткавых арганізацый і фінансаванай расейцамі агентуры ў грамадзкае жыцьцё вобласьці”.

“Мы асуджаем і адкідаем любую прапаганду так званага “русского мира”, “единого русского народа”, нязгодныя з наяўнасьцю “притеснения русскоязычного населения и русского языка”, аб чым кажуць расейскія ідэалягічныя структуры і падкантрольныя ім СМІ”, – гаворыцца ў заяве.

Заяўнікі асудзілі ўдзел некаторых чальцоў дэмакратычных партыяў і рухаў у віцебскім сходзе прапагандыста “рускага сьвету” Арцёма Агафонава. Маецца на ўвазе мерапрыемства, якое, пад выглядам “круглага стала” на тэму «Дэмакратыя і правы чалавека на Беларусі», прайшло ў абласным цэнтры ў чэрвені 2017 году.

Асаблівае зьдзіўленьне ў аўтараў заявы выклікаў удзел у гэтым мерапрыемстве намесьніка начальніка ўпраўленьня ідэалёгіі і па працы з моладзьдзю Віцебскага аблвыканкаму Валерыя Марчанкі.

“Калі Валеры Марчанка ведаў, куды ідзе, то паўстае пытаньне: як так атрымліваецца, што дзяржаўны службовец абласнога маштабу ўдзельнічае ў мерапрыемстве, якое ладзіцца незарэгістраванай арганізацыяй (арт. 193.1 КК РБ) і мае да таго ж антыдзяржаўную скіраванасьць”, – пытаюцца заяўнікі.

У звароце пералічваюцца таксама іншыя мерапрыемствы і зьявы, якія, на думку прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў, ёсьць прыкладам умяшаньня суседняй дзяржавы ў грамадзкае жыцьцё рэгіёну. Сярод іх – міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Духовные основы славянского мира” (праходзіць у межах “Ірынінскіх чытаньняў”), умацаваньне “рускага духу”  ў моладзевых лягерах для беларускіх дзетак інструктарамі з Расеі, грамадзянская ініцыятыва «Гражданское согласие» ды іншыя.

Як мяркуюць заяўнікі, антыбеларускія дзеі адбываюцца пры поўным патураньні з боку ўладаў і на фоне дэмагагічных заяў дзяржслужбоўцаў пра абарону нацыянальнага сувэрэнітэту, нацыянальнай культуры і больш шырокае выкарыстаньне беларускай мовы. Гэтую дэмагогію беларускіх чыноўнікаў выкарыстоўваюць у Расеі для распальваньня гістэрычнай кампаніі аб “адраджэньні беларускага нацыяналізму” і “прыгнёце расейскамоўнага насельніцтва”.

Гэта пры тым, што ў Віцебскай вобласьці “не зьяўляюцца клясы і школы зь беларускай мовай навучаньня, адсутнічаюць беларускамоўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, а беларуская мова не выкарыстоўваецца ў працы дзяржаўных органаў, культурных, камэрцыйных і навуковых установаў”.

Віцебская Вясна“ / narodny.org

nationalinterestby.net